
Мілая дзяўчына, што так шчыра ўсміхнулася ў аб’ектыў фотакамеры, – Аліна БЕЛАУС. Яна – выкладчык Дорскага філіяла Івянецкай дзіцячай школы мастацтваў.
Як і большасць музыкантаў, гэта творчая асоба ўспрымае навакольны свет праз зачараванне гукаў. Такіх людзей называюць мультыінструменталістамі. І, сапраўды, Аліна цудоўна іграе на фартэпіяна, сінтэзатары, гавайскай гітары, ксілафоне. Нават асвоіла кітайскі інструмент калімбу. Да таго ж умее і любіць спяваць. Хоць спрабавала сябе ў якасці ўдзельніцы вакальных і інструментальных гуртоў, аддае перавагу педагагічнай дзейнасці – дзеліцца ўсім, што ўмее, з дзецьмі. Бясконца любіць сваіх вучняў, падчас урокаў стараецца не толькі заахвоціць іх спецыяльнымі ведамі, але і развіць у кожным пачуццё прыгожага. Яе мара – стварэнне ўласнага цэнтра эстэтычнага развіцця, дзе на занятках юнаму пакаленню будуць тлумачыць простую праўду жыцця: свет існуе, пакуль у ім ёсць месца творчасці і самавызначэнню. Пажадаем ёй поспеху!

Абаяльнасць інструктара па турызме фізкультурна-аздараўленчага цэнтра Крысціны СІЛІНАЙ літаральна заварожвае. А прафесіяналізм і кампетэнтнасць выпускніцы факультэта “Турызм і гасціннасць” Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта фізічнай культуры выклікаюць павагу.
Каб адпавядаць спецыяльнасці, былая вучаніца гімназіі № 1 г. Валожына яшчэ ў студэнцтве, так бы мовіць, налягала на профільныя дысцыпліны – геаграфію, эканоміку, замежную мову. У яе і хобі – быццам частка прафесійнай дзейнасці. У першую чаргу – падарожжы. Пакуль, як лічыць сама, спіс наведаных краін не вялікі (пабывала ў краінах-суседках, Германіі, Чэхіі), але ж якія яе гады? Другое, не менш важнае захапленне – паходы (пешыя, лыжныя ці на байдарках). Галоўнай жа каштоўнасцю юная ўраджэнка вёскі Рачаняты лічыць сям’ю, моцна любіць і паважае бацькоў, брата і ўсіх сваіх родных. Да таго ж яна верыць у дружбу і сама ўмее сябраваць. Напярэдадні жаночага свята Крысціна дасылае віншаванні зямлячкам розных пакаленняў і дзеліцца ўпэўненасцю: “Жыхаркі Валожыншчыны – самыя разумныя і прыгожыя ў свеце!”

Лізавета БОРЫС свядома выбрала спецыяльнасць юрыста. Перад намі супрацоўнік раённага аддзела Следчага камітэта.
23 лютага споўніўся год, як маладая прыгажуня прыступіла да выканання няпростых задач, што стаяць перад прадстаўнікамі службы ў іх напружанай рабоце. Колькі сябе помніць, дзяўчына была ўпэўнена ў тым, што адзіны правільны для яе шлях – шлях праваахоўніка. Аднак імкненне да, здавалася б, суровай прафесіі ніколькі не замінала рэалізоўвацца ў творчасці, адчуваць сябе жаноцкай. З натхненнем займалася танцамі. Не абдзелена талентам мастака, і, хоць ніколі наўмысна не развівала ўменне маляваць, не-не ды і ўвасобіць на паперы якуюсьці з навеяных фантазіяй карцінку. Спорту ў яе жыцці таксама знайшлося месца. Асабліва блізкае сяброўства склалася з лёгкай атлетыкай. Лізавета – цудоўны субяседнік, уважлівы і ўдумлівы. Яе меркаванні па-сапраўднаму дарослыя, хоць узрост і дазваляе пэўную легкадумнасць, канешне, у свабодны ад службовых абавязкаў час. Жаночае свята сімпатычны, усмешлівы следчы паважае, але ўпэўнена: аднаго дня не дастаткова. Роўнасць роўнасцю, а так хочацца адчуваць сябе асобай, дзеля якой прадстаўнікі супрацьлеглага полу гатовы на выключна прыгожы ўчынак.
Тэксты і фота Валянціны КРАЎНЕВІЧ



