16 сакавіка сваё прафесійнае свята і 85-гадовы юбілей службы адзначалі праваахоўнікі, якія ў нашай краіне вядуць барацьбу з эканамічнымі злачынствамі, а таксама супрацьдзейнічаюць карупцыі. Сёння падобны кірунак работы – у кампетэнцыі спецыяльных падраздзяленняў, правобразам якіх можна лічыць створаныя ў СССР у 1937 годзе аддзелы па барацьбе з крадзяжамі сацыялістычнай маёмасці.
У святочны дзень мы сустрэліся са старшым оперупаўнаважаным групы па барацьбе з эканамічнымі злачынствамі Валожынскага РАУС Мацвеем КАПУСТАМ, які падчас нядаўняй урачыстасці з нагоды Дня беларускай міліцыі адзначаны падзякай старшыні райвыканкама.
Мацвей Алегавіч – выпускнік Акадэміі МУС Рэспублікі Беларусь, дзе скончыў факультэт міліцыі па спецыяльнасці “Аператыўна-вышуковая дзейнасць. Эканамічнае права”, мае кваліфікацыю юрыста з ведамі эканомікі. У райаддзеле служыць пяць гадоў. Спецыфічную работу, да якой прыступіў адразу ж пасля размеркавання, лічыць складанай, але цікавай, бо ў адрозненне ад крымінальнага вышуку, дзе аператыўнікі дзейнічаюць “ад злачынства”, у аддзелах па барацьбе з эканамічнай злачыннасцю, звычайна даводзіцца ісці “да злачынства”, адшукваючы яго па малазаўважаных прыкметах. Магчыма таму яшчэ ў савецкі час людзі, асабліва службовыя асобы, баяліся абрэвіятуры АБКСС (па-руску – ОБХСС), а зараз спалучэння літар АБЭЗ (па руску – ОБЭП).
Гэта служба патрабуе ад супрацоўнікаў высокай адукаванасці, моцнага ітэлекту і шырокай дасведчанасці адносна дзейнасці самых розных сфер грамадства. Злачынцы, з якімі даводзіцца мець справу, часцей за ўсё граматныя, кваліфікаваныя і вельмі хітрыя махляры. У паядынках з імі капітану Капусту і яго калегам з кожным днём становіцца цяжэй даказваць вядомы пастулат “Усё тайнае абавязкова будзе яўным”.
Крадзяжы шляхам злоўжывання службовымі паўнамоцтвамі, растраты, хабарніцтва, а таксама незаконны абарот кантрафактнай прадукцыі… Ва ўсё гэта даводзіцца ўнікаць маладому чалавеку з надзвычай інтэлігентнымі манерамі і прыгожай літаратурнай мовай. Напэўна, ён з такімі данымі мог бы рэалізавацца як добры эканаміст ці юрыст, але, паколькі з дзяцінства марыў унесці свой асабісты ўклад у барацьбу са злом, службай у райаддзеле ўнутраных спраў даражыць, лічыць яе сваім прызваннем.
Барацьба з карупцыяй і эканамічнымі злачынствамі даволі рэдка дае хуткі вынік. Іх раскрыццю папярэднічаюць аператыўна-вышуковыя мерапрыемствы, пастаянны кантроль за дзяржаўнымі прадпрыемствамі і арганізацыямі раёна, расходаваннем бюджэтных сродкаў ва ўсіх сферах. Вялікае значэнне надаецца прафілактыцы.
У мінулым годзе групай па барацьбе з эканамічнымі злачынствамі Валожынскага РАУС раскрыты 11 злачынстваў, здзейсненых 15-ю асобамі, з іх 2 – цяжкія, 1 – карупцыйнае, 6 – супраць інтарэсаў службы. Складзены 17 пратаколаў аб адміністрацыйных правапушэннях, адабраны 10691 кг лому чорных і каляровых металаў, прадухены ўрон дзяржаве і грамадскім інтарэсам на суму 17289 руб.
Паспяховы малады капітан і ў асабістым жыцці. Яго сям’я, створаная нядаўна, шчаслівая, магчыма, яшчэ і таму, што адукацыя і работа пары ў значнай ступені спалучаюцца: жонка Алена працуе галоўным дзяржаўным інспектарам аддзела кантролю раённай падатковай інспекцыі. Маладыя людзі і на рабоце, і дома глядзяць, як кажуць, у адзін бок. Абое любяць кіно і серыялы, асабліва дэтэктыўнага жанру. Вось толькі старшы оперупаўнаважаны літаральна з першай серыі звычайна беспамылкова вылічвае зламысніка – яго работа патрабуе не толькі розуму, уважлівасці, але і ўмення думаць творча. Прыемна таксама, што ў маладой сям’і павагай карыстаецца наша выданне. Канешне, самым цікавым для Мацвея Алегавіча з’яўляецца рубрыка “Тэлефон міліцыі”.
Валянціна КРАЎНЕВІЧ,
фота аўтара



