Па выніках працы за мінулы год, згодна з рашэннем райвыканкама, на раённую Дошку гонару будзе занесена фота закройшчыка РКБА Алены КУШАЛЬ.
У арганізацыю Алена Чаславаўна прыйшла ў 1986 годзе. За дзесяцігоддзі плённай працы гэты спецыяліст усё даказала і сабе, і людзям. Таму сёння – сярод самых паважаных прафесіяналаў Валожыншчыны. Адукацыя і вопыт дазваляюць ёй стварыць любы прадмет адзення, як кажуць, з нуля. Пры жаданні да спакойнай, вытрыманай жанчыны з цудоўным адчуваннем стылю можна прыйсці і без уласнай задумы. Яна напрактыкаваным позіркам літаральна з першых хвілін знаёмства ацэніць асаблівасці постаці і з улікам узросту і рыс твару кліента прапануе аптымальную мадэль, а яшчэ абавязкова дасць параду адносна якасці і колеру тканіны.
Тонкі псіхолаг, Алена Чаславаўна добра разумее, каму можна штосьці дыктаваць, а хто абавязкова будзе настойваць на сваім. Гатова з павагай ставіцца да любых меркаванняў, нават калі іх не падзяляе. Дарэчы, лічыць: валожынцы ў цэлым валодаюць добрым густам і ўмеюць нядрэнна камплектаваць адзенне. Сярод мясцовых модніц шмат крэатыўных асоб, якія за зусім невялікія грошы ўмеюць набыць досыць цікавыя рэчы, а затым прыйсці ў РКБА, дзе залатыя рукі любімага майстра ператвораць іх у сапраўдныя шэдэўры. Апошнім часам валожынцы ўсё часцей карыстаюцца індпашывам. Што тычыцца ўласнага гардэробу жанчыны, якая бясспрэчна надае вялікую ўвагу кожнаму свайму вобразу, то ён на 90% складаецца з яе аўтарскіх твораў.



