Адрес:

222357, г. Воложин, пл. Свободы, 2

Телефон приемной:

+375 (1772) 5-55-72

Режим работы:

с 8.30 до 13.00 и с 14.00 до 17.30 по будням

горячая линия: +375 (1772) 5-55-72

Камунальнікам работы хапае

28.03.2022

Сфера, у якой ніколі не заканчваецца работа, – гэта, безумоўна, жыллёва-камунальная гаспадарка. У любую пару года супрацоўнікі арганізацыі абавязаны забяспечваць парадак і чысціню, сачыць, каб у кватэрах панавала цяпло, а па вуліцах населеных пунктаў можна было праехаць і прайсці без перашкод.

 Насычаным для РУП “Валожынскі жылкамунгас” выдаўся як мінулы год, так і тры месяцы бягучага. Асаблівым выпрабаваннем можна лічыць зімовы перыяд. Па словах дырэктара арганізацыі Міхаіла Унучака, даволі складана ўзгадаць больш напружаны сезон. Умовы надвор’я ў спалучэнні з каранавіруснай інфекцыяй па-сапраўднаму выпрабавалі калектыў валожынскіх камунальнікаў на трываласць. Сёння, калі ў разгары ўжо вясеннія клопаты, можна з упэўненасцю сцвярджаць: не проста справіліся, а з годнасцю вытрымалі суровы іспыт.

Сярод асноўных планавых работ, праведзеных у 2021 годзе, – замена катлоў у Гародзькаўскай, Сакаўшчынскай, Сівіцкай школах, замена амаль 10 км сетак цеплазабеспячэння, рамонт вулічна-дарожнай сеткі ў райцэнтры (вуліцы Леніна, Чапаева), Івянцы (вуліцы 17 верасня, Маладзёжная, Букштуновіча, Калініна, Юбілейная), капітальны рамонт дома № 4 па вуліцы Партызанскай у Валожыне, дамоў №№ 4 і 6 па вуліцы Леніна ў Івянцы і мноства іншых работ.

Міхаіл Міхайлавіч адзначыў: толькі дзякуючы зладжанай рабоце калектыву, члены якога ў асноўным па шмат гадоў аддана шчыруюць у камунальнай гаспадарцы, удаецца мэтанакіравана і планамерна выконваць кожны пункт абавязковага плана. Няпроста выдзеліць кагосьці і назваць лепшым у камандзе, дзе кожны займаецца сваёй справай, аднак кіраўнік прадпрыемства адзначыў, што ёсць людзі, якіх літаральна кожны назаве незаменнымі. Гэта вадзіцель аўтагрэйдара Сяргей Бандарык, вадзіцель лесавоза Рыгор Астраух, майстар цеплавой гаспадаркі Андрэй Жамоздзік, наглядчык за могілкамі Аксана Субач і многія іншыя. Заслужанай павагай калег карыстаюцца як старэйшыя супрацоўнікі, так і тыя, хто працуе ў жылкамунгасе не вельмі даўно. Сярод самых вопытных работнікаў прадпрыемства – начальнік планава-эканамічнага аддзела Людміла Клімовіч. Маладое ж пакаленне з гонарам прадстаўляюць разумныя і працавітыя эканаміст Наталля Лобан і майстар цеплавой гаспадаркі Марыя Коваль.

Да канца бягучага года камунальнікі плануюць перакласці 3% ад усёй працягласці сетак цеплазабеспячэння (1,9 км), увесці ў эксплуатацыю 6,3 тыс. кв. м жылля пасля капрамонту (Валожын, Івянец, Ракаў), пастаянна сачыць за станам вуліц, сквераў і двароў.

Са зменай сезонаў у  гэтай арганізацыі работы не памяншаецца. Таму пажадаем кожнаму, ад каго залежыць наш камфорт, здароўя і годнай аплаты працы.

На фота: Марыя МУРАВІНСКАЯ, Леанід САДОЎСКІ, Віктар ЗЯНЬКО, Святлана НАКВАС, Наталля ЛОБАН, Міхаіл УНУЧАК, Жанна МАРЧУК, Мікалай ЛЕСЮКОЎ, Рыта ШАРКО і Людміла КЛІМОВІЧ.

Задайте вопрос