Адрес:

222357, г. Воложин, пл. Свободы, 2

Телефон приемной:

+375 (1772) 5-55-72

Режим работы:

с 8.30 до 13.00 и с 14.00 до 17.30 по будням

горячая линия: +375 (1772) 5-55-72

Не бойцеся рызыкаваць

28.03.2022

Кожны год у пачатку чэрвеня ў Беларускай дзяржаўнай сельскагаспадарчай акадэміі, што ў Горках, праходзяць сустрэчы выпускнікоў. У гэтыя дні на алеях акадэмічнага парку можна сустрэць выпускнікоў розных гадоў амаль з усіх куточкаў Беларусі і нават з розных краін, але найбольш прыязджаюць тыя, што адпрацавалі першы год і яшчэ нядаўна былі студэнтамі нашай навучальнай установы.

Спадзяёмся, што ў родную альма-матар завітае і Юлія РАМАНОЎСКАЯ – выпускніца 2020 года, якая зараз працуе галоўным эканамістам у ААТ “Валожынскі льнокамбінат”.

Мы вырашылі пацікавіцца ў маладога спецыяліста пра выбар прафесіі і пачатак працоўнага шляху.

–  Юлія Юр’еўна, раскажыце пра сябе.

–  Нарадзілася і вырасла ў горадзе Барысаве, дзе вучылася спачатку ў сярэдняй школе № 7, а потым у ліцэі з матэматычным ухілам. Мая матуля Зоя Іванаўна падтрымлівала мяне ва ўсіх справах і пачынаннях, заўсёды хацела, каб я абавязкова атрымала вышэйшую адукацыю.

–  Чаму Вы вырашылі звязаць лёс з акадэміяй?

–  Многія ведаюць, як складана выбраць прафесію на ўсё жыццё. У свой час мая матуля хацела вучыцца ў акадэміі і параіла мне паступіць менавіта сюды. У старэйшых класах вырашыла стаць бухгалтарам ці эканамістам. Але калі прыехала ў акадэмію, даведалася пра спецыяльнасць “маркетынг” і паступіла на факультэт бізнесу і права. Сёння з упэўненасцю магу сказаць, што зрабіла правільны выбар.

–  Як прайшлі студэнцкія гады?

– Чатыры гады вучобы праляцелі як адзін дзень. Лекцыі, семінары, практычныя заняткі, экзамены, залікі… Вучыцца было вельмі цікава. Хачу падзякаваць усім выкладчыкам кафедры маркетынгу за глыбокія веды, асабліва кіраўніку дыпломнай работы дацэнту Паўлу Браніслававічу Любецкаму. Акрамя заняткаў, наведвала навуковы гурток “Маркетолаг”, займалася даследчай працай, пісала навуковыя артыкулы. На 3-м і 4-м курсах займалася ў студэнцкай навуковай лабараторыі маркетынгавых даследаванняў. На занятках у лабараторыі вучыліся прымяняць атрыманыя тэарэтычныя веды на практыцы. Хачу адзначыць, што заўсёды побач з намі, студэнтамі, была куратар групы Святлана Іванаўна Арцёменка – падтрымлівала, дапамагала, як кажуць, і словам, і справай.

Разам з сяброўкамі з маёй групы я прымала ўдзел у праграме “Эрасмус+” па міжнародным абмене студэнтамі паміж універсітэтамі. Гэта дало мне магчымасць з’ездзіць на вучобу ў Польшчу, дзе мы вучыліся на англійскай мове, а таксама вандравалі па Еўропе, наведалі Германію і Францыю.

Як чалавек творчы адразу ўлілася ў культурнае жыццё акадэміі: малявала і спрабавала пісаць вершы, удзельнічала ў конкурсах і нават аднойчы перамагла. З дзяцінства ў мяне ёсць хобі – танцы. З першых дзён вучобы займалася танцамі ў Палацы культуры акадэміі, наведвала студыю сучаснага танца “SkyFall” пад кіраўніцтвам Святланы Фрэйдзінай. Наш калектыў удзельнічаў у розных конкурсах і мерапрыемствах. На мой погляд, студэнты акадэміі маюць шырокія магчымасці арганізаваць свой вольны час і творча развівацца: працуюць мастацкія калектывы і спартыўныя секцыі на любы густ.

–  Скажыце, калі ласка, як патрапілі на працу ў Валожынскі раён? Як Вас прынялі ў працоўным калектыве?

– У Валожынскі раён прыехала па размеркаванні. Скажу шчыра: ніколі не магла ўявіць, што мне, маладому спецыялісту, прапануюць такую сур’ёзную пасаду – галоўны эканаміст. Вядома, вельмі хвалявалася, бо было мала вопыту. Калектыў ільнокамбіната прыняў добра і падтрымаў. Забяспечылі жыллём – прадпрыемства цалкам пакрывае расходы за пражыванне ў інтэрнаце сельгасліцэя. Ёсць да каго звярнуцца за парадай. Удзячная дырэктару Аляксандру Мікалаевічу Барадзе, бухгалтарам Ядвізе Тадэвушаўне Дзямко, Ніне Уладзіміраўне Шупік, Анжэле Вячаславаўне Машарыпавай, галоўнаму аграному Аляксею Аляксеевічу Федаровічу.

– Што Вы можаце параіць выпускнікам сярэдніх школ, якія стаяць на парозе новага жыцця?

–  Калі скончыла школу, многія мае сябры і аднакласнікі выбіралі не прафесію, а горад Мінск, мінскія ВНУ, нягледзячы нават на тое, што ў іх не хапала балаў і была магчымасць вучыцца толькі на платным аддзяленні. Я ж заўсёды разумела, што самае галоўнае – прафесіяналізм. А для гэтага трэба шмат працаваць, добра вучыцца, імкнуцца да ведаў. Менавіта акадэмія дала мне веды, навучыла думаць, разважаць, працаваць, ставіць мэты і абавязкова дасягаць іх.

Хачу пажадаць выпускнікам поспехаў у вучобе, выдатных вынікаў на ЦТ. Шаноўныя выпускнікі, не бойцеся рызыкаваць, смела ідзіце да сваёй мары!

Гутарыла Святлана ДАБІЖЫ,

старшы выкладчык кафедры лінгвістычных дысцыплін Беларускай дзяржаўнай сельскагаспадарчай акадэміі

Задайте вопрос