Адрес:

222357, г. Воложин, пл. Свободы, 2

Телефон приемной:

+375 (1772) 5-55-72

Режим работы:

с 8.30 до 13.00 и с 14.00 до 17.30 по будням

горячая линия: +375 (1772) 5-55-72

Праграма адаптацыі ў дзеянні

05.04.2022

Упраўленне па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама, згодна з пастановай Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь ад 2 лютага 2009 г. № 128 (у рэд. ад 28.04.2010 № 640) “Аб зацвярджэнні Палажэння аб парадку фінансавання і кампенсацыі выдаткаў на стварэнне і захаванне працоўных месцаў для інвалідаў і Палажэння аб парадку арганізацыі і фінансавання мерапрыемстваў па адаптацыі інвалідаў да працоўнай дзейнасці”, аказвае садзейнічанне беспрацоўным грамадзянам, што зарэгістраваны ва ўстаноўленым парадку, маюць інваліднасць і якім, згодна з індывідуальнай праграмай рэабілітацыі, сфарміраванай медыка-рэабілітацыйнай экспертнай камісіяй, паказана працаўладкаванне па названай спецыяльнасці і адаптацыя да працоўнай дзейнасці. Для гэтага неабходна звярнуцца ва ўпраўленне і зарэгістравацца ў якасці беспрацоўнага. Такой магчымасцю скарыстаўся ўжо не адзін чалавек. Сярод іх Дзмітрый ПЯТРОВІЧ.

У сваім маладым узросце Дзмітрыю Пятровічу прыйшлося пераадолець нямала цяжкасцей, але гэта не зрабіла яго чэрствым, абыякавым, а на жыццёвай дарозе заўсёды сустракаліся спагадлівыя, добразычлівыя людзі.

Ужо два гады малады чалавек – спецыяліст па сацыяльнай рабоце філіяла “Турыстычны інфармацыйны і рэкрэацыйны цэнтр” тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва, дзейнасць якога накіравана на развіццё безбар’ернага турызму і ўзмацненне магчымасцей для прадастаўлення сацыяльных і рэкрэацыйных паслуг, а таксама на стварэнне ўмоў, якія спрыяюць падтрыманню актыўнага жыцця інвалідаў, грамадзян пажылога ўзросту, шматдзетных сем’яў і іншых катэгорый грамадзян. Граматны спецыяліст у любы момант гатовы прадаставіць усю неабходную інфармацыю. Глядзіш на гэтага прывабнага, разумнага, жыццярадаснага маладога чалавека і не верыцца, што яму прыйшлося прайсці такі нялёгкі шлях, поўны болю і пакут.

Адразу пасля нараджэння Дзмітрыю паставілі несуцяшальны дыягназ, ён мае безтэрміновую II групу інваліднасці. Ён сам і яго бацькі прыклалі шмат намаганняў, каб палегчыць наступствы хваробы. Кожны год і не па адным разе ён праходзіў лячэнне ў бальніцы і профільных санаторыях. Зразумела, што пры такім становішчы наведваць школу было складана. Таму няпоўную сярэднюю адукацыю ён атрымліваў на доме. Навучанне ў 10-11 класах мэтанакіраваны юнак праходзіў у гімназіі № 1 г. Валожына. Нягледзячы на хваробу, вялікае жаданне вучыцца прывяло Дзмітрыя ў Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт, дзе той закончыў гістарычны факультэт і атрымаў спецыяльнасць выкладчыка гісторыі і сацыяльна-гуманітарных навук.

Дзве складаныя аперацыі на лазерную карэкцыю сухажылляў на нагах далі выдатны вынік, хадзіць стала значна лягчэй, але колькі болю прыйшлося перажыць. Абодва разы, можна сказаць, вучыўся хадзіць нанова. На тое, каб пераадолець пакой ад адной сцяны да іншай, патрабавалася больш за 10 хвілін. Паступова балючыя адчуванні памяншаліся.

Пасля заканчэння ўніверсітэта Дзмітрый Віктаравіч уладкаваўся на працу ў Мінску, але абвастрэнне хваробы прымусіла ў хуткім часе звольніцца. Малады чалавек вярнуўся ў Валожын. І, калі болі прайшлі, зарэгістраваўся ў органах па працы, занятасці і сацыяльнай абароне ў якасці беспрацоўнага.

Скора Дзмітрыю, згодна з Палажэннем аб парадку арганізацыі і фінансавання мерапрыемстваў па адаптацыі інвалідаў да працоўнай дзейнасці, было прапанавана прайсці адаптацыю ў якасці спецыяліста па сацыяльнай рабоце турыстычнага, інфармацыйнага і рэкрэацыйнага цэнтра. На працягу першага года ён набываў новыя і ўдасканальваў атрыманыя ва ўніверсітэце прафесійныя веды, уменні і навыкі. За гэты час добра асвоіў прафесію, навучыўся разбірацца ва ўсіх нюансах, таму на наступны год быў прыняты на пастаянную работу.

Малады чалавек любіць справу, якой займаецца. Ён з задавальненнем распавядае пра паслугі, якія аказвае цэнтр, у сацыяльных сетках, папаўняе інфармацыю аб ім у інтэрнэце, стварыў гугл-карту, каб людзі, што карыстаюцца навігатарам, маглі лёгка дабрацца, шукае і завязвае сяброўства з групамі, якія маюць турыстычную накіраванасць і прапануе ім супрацоўніцтва.

Дзмітрый Віктаравіч расказвае, што ў цэнтры створаны ўсе ўмовы для камфортнага знаходжання тут людзей з абмежаванымі магчымасцямі: абсталявана адаптыўнае асяроддзе, ёсць дзве спальні на 20 месцаў, канферэнц-зала, кухня з усім неабходным для самастойнага пражывання. Арганізаваны пракат спартыўнага і турыстычнага інвентару, прапануюцца экскурсійныя паслугі. Для арганізацыі вольнага часу праводзяцца заняткі па інтарэсах. Прыемна, што ўсе, хто скарыстаўся паслугамі, пакідаюць толькі станоўчыя водгукі, а ў гэтым ёсць і яго заслуга.

Анжэла РАДЫНА

Задайте вопрос