Адрес:

222357, г. Воложин, пл. Свободы, 2

Телефон приемной:

+375 (1772) 5-55-72

Режим работы:

с 8.30 до 13.00 и с 14.00 до 17.30 по будням

горячая линия: +375 (1772) 5-55-72

Калі задаволена душа…

06.04.2022

Леанарда і Сяргей БЛЕДНЫЯ сустрэліся на Крайняй Поўначы ў маі 1992 года. Яна – беларуска, родам са Смаргонскага раёна. Ён – украінец з Днепрапятроўскай вобласці. Моладзь з усіх куткоў вялікай краіны СССР тады ехала на будоўлю ў далёкія краі. Там стваралі сем’і, якія ў большасці на новай зямлі і пускалі свае карані…

Сяргей Васільевіч працаваў вадзіцелем, а Леанарда Чаславаўна – кладаўшчыком у “ГАЗПРАМе”. Спыніўся падвезці, ды так і не адпусціў – стала яна спадарожніцай на ўсё жыццё.

– Амаль трыццаць пяць гадоў мы пражылі ў Цюменскай вобласці Ямала-Нянецкай аўтаномнай акругі, – расказвае Леанарда Чаславаўна. – Там такая прыгажосць, сасновыя лясы, чыстае паветра, маразы да 45-50 градусаў! А калі слупок тэрмометра апускаецца яшчэ ніжэй – да 54, можна ўбачыць паўночнае ззянне. У рацэ водзіцца шмат рыбы. Памятаю, 1 Мая мароз за 30, наўкола снег, а мы ідзём на дэманстрацыю. І раптам праз некалькі дзён можа рэзка надысці цяпло плюс 20-25 градусаў. Тры пары года: вясна, лета і восень там умяшчаюцца ў тры летнія месяцы, усе астатнія – зіма. Нягледзячы на гэта, у лесе паспяваюць чарніцы, брусніцы, журавіны. А вось градак няма – зеляніну вырошчваюць на падаконніку.

Насяляюць мясцовасць людзі розных нацыянальнасцей. За дзесяцігоддзі здружыліся паміж сабой: ні развал Савецкага Саюза, ні іншыя падзеі і катаклізмы не паўплывалі на адносіны. Да таго ж атрымалі расійскія пашпарты і сталі адным народам – грамадзянамі Расіі.

На заслужаны адпачынак Л. Ч. Бледная пайшла ў 50 гадоў. Вось тады і паўстала пытанне: заставацца на Поўначы ці ўсё-такі вяртацца да каранёў – зямля ўзяла верх. “У родныя мясціны прыязджала кожны год, – працягвае Леанарда Чаславаўна. – Тут адпачывала душой: нашы людзі – добрыя, гасцінныя, з адкрытым сэрцам. За апошні час Беларусь так ператварылася: столькі новабудоўляў, наўкола чысціня і парадак. Еду ў машыне, бачу дамы – і вачэй не магу адарваць!”

…Восем гадоў таму сям’я расіян Бледных набыла старэнькую хату ў вёсцы Замасцяны – з выбарам дапамог пляменнік Аляксандр, якому цётка Алена (менавіта так завуць яе ў радні) бязмерна ўдзячна. Ён “кіраваў” і далейшымі работамі па пераўвасабленні і добраўпарадкаванні. Бо муж гаспадыні яшчэ заставаўся працаваць на Поўначы да выхаду на пенсію. Можна сказаць, што да яго прыезду на пастаяннае месцажыхарства (у маі мінулага года) ад колішняга дома застаўся толькі фундамент – усё астатняе набыло новы сучасны выгляд. “Мая душа зараз займела спакой – я вярнулася дадому: тут сваякі, сёстры, магілы бацькоў – да маленькай радзімы 20 хвілін язды. Дом, агарод, кветкі, побач рэчка, возера. Мужу вельмі падабаецца – ён рыбак і паляўнічы. Нездарма заўсёды казала: дзе нарадзіўся, там і спатрэбіўся”, – задаволена ўсміхаецца расіянка-беларуска.

Алена ЗАЛЕСКАЯ

Задайте вопрос