Адрес:

222357, г. Воложин, пл. Свободы, 2

Телефон приемной:

+375 (1772) 5-55-72

Режим работы:

с 8.30 до 13.00 и с 14.00 до 17.30 по будням

горячая линия: +375 (1772) 5-55-72

Ліквідацыя, ці Абавязак выкананы

26.04.2022

Да Міжнароднага дня памяці аб Чарнобыльскай катастрофе

26 красавіка 1986 года на чацвёртым энергаблоку Чарнобыльскай атамнай станцыі (тады Украінская ССР у складзе СССР) адбылася аварыя,

якая ўвайшла ў гісторыю чалавецтва як адна з буйнейшых тэхнагенных катастроф.

У выніку выбуху на ЧАЭС тэрыторыя на дзясяткі кіламетраў вакол аказалася забруджана радыенуклідамі звыш дапушчальных значэнняў. З саюзнага сельскагаспадарчага абароту было выведзена каля 5 млн гектараў зямель, вакол станцыі створана зона адчужэння.

Для Беларусі наступствы аварыі аказаліся найбольш цяжкімі. На тэрыторыю рэспублікі прыпала 70% усяго радыеактыўнага забруджвання. На землях з узроўнем забруджання цэзіем-137 звыш 36 кБк/кв. км апынуліся каля 2 млн 100 тыс. чалавек (25% насельніцтва рэспублікі).

Страты Беларусі ад аварыі склалі 235 млрд долараў ЗША. З усіх галін беларускай эканомікі найбольшыя страты панесла сельская гаспадарка. 1866 тыс. га сельскагаспадарчых зямель падвергліся радыеактыўнаму забруджванню шчыльнасцю звыш 1 Кu/км2. У выніку з сельскагаспадарчага звароту давялося вывесці 264 тыс. га зямель. Спынілі сваё існаванне 54 калгасы і саўгасы.

Ліквідатары – тэрмін, якім у краінах былога СССР называюць звыш 880 тысяч чалавек, якія ўдзельнічалі ў аперацыях па нармалізацыі абстаноўкі на забруджаных радыяцыяй тэрыторыях пасля катастрофы на Чарнобыльскай АЭС. Ад Беларусі ў 30-кіламетровай зоне, адкуль адсялілі жыхароў, працавалі звыш 16 тыс. чалавек. Менавіта яны, ліквідатары, што тушылі пажар, абаранялі станцыю, вывозілі людзей з зоны, і ёсць самыя праўдзівыя сведкі чарнобыльскіх падзей. Яны ж з’яўляюцца і тымі, хто найбольш пацярпеў ад наступстваў аварыі.

Каб яшчэ раз аддаць даніну павагі перажыўшым няпростую камандзіроўку ў зону, мы звярнуліся з просьбай успомніць падзеі зараз ужо далёкага 1986 года былога супрацоўніка РАУС, ліквідатара ЧАЭС Георгія Іванавіча Рубацкага.

 На парозе прыгожага дома, што ў вёсцы Чэхаўшчына, мяне сустракаюць Георгій Іванавіч і яго жонка Алена Фёдараўна – знешне чымсьці няўлоўна падобныя, добразычлівыя, гаваркія. Гаспадар адразу папярэджвае: пасведчанне ліквідатара мае ён, аднак яго палавіна пацярпела не менш, бо ў час чарнобыльскай аварыі ў сям’і гадаваліся трое сыноў, а самаму малодшаму яшчэ не споўнілася і двух годзікаў. Менавіта на плечы маладой маці лёг клопат пра дзяцей, які ўскладняўся страшнымі перажываннямі за мужа і бацьку.

26 красавіка супрацоўнік дзяжурнай часці РАУС, як звычайна, быў на службе, аднак ні ў той дзень, ні ў наступныя тры паведамленняў адносна аварыі не паступала. Але літаральна да канца тыдня ў зону сталі накіроўваць праваахоўнікаў. Першымі ліквідатарамі Валожынскага РАУС сталі прадстаўнікі ДАІ.

Георгію Іванавічу паведамленне аб накіраванні ў няпростую камандзіроўку прыйшло ў лістападзе. У сям’і інфармацыю ўспрынялі неадназначна. Першым памкненнем маладой маці было: дабівацца, каб мужа вызвалілі ад падобнага абавязку. Дарэчы, гэта было магчыма. Аднак яны, параіўшыся і прыслухаўшыся да ўласнага сумлення, успомнілі біблейскі выраз: “Рабі, што павінен, і будзе тое, што павінна быць”, паступілі інакш. Супрацоўнікі міліцыі мянялі адзін аднога, незважаючы на розныя акалічнасці. Георгію Іванавічу неабходна было змяніць калегу Міхаіла Таўгяня, і ён палічыў немагчымым глядзець у вочы таварышам, прапусціўшы сваю чаргу. Алена Фёдараўна, і сама чалавек справядлівы, з павагай ставілася да пазіцыі мужа, таму дала згоду. Хто ведае, магчыма такое рашэнне прымалася б цяжэй, калі б у той час людзі здагадваліся, што ж такое радыяцыя і якія наступствы для здароўя яна нясе.

Задача праваахоўнікаў у зоне была зразумелай: не даць марадзёрам рабаваць забруджаную маёмасць і развозіць небяспечны груз па ўсёй краіне. Аднойчы, напрыклад, затрымалі аматара лёкай нажывы, які хацеў пераправіць па-за калючы дрот цэлую лазню, якую разабраў на чыёйсьці пакінутай сядзібе. Большасцю ж нядобрасумленныя людзі, пранікаючы ў зону, сваёй мэтай бачылі магазіны, у якіх мелася шмат, у тым ліку і харчовых тавараў.

 Іх атрад базіраваўся ў Цешкаўшчынскай школе (Нараўлянскі раён). На КПП стаялі вагончыкі. Сістэма наступная: абышоў свой участак, праверыў, ці ўсё ў парадку, і хавайся ў памяшканне. Дазіметры ўзору 1942 года не дасканалыя, аднак нават яны дэманструюць высокія лічбы, калі ж замеры праводзіліся японскай тэхнікай, паказчыкі павялічваліся ў 10 разоў.

Пост “Прыпяць”. 5 кіламетраў ад калючага дроту. Рэактар станцыі яшчэ не закрыты саркафагам, таму выкіды ідуць бесперапынна. Восень. Густы туман, з ім на зямлю, дрэвы, пабудовы і на людзей асядае радыеактыўны ёд. У роце суха, непрыемна, а пальцы жоўтыя, быццам іх спецыяльна намазалі ёдным растворам…

Пра ўздзеянне радыеактыўных выпраменьванняў на арганізм ведалі да крыўднага мала. Магчыма таму дапускалася шмат памылак. Праўда, Георгій Іванавіч, які трапіў у зону не адразу пасля выбуху, расказвае, што за сем месяцаў ужо быў назапашаны пэўны вопыт, і ліквідатарам даваліся дакладныя інструкцыі. Ён, чалавек у форме, прывык без разважанняў выконваць загады, странна прытрымліваўся правіл – куды не трэба, не лез, што забаранялася, не еў. Упэўнены: дзякуючы гэтаму і вярнуўся адносна здаровым. Але ж куды яна дзенецца, тая радыяцыя? У час выбуху на многія кіламетры ў розныя бакі ад станцыі разляцеліся кавалкі радыеактыўных рэчываў, і здагадацца, які з камянёў, што ляжыць побач з табой, выпраменьвае смерць, было немагчыма.   

Амаль адразу пасля месячнай камандзіроўкі той вопыт стаў праяўляцца захворваннямі апорна-рухальнага апарата, сардэчна-сасудзістай і крывятворнай сістэм, праблемамі з зубамі… Многіх таварышаў, якія, як  і старшы сяржант міліцыі Рубацкі, пабывалі ў зоне, даўно няма ў жывых, іншыя маюць розныя ступені інваліднасці…

Вярнуўшыся дадому, ліквідатары праходзілі абследаванне ў НДІ радыяцыйнай медыцыны, многія доўга лячыліся. І сёння яны стаяць на спецыяльным уліку ў паліклініцы. Аднак страчанага здароўя не вернеш. Гергій Іванавіч не крыўдуе. Так склалася. Аварыя – жудасны выпадак, і з яе наступствамі неабходна было змагацца любой цаной.

У 2016 годзе, калі адзначалася 30-годдзе чарнобыльскай трагедыі, некаторыя ліквідатары былі запрошаны на прыём да пасла Рэспублікі Кітай. Сярод іх разам з таварышамі Уладзімірам Мачульскім і Уладзімірам Сцерахавым быў і Георгій Іванавіч Рубацкі. Падчас мерапрыемства шмат гаварылася пра заслугі тых, хто цаной уласнага здароўя змагаўся з наступствамі катастрофы. А вось ён, герой нашага аповеду, ніякіх асаблівых заслуг сабе не прыпісвае. Маўляў, паступіў загад, а яго неабходна выконваць.

Сёння муж і жонка Рубацкія вядуць жыццё звычайных пенсіянераў. Дарэчы, разам яны з дзяцінства. Ён – з Пруднікаў, яна –  з Жураўцаў. У Валожынскай школе-інтэрнаце аказаліся па розных прычынах:  бацька хлопчыка хварэў на туберкулёз, а дзяўчынцы са слабым здароўем было цяжка хадзіць у школу пешшу. У 9 класе Алена, так бы мовіць, узялася “падцягнуць” юнака па гісторыі. З той пары і доўжыцца прыгожы і трывалы “раман”. Іх шлюбу ўжо 46 гадоў. Дзеці выраслі, ёсць нявесткі, унукі… Страшнае гора – страта старэйшага сына – яшчэ больш згуртавала сям’ю, дзе ўсе трымаюцца адзін за аднаго. Алена Фёдараўна, педагог з вялікім стажам, толькі тры гады як не працуе. Яна, таксама як і муж, ні на хвіліну не забывае падзеі 1986 года, якія літаральна ўварваліся ў іх лёсы. Пра многія нюансы асобнай старонкі біяграфіі мужа расказвае больш пераканаўча, чым сам ліквідатар. Георгій Іванавіч жа ўпэўнены: толькі дзякуючы ёй, сваёй вернай сяброўцы, яе бясконцаму клопату аб ім, нягледзячы на пэўныя праблемы, ён па-ранейшаму бадзёры і поўны жыцця. У дзень 36-гадавіны чарнобыльскай аварыі Георгій Іванавіч перадае таварышам-ліквідатарам пажаданні здароўя, міру і дабрабыту. Той, хто ў свой час знайшоў у сабе сілы, каб унесці асабісты ўклад у агульную вялікую справу, шчыра спадзяецца, што падобных драм чалавецтва не дапусціць.

Валянціна КРАЎНЕВІЧ

Фота з сямейнага альбома Рубацкіх

Задайте вопрос