Так сцвярджае юная жыхарка вёскі Кіявец, вучаніца 5 класа Івянецкай школы Марыя БАЗАРНОВА.
Маша ў свае 12 гадоў – надзвычай дарослы, самадастатковы чалавек з добра акрэсленымі поглядамі, мэтамі, планамі. Яна – адна з пяці дзяцей у сям’і праваслаўнага святара айца Аляксандра і матушкі Вольгі, якія даволі рана заўважылі рознабаковыя таленты старэйшай дачкі і ўсёй душой падтрымліваюць яе ў імкненні да самарэалізацыі.
Дзіву даешся, дзе гэта дзяўчынка знаходзіць на ўсё час і адкуль чэрпае сілы. Яна і ў школе мастацтваў займаецца (іграе на цымбалах), і ў конна-гістарычным клубе актыўнічае. Але галоўнае яе захапленне, якое абавязкова плануе зрабіць складальнікам будучай прафесіі, – клопат пра хатніх гадаванцаў, якіх пры матэрыяльнай падтрымцы бацькоў развяла ў доме. Толькі ўявіце: яна ўзяла на сябе адказнасць аж больш за 100 жывых істот! Лічба недакладная, бо добра палічыць усіх яе “галоў” складана. Некаторыя моцна дробныя, а размнажаюцца хутка.
Давайце знаёміцца. Вось сама гаспадыня. Прыгажуня з касой, выдатніца і працаўніца, строгі выхавацель двух братоў і двух сястрычак.
А вось яе заапарк: сабака Тобік, кацяняты Дуся, Мурзік, Барсік і Брыкет, трус Мышаня львінагаловай пароды, папугай Рычы (парода карэла); вавёркі дэгу з мянушкамі Ізюм і Крош, тры марскія свінкі (адна разетчатая і дзве гладкашэрсныя), дзве сухапутныя чарапахі, два хамякі-джунгарыкі, а яшчэ мадагаскарскія тараканы, кіўсякі афрыканскія гігас і смаўжы ахаціна.
Пра кожнага свайго гадаванца дзяўчынка можа расказваць гадзінамі. Яна, як кажуць, глыбока ў тэме. Ды і ўвогуле, ведае шмат цікавага пра фаўну нашай планеты.
Спадзяёмся, матэнакіраваная асоба абавязкова стане вядомым заолагам ці ветэрынарным урачом і годна рэалізуе свой немалы вопыт у будучай адказнай, але цікавай працы. Бо гэта вялікае шчасце, калі хобі і работа – адно цэлае.
Валянціна КРАЎНЕВІЧ,
фота аўтара



