У адпаведнасці з Прэзідэнскім указам з лютага па май у краіне праходзіць чарговая прызыўная кампанія. У панядзелак, 25 красавіка, пачалася адпраўка новага папаўнення ў рэгулярныя часці беларускай арміі. Злучэнні і воінскія часці Узброеных Сіл, іншыя войскі і воінскія фарміраванні паступова папаўняюцца навабранцамі.
Штодзень на працягу тыдня прызыўнікі тэрміновай службы прыбывалі на зборны пункт раёна. У сераду сюды завіталі Ілля Варабей з вёскі Выганічы, Мікіта Юрынок з аграгарадка Ракаў, Леанід Каспяровіч з Івянца і Ягор Тулько з вёскі Канюшаўшчына. Усе яны сёлета атрымалі сярэднюю спецыяльную адукацыю: Мікіта і Ягор скончылі Мінскі дзяржаўны прафесійна-тэхнічны каледж чыгуначнага транспарту імя Я. П. Юшкевіча, Ілля – аўтамеханічны каледж імя акадэміка М. С. Высоцкага, Леанід – каледж мантажных і пад’ёмна-транспартных работ. Хлопцы настроены аптымістычна, з з энтузіязмам глядзяць у будучыню, упэўнены, што кожны малады чалавек абавязаны прайсці службу ў арміі – выканаць ганаровы і свяшчэнны абавязак перад сваёй Айчынай. Іх не палохаюць нялёгкія армейскія будні. Юнакі гатовы да службы ў арміі і лічаць, што там правераць свае сілы, набудуць новыя веды і навыкі, знойдуць надзейных сяброў.
Начальнік адасобленай групы (Валожынскага раёна) ваеннага камісарыята Маладзечанскага і Валожынскага раёнаў Юрый Вітальевіч Нахай правёў інструктаж і выказаў навабранцам словы найлепшых пажаданняў. Ён адзначыў, што служба ў войску стане для кожнага з іх каштоўным вопытам, і з арміі хлопцы вернуцца больш адказнымі, смелымі, упэўненымі ў сабе, фізічна моцнымі – адным словам, сапраўднымі мужчынамі.
З Валожына юнакі ўсе разам адправіліся на абласны зборны пункт, адкуль былі накіраваны да месцаў службы. Ягор вярнуўся ў Валожынскі раён, у воінскую часць 01266, што размяшчаецца ў вёсцы Кіявец, а Ілля, Мікіта і Леанід паехалі ў Смаргонь у воінскую часць 2044.
На 27 красавіка 27 маладых людзей з Валожынскага раёна пасля праходжання медыцынскай камісіі былі прызнаны годнымі да тэрміновай службы, але 12-ць з іх прынялі ўсвядомленае рашэнне служыць па кантракце.
Наогул, служба ў арміі з кожным годам становіцца ўсё больш прэстыжнай, і многія маладыя людзі па ўласным жаданні імкнуцца прайсці баявую падрыхтоўку ва Узброеных Сілах Рэспублікі Беларусь.
Анжэла РАДЫНА,
фота аўтара



