Адрес:

222357, г. Воложин, пл. Свободы, 2

Телефон приемной:

+375 (1772) 5-55-72

Режим работы:

с 8.30 до 13.00 и с 14.00 до 17.30 по будням

горячая линия: +375 (1772) 5-55-72

Свята – прафесійнае, чытачы – патэнцыяльныя

05.05.2022

Адзначаючы Дзень друку, мы, супрацоўнікі раённай газеты, заўсёды стараемся сустракацца з цікавымі людзьмі – ветэранамі рэдакцыі, нашымі паважанымі чытачамі, прадстаўнікамі партнёрскіх арганізацый. На гэты раз прафесійнае свята вырашылі сустракаць у кампаніі з юным пакаленнем Валожыншчыны, так бы мовіць, чытачамі патэнцыяльнымі. Таму напярэдадні запрасілі ў госці вучняў 7 “Б” класа гімназіі № 1 г. Валожына.

Хлопчыкі і дзяўчынкі ў суправаджэнні намесніка дырэктара Таццяны Уладзіміраўны Чэрнік з радасцю завіталі ў наш невялікі творчы калектыў. Для кожнага з іх экскурсія ў рэдакцыю была першай у жыцці. Мы расказалі ім усё, што самі ведаем пра ўстанову, якая існуе і выпускае ў свет раённую газету амаль 83 гады.

Падчас экскурсіі па рабочых кабінетах наведвальнікі пазнаёміліся з абавязкамі загадчыка аддзела рэкламы. Менавіта сюды часцей за ўсё заходзяць жыхары раёна, каб атрымаць платную паслугу – павіншаваць родных з юбілеем, выказаць камусьці спачуванне, падаць аб’яву ці прарэкламаваць паслугі. Многіх зацікавіў кабінет, дзе спецыялісты займаюцца камп’ютарнай вёрсткай газетных старонак ці размяшчэннем інфармацыі на сайце газеты. Гімназісты былі здзіўлены, што ў рэдакцыі ёсць уласная бухгалтэрыя, і што выпуск газеты – справа не толькі творчая, а сапраўдная вытворчасць, у якой маецца і фінансавы бок. Кабінет, дзе адбываецца запіс радыёперадач, таксама прыцягнуў увагу гасцей. Іх уразіла, што перадачы плануе, падбірае для іх матэрыял, запісвае, рыхтуе да выхаду ў эфір адзін чалавек.

Рабочыя інструменты журналіста: дыктафон, фотаапарат, блакнот і кампьютар, якія экскурсанты ўбачылі ў кабінеце аўтара гэтых радкоў, – рэчы зразумелыя кожнаму. Аднак юныя наведвальнікі прызналіся: крыху інакш уяўлялі працэс і, асабліва, тэрміны падрыхтоўкі артыкулаў. Ім здавалася, быццам стварэнне публікацый расцягваецца на тыдні. А вось такі рэжым: сёння да палудня інтэрв’ю, пасля – напісанне, а заўтра – у друк (матэрыялаў можа быць і некалькі), падаўся ім досыць напружаным.

Пасля пазнавальнай вандроўкі па рабочых кабінетах супрацоўнікаў адбылося знаёмства з кіраўніком установы. Дарэчы, Вераніка Загорская – 12-ы кіраўнік “Працоўнай славы”. У яе кабінеце госці змаглі задаць пытанні і атрымаць на іх грунтоўныя адказы. У сваю чаргу, мы папярэдзілі гасцей, каб яны запаміналі пачутае, бо падрыхтавалі невялікую віктарыну. За правільныя адказы самыя ўважлівыя атрымалі прызы – канцылярскія тавары з лагатыпам газеты. Высветлілася: хлопчыкі і дзяўчынкі інфармацыю ўспрынялі добра. Яны запомнілі і тое, што рэдакцыя размяшчаецца ў будынку былой аранжарэі, якая ўваходзіць у палацавы комплекс графа Тышкевіча, і тое, што спачатку газета мела назву “Іскра”, а першы яе нумар выйшаў у свет у кастрычніку 1939 года і інш.

У перадсвяточны дзень ад юных наведвальнікаў калектыў “Працоўнай славы” атрымаў падарунак – шыкоўны сшытак з вокладкай ручной работы, створанай самімі візіцёрамі падчас заняткаў па інтарэсах пад кіраўніцтвам Наталлі Леанідаўны Кузаўлёвай. Сімвал журналісцкай працы рэдактару ўручыла Таццяна Чэрнік.

Надзея ПУПА:

– Мне вельмі спадабалася экскурсія. Я ніколі не здагадвалася, што газету робяць літаральна некалькі чалавек. Мне здавалася, што за выданнем, якое выходзіць двойчы на тыдзень, стаіць вялікая каманда. Работа журналіста мяне проста заварожвае. Гэта ж так ціква ўсюды бываць, ва ўсім разбірацца, усё ведаць! Прыемна, што ў Дзень друку моцна заняты калектыў запрасіў у госці менавіта нас. Дзякуй вялікі! Творчых поспехаў!

Данііл РЫНКЕВІЧ:

– Я шчыра ўдзячны Таццяне Уладзіміраўне за тое, што яна дамовілася з рэдакцыяй адносна нашага візіту. Мне здаецца, у супрацоўнікаў газеты самая творчая работа сярод працоўных калектываў нашага горада. Паколькі захапляюся тэхнікай, звярнуў увагу на тэхнічны бок вытворчасці друкаванага выдання. Усё было цікава. Віншаванне калектыву з прафесійным святам!

Валянціна КРАЎНЕВІЧ,
фота аўтара

Задайте вопрос