У Валожыне на базе інфармацыйна-рэкрэацыйнага цэнтра пры ТЦСАН у рамках праекта “Развіццё экалагічнага турызму для садзейнічання зялёнаму пераходу да інклюзіўнага і ўстойлівага росту” прайшоў 2-дзённы семінар-трэнінг па стварэнні экатурыстычных кластараў і турпрадуктаў на іх аснове.
Мэта праекта ПРААН, які рэалізуецца Міністэрствам прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Рэспублікі Беларусь пры фінансавай падтрымцы Расійскай Федэрацыі, – садзейнічанне развіццю экатурызму на ахоўных тэрыторыях, умацаванне трансгранічнага супрацоўніцтва. Сёння ў фокусе праекта чатыры беларускія заказнікі – “Асвейскі”, “Чырвоны бор”, “Азёры” і “Налібоцкі”. У семінары прынялі ўдзел дзве дэлегацыі – Валожынская і Гродзенская. У складзе кожнай – навукоўцы, кіраўнікі заказнікаў, гаспадары аграсядзіб, супрацоўнікі музеяў, фізкультурна-аздараўленчых комплексаў і іншых структур, якія прадастаўляюць турыстычныя і асветніцкія паслугі.
З мэтай стварэння экатурыстычнага кластара вакол ДПУ “Рэспубліканскі ландшафтны заказнік “Налібоцкі”, абмеркаванні мадэлі будучага супрацоўніцтва былі запрошаны выконваючы абавязкі дырэктара прыродаахоўнай установы Сяргей Тумель, начальнік геастанцыі БДУ “Заходняя Бярэзіна” Сяргей Глінскі, інструктар па турызме фізкультурна-аздараўленчага цэнтра Хрысціна Сіліна, гаспадары аграсядзіб Анатолій Ганец (“Ганка”), Ларыса Мытнік (“Раўнавага”), Васіль Шакун (“Налібоцкія васількі”), Марыя Галабурда (“Elagma”), Дзмітрый Наканечны (“За масточкам”).
У пачатку сустрэчы ўдзельнікаў семінара вітала тематычны каардынатар праекта Ганна Паравая. Затым дырэктар тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва Галіна Рай рассказала пра ўстанову, якая стала пляцоўкай для правядзення семінара, а таксама пра рэалізацыю праекта “Валожын без бар’ераў” на тэрыторыі раёна. Пад кіраўніцтвам дацэнта факультэта міжнародных адносін БДУ, кіраўніка экспертнай группы праекта Валерыі Кліцуновай і прафесійнага трэнера ў галіне сельскага турызму, кансультанта праекта Дар’і Пукас прысутныя склалі дзве карты патэнцыяльных удзельнікаў кластараў “Азёры” і “Налібоцкі”.
Згодна з праграмай семінара-трэнінга яго ўдзельнікам прадставілі прэзентацыю “Уражанне як самастойны турпрадукт”. Прысутныя ў групах працавалі над SWOT-аналізам кожнай тэрыторыі, прэзентавалі вынік работы, абменьваліся ідэямі, абмяркоўвалі іх і стваралі планы будучага супрацоўніцтва ў рамках кластараў.



