25 лепшых работнікаў паштовай галіны з ўсёй краіны занесены на рэспубліканскую Дошку гонару РУП “Белпошта”. Прадстаўнікоў Міншчыны там трое. Сярод іх – жыхарка вёскі Бабровічы, паштальён мотадастаўкі Валожынскага ўчастка паштовай сувязі Алена ШАРКО. Алена Анатольеўна – першы валожынскі спецыяліст, які заслужыў такога гонару.
У паштовую справу яна прыйшла ў 2009 годзе. Спачатку насіла пошту па Бабровічах і навакольных вёсках. З 2021 года давялося перавучвацца, каб працаваць з АПК “Мабільны паштальён”. Зараз абслугоўвае Івянецкую зону, а гэта больш за 50 населеных пунктаў. Выплата пенсій, дастаўка перыёдыкі, афармленне падпіскі, прыём камунальных плацяжоў, продаж прадуктаў і іншых тавараў… Сёння функцыянал паштовага работніка багаты і разнастайны. Аднак Алена Шарко настолькі дэталёва паглыбілася ў справу, што ў няпростых абавязках – нібы рыба ў вадзе.
Днямі кіраўнік Маладзечанскага рэгіянальнага вузла паштовай сувязі Людміла Шаўрэй, а таксама начальнік валожынскага ўчастка Святлана Лугіна разам з калегамі шчыра павіншавалі працавітую і адказную работніцу са значнай вяхой у яе жыцці. Ганарымся зямлячкай і мы, супрацоўнікі партнёрскай арганізацыі. Дарэчы, цікавы факт: на раённай Дошцы гонару сёння можна ўбачыць мужа Алены Анатольеўны – работніка СГУ “Бабровічы” Леаніда Канстанцінавіча Шарко. Мабыць, у іх гэта сямейнае.
Валянціна КРАЎНЕВІЧ



