Адрес:

222357, г. Воложин, пл. Свободы, 2

Телефон приемной:

+375 (1772) 5-55-72

Режим работы:

с 8.30 до 13.00 и с 14.00 до 17.30 по будням

горячая линия: +375 (1772) 5-55-72

×

Предупреждение

JUser: :_load: Не удалось загрузить пользователя с ID: 54

Перамога кожнага - радасць агульная

09.12.2016

Валожыншчына зноў сабрала ўдзельнікаў інклюзіўнага фестывалю “Асаблівы сусвет”. На гэты раз паказаць на галоўнай сцэне раёна свае таленты прыехалі госці са Стаўбцоўшчыны, Вілейшчыны, а таксама выхаванцы Івянецкага дома-інтэрната для дзяцей-інвалідаў з асаблівасцямі фізічнага развіцця, Чэхаўшчынскай дапаможнай школы-інтэрната. Найбольш канкурсантаў аказалася з Валожына: наведвальнікі дзённага аддзялення для маладых інвалідаў, навучэнцы гімназіі, карэкцыйнага цэнтра.

Місію арганізатара такога маштабнага мерапрыемства ўзяў на сябе тэрытарыяльны цэнтр сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва. Спонсарамі выступілі філіял ААТ “Белаграпрамбанк” у Валожыне, прыватныя прадпрыемствы “Белая кветка” і “Еўраколас”, УП “Мантажбудкамплект-Профіль”, індывідуальныя прапрымальнікі Андрэй Тадэўшавіч Бразінскі, Аліна Дзмітрыеўна Занямонец, Вольга Максімаўна Макоўская, РА БРСМ. Падтрымку на сцэне аказаў танцавальны ансамбль “Непаседы” (кіраўнік Н. П. Шыркова) з Цэнтра дзіцячай творчасці.

…Людзі з інваліднасцю гэтак жа як і ўсе, радуюцца добраму надвор’ю і перажываюць за сваіх блізкіх, імкнуцца мець сапраўдных сяброў і мараць аб каханні. Яны гэтак жа ўсміхаюцца і плачуць. Вось толькі болю ім даводзіцца цярпець больш ды кожны дзень сутыкацца з цяжкасцямі.

Фестываль “Асаблівы сусвет” акурат і адбываецца для таго, каб людзі з асаблівасцямі фізічнага развіцця адчулі сябе мацнейшымі, запатрабаванымі, цікавымі для іншых сваімі талентамі, уменнямі.

Адкрываючы конкурс-фестываль начальнік аддзела ідэалогіі, культуры і па справах моладзі В. М. Адамовіч сказаў: “Інклюзіўны падыход - этыка прыняцця інваліда ў грамадстве. Мы павінны не размяжоўвацца, а клапаціцца каб кожны чалавек, які прыйшоў у гэты свет, раскрыў свой патэнцыял і жыў сярод нас, як роўны…” Потым слова ўзяў айцец Дзмітрый. Ён нагадаў аб той увазе, якую дзяржава ўдзяляе і здаровым, і хворым, заклікаў прысутных быць міласэрнымі адно да аднаго: “Хто ведае што такое норма? Усе не могуць аднолькава думаць і разважаць, выконваць разумовую ці фізічную працу. Але мы роўныя перад Богам.”

Канцэртную праграму адкрылі наведвальнікі дзённага аддзялення для маладых інвалідаў і іх выхавацелі. Гледачы засталіся ў захапленні ад выступлення Уладзіслава Рэут, масавай сцэнічнай пастаноўкі з песнямі, танцамі, жартамі. Адчуваецца, што ў аддзяленні праводзіцца неймаверная работа. Наладзіць яе на высокім узроўні змагла загадчыца аддзялення, а па сумяшчальніцтву старшыня раённага аддзялення Беларускага Саюза маладых інвалідаў Л. У. Шчарбацэвіч. Яна і сама не цураецца выходзіць на сцэну разам са сваімі выхаванцамі, што таксама цалкам адпавядае інклюзійнаму праекту.

На фестывалі самай масавай аказалася намінацыя “Сцэнічнае майстэрства”. У ёй сіламі мераліся і івянчане, і валожынцы. Прадстаўлены былі не толькі ўстановы. Мама Алеся Міхайлаўна Міскевіч падрыхтавала нумар “Апошні пялёстак”, у якім выступілі яе сын, пераможца Міжнароднага літаратурнага конкурсу “Казка ў Навагоднюю ноч” Уладзіслаў Міскевіч, яго сястра і сяброўка. У танцавальным спаборніцтве таксама не абышлося без прыватнага падыходу: танец “Лялька” выканала гімназісткі Яна Зянько і Даша Міскевіч, кампазіцыю якога прадумала мама Настасся Міхайлаўна Зянько.

Найбольш журы давялося “папацець” пры ацэнцы вакалістаў. Сем удзельнікаў прадэманстравалі і артыстычны талент, і ўменне кранальна спяваць. Другое месца ў гэтым конкурсе падзялілі Уладзіслаў Рэут з Валожына і Яўген Баешка з Івянца. Перамога ж дасталася вучаніцы 2” Б” класа гімназіі Юліяне Вярыга. Тройку прызёраў замкнула выхаванка івянецкага дома-інтэрната Алена Лысенка.

Яшчэ адна дзяўчынка, навучэнка Валожынскай дзіцячай школы мастацтваў Ірына Кадырка, атрымала першае месца за ігру на цымбалах. Яе сапернікам быў цэлы аркестр з выхаванцаў Чэхаўшчынскай дапаможнай школы. Яны выступалі ў навагодніх касцюмах і так па-заліхвацку выканалі мелодыю, што зала доўга не адпускала іх са сцэны. Навагоднія матывы падтрымала і шоу мыльных пухіроў, якое адбылося перад “вердыктам” журы.

Напрыканцы фестывалю былі раздадзены падарункі ўсім удзельнікам. Але галоўнае, што кожны, хто пабываў на мерапрыемстве, пакінуў яго з радасцю ў сэрцы і ў добрым настроі.

Задайте вопрос