Па выніках работы за 2021 год лепшай установай культуры з занясеннем на раённую Дошку гонару названы Івянецкі музей традыцыйнай культуры – дырэктар Валянціна Тадэвушаўна АДАМОВІЧ.
Сакрэты поспеху
– Валянціна Тадэвушаўна, па-першае, падзяліцеся ўражаннямі ад прызнання Івянецкага музея лепшай установай культуры раёна?
– Лічу, што гэта заслужаная праца ўсяго калектыву і заслужаная ўвага да нашага музея, якому сёлета спаўняецца 65 гадоў. На працягу дзесяцігоддзяў мы робім усё, каб людзі прыйшлі да нас, а пайшлі адсюль са станоўчымі ўражаннямі, ведамі, з жаданнем прыехаць яшчэ раз і нават некаму распавесці пра тое, што ў Івянцы, у нейкай правінцыі ёсць музей, у якім цікава пабываць.
– Што Вы атрымліваеце ад сваёй працы?
– Спланаваўшы работу на год, зрабіўшы справаздачу, адразу пачынаем “круціць” у галаве: што вынайсці-адшукаць, змяніць у экспазіцыі, каго запрасіць – як павярнуць так, каб новы год быў яшчэ цікавейшы. І такая праца цікавая для кожнага з нас. Таму тыя, хто прыходзіць у музей, папрацаваўшы два-тры гады, у большасці і застаюцца. Гэта заўсёды сустрэчы, пошук і, безумоўна, задавальненне.
– Як адшукваеце новыя экспанаты – нешта такое, што Вас захапляе і тады ўражвае людзей?
– Сёння інтэрнэт трошкі дапамагае – ідэю, кірунак. Таксама прыходзяць людзі і прапануюць перадаць музею рэчы. Вось, напрыклад, летась да нас звярнулася сям’я з вёскі Літва (раней размяшчалася на тэрыторыі Івянецкага сельсавета). Бацькі пакінулі ім жыллё, і ўсё засталося так, як было пры савецкім часе: і штосы тканін на сукенкі, і сукенкі, якія матуля-настаўніца апранала, а сваякі жылі ў Літоўскай рэспубліцы – яны, дарэчы, захаваліся ў выдатным стане; і посуд; і мэбля. Мы гэта з удзячнасцю забралі – таму што, бяры і адразу рабі гатовую выставу.
– А для сённяшняга пакалення гэта цікава?
– Яно цікава і нам, і тым, хто прыходзіць да нас. Напрыклад, ужо некалькі гадоў спрабуем паказаць людзям, што маем у нашых фондах праз выставы ў музейным дворыку ўлетку. Вывешваем і тыя самыя сукенкі, дазваляем прымераць, зрабіць фотаздымкі – і ахвотнікаў нямала. А некаторыя, пабачыўшы такія “рарытэты”, узгадваюць: дык і ў мяне ж штосьці падобнае ёсць.
Таксама самі звяртаемся да людзей – хтосьці з цікаўнасцю адгукаецца, каб расказаць пра сваіх бацькоў, настаўнікаў. Як расказаць? На прадметах – праз фотаздымкі, рэчы. Безумоўна, ёсць і такія, што сцвярджаюць: маўляў, нічога не засталося. І вось сёння вельмі важна выхаваць у людзей памяць. Таму што музей – адзіная ўстанова, якая займаецца не толькі культурна-асветніцкай работай: наша асноўная задача – захаваць гісторыю і перадаваць яе наступным пакаленням.
– А ёсць такі экспанат, якім Вы ганарыцеся – разумееце, што гэта гістарычная спадчына і асаблівасць Івянеччыны?
– Вылучыць адзін экспанат немагчыма. Бо, напрыклад, бярэш ручнік. Памятаю, знайшлі яго ў адной вёсцы, калі самі ездзілі ў экспазіцыю. Чалавек так шкадаваў цалкам яго аддаваць (чатыры метры даўжынёй), што вырашыў разрэзаць напалову: адну частку нам падараваў, другую сабе пакінуў. Калі ты сам удзельнічаеш у зборы экспанатаў, іх апрацоўцы, памятаеш усё жыццё і пра чалавека, і пра тое, як яны дасталіся. Ці бярэш нейкі гліняны збан: у пачатку 90-х гадоў хадзілі па вёсках і з той самай Мазулеўшчыны, проста абвешаўшыся сумкамі, неслі гліняны посуд. Таму што тады яго было шмат і ім лёгка дзяліліся. Ці фотаздымкі, за якімі стаіць цэлая гісторыя людзей, мястэчка, краіны. Гэта ж найкаштоўнейшы скарб!
– Ведаю, што наведвальнікаў прыцягвае цэнтр рамёстваў?
– Так. У нас працуюць майстэрні ткацтва, ганчарства, кузня і разьба па дрэве. Дарэчы, першая майстэрня – ганчарня – была адкрыта ў 1998 годзе. Вось тады і пачалося адраджэнне рамёстваў, іх развіццё. Каб у людзей, якія прыязджаюць у музей, была магчымасць, як кажуць у нашым асяроддзі, не толькі сумную экскурсію паслухаць, але і паглядзець, як працуе майстар, самім сесці за ганчарны круг, за кросны ці нават стукнуць малаточкам па накавальні. Паверце, для гарадскога чалавека цікава, а і ў нейкім сэнсе важна самому стаць удзельнікам творчасці, адчуць гэта працэс.
– Што б Вы пажадалі ўсім працаўнікам Валожыншчыны?
– Кожны чалавек павінен працаваць і павінен быць задаволены вынікамі сваёй працы. А калі ён ідзе на работу з ахвотай і не адлічвае гадзіны да канца працоўнага дня, то гэта вялікага каштуе. Таму жадаю кожнаму знайсці сваё прызванне.
Гутарыла Алена ЗАЛЕСКАЯ
“Наша асноўная задача– захаваць гісторыю і перадаваць яе наступным пакаленням”
- Экспазіцыя музея складаецца з чатырох залаў-раздзелаў. “Гісторыка-этнаграфічны”, дзе змешчаны рэдкія фотаздымкі, дакументы, кнігі, прадметы канца XIX-пачатку XX стагоддзяў.
- У 1998 годзе створаны цэнтр рамёстваў, дзе дзейнічаюць майстэрні “Ткацтва”, “Ганчарства”, “Кузня”, “Майстэрня па мастацкай апрацоўцы драўніны”. Яны месцяцца на тэрыторыі сядзібна-паркавага комплексу (помнік эклектычнай архітэктуры пачатку ХХ стагоддзя). Тут жа працуе музейны аб`ект “Карчма” і музей местачковага побыту.
- Івянецкі музей традыцыйнай культуры – пераемнік мемарыяльнага музея Ф. Э. Дзяржынскага. Адкрыты для наведвальнікаў 11 верасня 1957 года. Месціцца ў двухпавярховым будынку, пабудаваным у 30-х гадах мінулага стагоддзя.
- “Кераміка. Традыцыі і сучаснасць”. Івянец называлі “сталіцай ганчарства”. Славу прынесла “паліваная” кераміка. Традыцыйны посуд, аздоблены “фляндроўкай”, – візітная картка гарпасёлка. Дзейнічае пастаянная выстава работ Апалінарыя Пупко – народнага майстра, разьбяра па дрэве, які пакінуў пасля сябе вялікую творчую спадчыну: скульптуры, рэльефныя пано, жывапісныя творы.
АЦЭНКА РАБОТА
– Дзейнасць Івянецкага музея традыцыйнай культуры накіравана на рэалізацыю мэт і задач дзяржаўнай палітыкі ў сферы культуры, выкананне мерапрыемстваў і дасягненне паказчыкаў Дзяржаўнай праграмы “Культура Беларусі” на 2021-2025 гады”. Праграмай устаноўлены мэтавы паказчык для музеяў – колькасць наведвання. Так, летась тут пабывалі 21950 чалавек (у 2020 годзе – 12298), ці 640 наведванняў пры плане 188. Значнае павелічэнне колькасці наведванняў дасягнута дзякуючы актывізацыі экспазіцыйна-выставачнай і культурна-адукацыйнай дзейнасці: у прыватнасці, праведзены 102 культурна-адукацыйныя мерапрыемствы (у 2020 г. – 44), 427 экскурсій (у 2020 г. – 186).
Вялікая ўвага надаецца арганізацыі часовых экспазіцый з уласных фондаў і фондаў іншых музеяў і ўстаноў. Так, 17 верасня 2021 года стартавала абласная музейная акцыя “У адзінстве – сіла!”, якая ажыццяўлялася праз створаную сумесна з Мінскім абласным краязнаўчым музеем часовую экспазіцыю “Ты з Заходняй, я – з Усходняй, нашай Беларусі…”. Экспанаванне гэтай выставы прайшло з 17 па 30 сакавіка бягучага года, дзе былі прадстаўлены копіі дакументаў, фотаздымкаў, газет і часопісаў 1921-1939 гадоў.
Для прыцягнення наведвальнікаў музей прымяняе новыя інтэрактыўныя формы работы: майстар-класы, выставы ў музейным дворыку, распрацоўваюцца праграмы для розных груп насельніцтва, віртуальныя туры і экскурсіі. У студзені сумесна з ТАА “Краіна Замкаў ТУР” арганізавалі незвычайны тур пад назвай “Каляды Ёсі Абрамовіча”, які пачынаўся ў Рубяжэвічах, а затым перамясціўся ў Івянец.
За мінулы год асноўны фонд музея павялічыўся на 1,2 працэнта і склаў 15965 музейных прадметаў. Асноўнай крыніцай камплектавання фондаў застаецца перадача прадметаў музейнага значэння ў дарунак.
Ірына ЖДАНЮК,
начальнік аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама



