
Акцыя з такой назвай мае статус сусветнай. Вечарына ў яе рамках прайшла ў краязнаўчым музеі ў Валожыне.

Супрацоўнікі ўстановы культуры ў чарговы раз пацвердзілі: рэсурсны патэнцыял фондаў, за якія яны адказваюць, дастатковы, каб адлюстраваць такую складаную тэму, як барацьба савецкага народа з фашысцкімі захопнікамі ў гады Вялікай Айчыннай вайны.

Асноўная нагрузка па падрыхтоўцы акцыі лягла на плечы спецыялістаў музейнай справы. Наталля Лоўчая, Ніна Бобрык, Алена Адашкевіч і Таццяна Васільева не толькі падрыхтавалі сцэнарый, аформілі святочную прастору, але і выступілі ў ролі вядучых і экскурсаводаў.


Год гістарычнай памяці натхніў арганізатараў на стварэнне і прэзентацыю інфармацыйна-выставачнай пляцоўкі “Іх лёсы вайна загартавала”, складзенай з мноства добра прадуманых эпізодаў.
Супрацоўнікі ўстановы, сустракаючы гасцей, перш-наперш запрашалі іх падняцца на другі паверх у выставачную залу, дзе разгарнулася выстава карцін і фотаработ “Вайна і лёсы”. Дарэчы, некаторыя творы былі спецыяльна дастаўлены ў Валожын з Нацыянальнага мастацкага музея.
Музычна-літаратурную старонку праграмы падрыхтавалі педагогі дзіцячай школы мастацтваў і ўдзельнікі літаратурна-мастацкага аб’яднання “Рунь”. Гледачы з натхненнм спявалі самыя вядомыя і любімыя песні ваенных часоў, слухалі выступленні паэтак Наталлі Жылевіч, Марыі Шакун, Галіны Гражынскай.



Не пакінулі прысутных раўнадушнымі і мультымедыйная прэзентацыя “Імя героя бессмяротна”, і падборка фотаздымкаў “Партрэт сям’і ў інтэр’еры часу”.
Для наведвальнікаў школьнага ўзросту была распрацавана гульня-квэст “Юныя разведчыкі”, праведзеная на свежым паветры. Падчас яе хлопчыкі і дзяўчынкі выконвалі цікавыя заданні, змагаючыся за перамогу. Кожны жадаючы мог паўдзельнічаць у майстар-класе “Кветкі Перамогі».
…Штосьці ў гэтым ёсць – прыйсці ў адзін з важнейшых гістарычных архітэктурных помнікаў нашага старажытнага горада напрыканцы дня. У праменях сонца, што садзіцца за гарызонт, палюбавацца на былы дом бургамістра, падняцца па прыступках, адчыніць дзверы і… акунуцца ў спецыфічную атмасферу, якая магчыма толькі там, дзе захоўваецца спадчына.
Хочацца адзначыць, што традыцыйнае мерапрыемства з кожным годам заваёўвае ўсё большую папулярнасць у жыхароў Валожына. Пенсіянеры і людзі сярэдняга ўзросту, моладзь і дзеці –у музей завіталі усе, хто цэніць і паважае гісторыю, хто імкнецца ведаць і помніць.
Валянціна КРАЎНЕВІЧ,
фота аўтара



