Адрес:

222357, г. Воложин, пл. Свободы, 2

Телефон приемной:

+375 (1772) 5-55-72

Режим работы:

с 8.30 до 13.00 и с 14.00 до 17.30 по будням

горячая линия: +375 (1772) 5-55-72

Пра лёс, час і маленькі сусвет

27.05.2022

Сапраўдная асалода, калі маеш магчымасць пагутарыць з чалавекам, чые погляды і каштоўнасці супадаюць з тваімі, якога шчыра паважаеш і ведаеш, што і ў іншых людзей ён выклікае тыя ж пачуцці.

Сёння па просьбе нашых чытачоў мы запрасілі ў рэдакцыйную гасцёўню дырэктара прадстаўніцтва Белдзяржстраху па Валожынскім раёне, шматдзетнага  бацьку, прыемнага суразмоўцу, асобу бязмежнай абаяльнасці, жыхара райцэнтра Сяргея БРАЖАЛОВІЧА.

 – Дзень добры, Сяргей Анатольевіч! Інтэрвью з Вамі – мая журналісцкая мара. Ажно не верыцца, што, нарэшце, маю магчымасць задаць даўняму знаёмаму некалькі пытанняў.

 –    Па сутнасці, я ніколі не быў супраць размовы ў фармаце “Сустрэчы па пятніцах”. Проста, сумняваюся, ці будзе мой светапогляд цікавым для шырокай грамадскасці.

 – Ну, вось паслухайце: паспяховы кіраўнік, добры сем’янін, прыгожы мужчына. Далей ужо можна не працягваць. Хто, калі не той, пра каго гэты пералік, можа прыцягваць да сябе погляды і думкі людзей?

 –   Што ж, угаварылі. Пытайцеся.

–  І спытаюся. Спачатку пра аптымізм. Мы знаёмы амаль два дзесяцігоддзі. Тэрмін! Не буду сыпаць ліслівымі кампліментамі наконт таго, быццам не мяняецеся. Мяняецеся. Аднак, вочы, як былі, так засталіся добрымі, меркаванні – пазітыўнымі. Скаргаў на жыццё не дазваляеце. Згодна з псіхалагічным тэстам са шклянкай (ці то напалову пустая, ці то – поўная), відавочна, Ваша заўсёды напалову поўная…

 –  Сапраўды бачу жыццё ў аптымістычным свеце. Напэўна, такім нарадзіўся. Гэты факт зусім не азначае, што за 42 гады не зведаў болю, крыўды і расчаравання. Зведаў. Аднак не жадаю паддавацца нудзе, суму і маркоце. Магчыма, так устроены, ці проста шанцуе на людзей, з якімі дзялю лёс. Быць пазітыўным – бясконцая праца над сабой. Я штораніцы настрайваюся на дабрадушнасць, літаральна пераконваю сябе заставацца памяркоўным, трымаць пад кантролем эмоцыі. Такі своеасаблівы трэнінг. Ён стаў часткай жыцця. І, ведаеце, працуе! Нават дапамагае быць у ладзе і з самім сабой, і з наваколлем.

 –    Мне спадабалася пра дабрадушнасць. Вось толькі, каб душа была добрай, чалавек павінен яе мець… Я ж калі-нікалі сумняваюся, што гэта тычыцца кожнага.

 –   Ды не. Усе з душой. Я б сказаў так: у чалавеку заўсёды ёсць чалавек, нават калі мы яго ў ім не бачым. Пытанне ў тым, як разгледзець, дастаць і прымусіць больш не маскіравацца.

–   З чалавекам у Вас хто працуе?

 –  Як хто? Жонка, дзеці, сябры, сваякі, калегі – цэлая каманда. Невядома, якім бы быў, каб не яна. Хачу запэўніць: у дзяцінстве меў усе шанцы пайсці па дрэннай сцежцы.

–   Дарэчы, мяне даўно цікавіць феномен: чаму дзеці, што гадуюцца прыкладна ў аднолькавых умовах (жывуць у звычайных сем’ях з падобным укладам, вучацца ў адной школе, маюць прыкладна аднолькавыя таленты і здольнасці), выбіраюць розныя жыццёвыя шляхі. Хтосьці – дэструктыўны, іншы – станоўчы. Як Вы свой выбар ажыццяўлялі?

–  Відаць, анёла-ахоўніка мою моцнага. Я ж не вельмі што аналізаваў. Зараз упэўнены: правільна зрабіў, калі пасля школы паступіў у ПТВ-208. Веды і навыкі, што там атрымаў, далі трывалы падмурак, натхнілі на далейшую вучобу. Ды і ў асабістым жыцці зусім не лішняе, калі мужчына мае ўяўленне аб электрыцы, можа слясарыць, вадзіць аўтамабіль, трактар… У Навапольскім тэхнікуме атрымаў дыплом юрыста. Першы працоўны вопыт набыў у калгасе імя Суворава. Адтуль трапіў у прадстаўніцтва Белдзяржстраху па Валожынскім раёне. Ужо працуючы страхавым агентам, скончыў ВНУ. Так склалася, што дзевяць гадоў узначальваю арганізацыю. Нічога надзвычайнага. Магчыма, мне шанцавала, бо кожная жыццёвая вяха дарыла сустрэчы з цудоўнымі людзьмі. Яны і падказвалі, куды накіроўвацца.

 –   Падказваюць многім… Пытанне: ці слухаюць?

–    Я слухаю. Самаўпэўненасць – не мой канёк. Рашэнні, безумоўна, – за мной. Заўважаю: людзі сталі вельмі імпульсіўнымі. Захацеў – тут жа зрабіў. А падумаць? Варушыць мазгамі часам вельмі карысна. І нельга ігнараваць думку іншых. Апошнія гады ўсё часцей гучаць заклікі ні на каго не звяртаць увагу. Маўляў, жыццё даецца адзін раз, таму – айда на рэалізацыю сваіх жаданняў! Я нават згодзен: чалавек мае права на ўсё, што не забараняецца законам. Але, перш чым настойваць на правах, давайце задумаемся: “А ці выканалі свае абавязкі?”

 –   Як жа падзяляю Вашу думку! Каб і маладыя, і сталыя ў паводзінах арыентаваліся на гэта пытанне, паўсюдна панаваў бы парадак. Асабліва ў сем’ях.

–   Так. А то ж спачатку бяздумна жэнняцца, затым гэтак жа бяздумна разводзяцца, бо жаданнямі не сышліся. А да дзяцей, што з’явіліся ў гэтым недарэчным саюзе, нікому няма справы. Ці, што тычыцца злоўжыванняў: “Я – хачу! І што будзе затым – не важна!”. Чалавек павінен умець кіраваць сабой! Асабіста я параіў бы – жанчынам, мужчынам, дзецям – як мага часцей націскаць на тормаз. Вось адказ на пытанне: “Чаму адзін трымаецца на плыні, а іншы – маргінал?” У кнізе “Прытчаў” маецца радок “Цярплівы – лепшы за воіна, а той, хто валодае сабой, – лепшы за заваявальніка горада…”

–   Для такой пазіцыі патрэбна сіла духу…

 –    Я – чалавек веруючы. Менавіта вера ў Бога дазваляе глядзець на самаабмежаванні не як на перашкоды, а як на шлях да святла. Яна дапамагае з удзячнасцю прымаць любую дапамогу, цаніць яе і самому падтрымліваць блізкіх, знаёмых і нават зусім незнаёмых.

–    Дапамога людзям… За ёй – высокароднасць. Але за ёй і рызыка. Бо, далёка не ўсе з удзячнасцю прымаюць дапамогу, цэняць яе. Ёсць людзі, якія любяць падсілкоўвацца чужой энергіяй. У выніку мы выступаем донарамі. Іншых падсілкоўваем, а самі чахнем. Ці не так?

 –  Адразу ўспомніліся словы Івана Будзько з тэлесерыяла “Сваты”: “Пайшоў крывапіўца на крывасмока!”. Не ведаю, як хто, а люблю дзяліцца сваёй энергіяй і эмоцыямі. Магчыма, крывадонар?

–    Каб мець з кім дзяліцца чымсьці, патрэбна сустрэць кагосьці. Раскажыце пра галоўную сустрэчу ў Вашым жыцці.

–   Справа была на дыскатэцы. Менавіта пад рытмічныя мелодыі 90-х адбылося знаёмства з прыгажуняй Аленай, будучай жонкай. Мы даволі працяглы час сустракаліся, а затым пажаніліся. Набытак сумесна пражытых гадоў – тры сыны і і дачка.

–   Як лічыце, у сям’і павінна быць роўнасць, ці “ад кожнага – па іх здольнасцях?

–   Ну якая ўраўнілаўка, калі мы ўсе розныя? У нас у кожнага свая роля, сваё, так бы мовіць, амплуа. Калі правесці аналогію з кіно, то галоўны сцэнарыст і рэжысёр – жонка. Я, мабыць, – прадзюсар, прасцей – заўгас. Роля Міхаіла – сур’ёзны малады мужчына, Павел – асоба-эмоцыя, Дзмітрый – чалавек-сябар, Ксюша – таямніца за сяммю пячаткамі.

–  Праблема сучаснасці: дзеці ў сем’ях не сябруюць між сабой. У чым справа?

–   Адназначна ў адсутнасці ў маці і таты бацькоўскага таленту, нежаданне надаваць увагу кожнаму дзіцяці, бачыць у ім асобу – унікальную і непаўторную. Спадзяюся, у нас усё атрымаецца, бо мы вельмі стараемся.

 –   Ведаю Вашу Алену. Разумею, чаму адвялі ёй ролю галоўнага арганізатара, але для чытачоў патлумачце.

 –  Яна – унікальная жанчына. Выключная гаспадыня, дабрэйшай душы чалавек. Хоць моцна занятая, не жадае жыць сумна і нам не дазваляе. Таму ў доме заўсёды весела. Нашы святы – сапраўды святы. Вось, напрыклад, на Новы год не толькі самі радуемся, але і іншых “штурхаем”. Падчас сёлетняй сустрэчы пераўвасабляўся ў Дзеда Мароза разоў дзесяць.

 –   У чым для Вас адпачынак?

 –   Ненадоўга застацца аднаму, памаўчаць, заняць рукі працай, падумаць пра жыццё, акрэсліць планы на будучы дзень.

 –   А як з успамінамі?

 –  Не паглыбляюся. Непрадукцыйна. Лічу, патрэбна думаць пра тое, на што можаш паўплываць.

 –   Бег часу не абцяжарвае адчуваннем не бясконцасці жыцця?

 –  Час – складаная філасофская катэгорыя. Я стараюся пра яго не думаць, хоць   і пастаянна сутыкаюся з яго недахопам. Разважаю так: часу не хапае, бо я не адзін. Каб быў адзін – хапала б. Толькі ў гэтым выпадку – навошта ён мне? Мае думкі звычайна скіраваны на вельмі практычныя рэчы. Часам магу паразважаць і пра не вельмі прыемнае, нават балючае. Гэта нармальна, чалавек павінен быць гатовым да самых страшных момантаў.  “Memento mori (памятай аб смерці)”, – казалі мудрацы старажытнасці і мелі рацыю.

 –   Сучасная моладзь, каб не растрачваць час і энергію на людзей, часта выбірае працу ў фармаце фрылансу, абыходзіцца без калег, працоўнага месца…

–   Я так ніколі б не працаваў. Мне патрэбен калектыў. І каб кожны работнік на сваім месцы – нібы вінцік добра адладжанага механізму, што працуе без скрыгату і лязгу: ціха, мірна, паступова. Каманда, якую ўзначальваю, менавіта так стараецца развівацца. Без людзей я не магу. Люблю іх, лічу цікавымі. І ў каго ж вучыцца, калі будзеш адзін?

 –  Сяргей Анатольевіч, у мяне ёсць знаёмы, які, вітаючыся, заўсёды пытае: “Ці добра жыць?”. Пераадрасоўваю пытанне Вам.

–   Добра жыць – добра.

–   Парайце мне і чытачам, як паспрабаваць дасягнуць падобнага ўзроўню.

–    Усё вельмі проста. Неабходна старанна, самаахваярна, не шкадуючы сіл ствараць маленькі сусвет – уласную сям’ю. Толькі ў коле родных магчыма захаваць сваю індывідуальнасць, рэалізаваць мары, дасягнуць вышынь, проста годна прайсці жыццёвы шлях.

Гутарыла Валянціна КРАЎНЕВІЧ