Адрес:

222357, г. Воложин, пл. Свободы, 2

Телефон приемной:

+375 (1772) 5-55-72

Режим работы:

с 8.30 до 13.00 и с 14.00 до 17.30 по будням

горячая линия: +375 (1772) 5-55-72

Тры нагоды для радасці і шчасця

31.05.2022

У першыя майскія дні ў дом Віталія і Алесі ЛОЎЧЫХ з Валожына прыйшло падвоенае шчасце – на свет з’явіліся двайняты. Сям’я адразу ж займела статус шматдзетнай і стала 582-й па ліку ў раёне і 168-й – у райцэнтры.

Як зазначыла гаспадыня сям’і, нараджэнне сына і дачушкі для іх з мужам вельмі радасная і доўгачаканая падзея.

– Мы планавалі, каб у нас было многа дзетак, – так і атрымалася, – расказвае шматдзетная матуля. – Першынцу Уладзіку ў жніўні ўжо споўніцца тры годзікі. Таму моцна марылі пра дзяўчынку, а разам з ёй Бог паслаў яшчэ і хлопчыка!

Аб тым, што ў іх будуць двайняты, урачы сказалі яшчэ на першым УЗІ-даследаванні. Маладых бацькоў такая навіна не надта здзівіла. Па Алесінай лініі ў яе роднай бабулі брат і сястра – двайняты. Да таго ж, сама Алеся са шматдзетнай сям’і – мае двух братоў, у Віталія ёсць сястра.

Імя будучым нашчадкам выбралі яшчэ да нараджэння: хлопчыка вырашылі назваць Іллёй, а дзяўчынку – Варварай.

– Сынок падобны на старэйшага сына, – кажа Алеся Іванаўна, – а вось з дачушкай пакуль не разабралася. Па характару абое спакойныя.

Чаго нельга сказаць пра Уладзіка – пестуна і ўсеагульнага любімчыка: у ім столькі гарэзлівасці і рухавасці, што нам ледзьве ўдалося хоць на адно на імгненне прыцягнуць яго ўвагу, каб сфатаграфаваць. Па словах бацькоў, як прывезлі немаўлятак з бальніцы, вялікай цікавасці да іх не праявіў, а зараз ужо разумее, што ў яго ёсць брацік і сястрычка.

– Будзем старацца выхоўваць нашых дзяцей так, каб яны выраслі харошымі людзьмі, – працягвае маладая жанчына. – А дзеля гэтага патрэбна, каб у сям’і было як мінімум двое дзяцей, бо адно дзіця, па маім меркаванні, расце разбалаваным, эгаістам. Калі ж іх больш, то кожны вучыцца ахвяроўваць, дзяліцца чымсьці, саступаць, сябраваць і любіць. Такія адносіны многаму навучаць і ў далейшым толькі дапамогуць уладкавацца ў жыцці.

 Сям’я Лоўчых пабудавала 1-пакаёвую кватэру ў Валожыне, але з павелічэннем колькасці членаў часова вымушана была пераехаць у дом да матулі мужа Віталія Валяр’янавіча, якая жыве ў вёсцы Брылькі. Зразумела, месціцца ўпяцярых “у аднушцы” цяпер вельмі складана. У будучым шматдзетныя бацькі разлічваюць на дапамогу дзяржавы і плануюць пабудаваць новае жыллё. А пакуль дапамога бабулі ім вельмі дарэчы, тым больш, што за Уладзікам, які з маленькага раптоўна ператварыўся ў старэйшага, патрэбна вельмі пільнае вока.

Пажадаем шчаслівым бацькам толькі ўцехі і радасці ў сваіх дзецях!

Алена ЗАЛЕСКАЯ

Фота Сяргея БОБРЫКА

Задайте вопрос