Клопат пра парадак на зямлі – справа кожнага жыхара рэгіёну, краіны, планеты. Аднак, як і ў любой справе, у гэтым кірунку існуюць спецыялісты, якія, прадстаўляючы шэраг службаў, на прафесійнай аснове ажыццяўляюць дзейнасць па захаванні прыроднага багацця.
Напярэдадні Дня аховы навакольнага асяроддзя і Міжнароднага дня эколага мы сустрэліся з галоўным “захавальнікам прыроды” нашага раёна – начальнікам Валожынскай інспекцыі прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя
Віктарам ЯКУТОВІЧАМ.
– Віктар Рамуальдавіч, патлумачце значнасць даты 5 чэрвеня.
– Менавіта ў гэты дзень, згодна з Указам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, у нашай краіне адзначаецца Дзень аховы навакольнага асяроддзя. Ён супадае з датай святкавання Сусветнага дня навакольнага асяроддзя, які заснаваны Генеральнай
Асамблеяй ААН у 1972 годзе. Важнасць яго ў магчымасці нагадаць чалавецтву пра абмежаванасць прыродных рэсурсаў планеты, заклікаць людзей задумацца аб наступствах экалагічных памылак, лішні раз задэклараваць: прырода – наша агульнае багацце, да якога неабходна ставіцца беражліва, а доўг кожнага жыхара Зямлі – захоўваць гэта багацце для наступных пакаленняў.
– У чым галоўныя дасягненні прыродаахоўнай дзейнасці ў нашай краіне?
– За апошнія 10 гадоў узровень забруджанасці прыроднага асяроддзя ў краіне значна знізіўся. Выкіды шкодных рэчываў прамысловымі прадпрыемствамі скараціліся амаль утрая, скідванне забруджаных сцёкавых вод – больш чым у 10 разоў. Такія паказчыкі – перш за ўсё вынік удасканалення сістэмы кіравання і кантролю ў сферы аховы навакольнага асяроддзя, правядзення экспертызы праектаў будаўніцтва і рэканструкцыі ўсіх відаў вытворчасці. Важнай умовай аздараўлення экалагічнай абстаноўкі з’яўляецца ўдасканаленне прыроднага заканадаўства і ўсёй нарматыўнай базы ў гэтай галіне. У Беларусі прыняты асноўныя дакументы, што рэгламентуюць сферу прыродакарыстання. Сярод іх – Законы Рэспублікі Беларусь “Аб ахове навакольнага асяроддзя”, “Аб адходах вытворчасці і карыстання”, “Аб экалагічнай экспертызе” і іншыя. Акрамя таго, урадам зацверджаны доўгатэрміновыя нацыянальныя праграмы, што вызначаюць экалагічную палітыку краіны.
– Раскажыце пра асноўныя кірункі дзейнасці вашай інспекцыі.
– Наша галоўная задача – вырашэнне пытанняў, звязаных з захаваннем і павелічэннем прыроднага багацця на тэрыторыі рэспублікі, непасрэдна для раённай інспекцыі – на тэрыторыі Валожыншчыны. Гэта і рацыянальнае выкарыстанне зямных нетраў, водных рэсурсаў, захаванне драўнінна-хмызняковай расліннасці, глебы.
Да важнейшых задач можна далічыць кантроль за зваротам і выкарыстаннем цвёрдых бытавых адходаў і адходаў вытворчасці. Сур’ёзным пытаннем з’яўляецца і барацьба з інвазіўнымі відамі раслін, якія наносяць адчувальны ўрон не толькі сельскай гаспадарцы, лясному фонду, але і могуць прынесці шкоду чалавеку. У цэлым наша работа планамерная, карпатлівая, вынік яе можа быць заўважаным толькі праз гады.
– Каго можна называць паўнапраўнымі партнёрамі вашай службы?
– У шырокім сэнсе – кожнага, хто мае зносіны з наваколлем. У больш вузкім разуменні – арганізацыі, у абавязках якіх непасрэдна прапісаны клопат аб прыродзе. На тэрыторыі Валожыншчыны гэта раённая ўлада, заказнік “Налібоцкі”, лясгас, прадстаўніцтва беларускага аб’яднання паляўнічых і рыбаловаў, санітарная служба, РАУС. Мы цесна супрацоўнічаем з Дзяржаўнай інспекцыяй аховы жывёльнага і расліннага свету пры Прэзідэнце Рэспублікі Беларусь, Міністэрствам лясной гаспадаркі.
– Якія тыповыя парушэнні прыродаахоўнага заканадаўства часцей за ўсё дапускаюцца з боку насельніцтва і арганізацый?
– Асноўныя парушэнні тычацца абыходжання з адходамі (размяшчэнне адходаў у несанкцыянаваных месцах і складзіраванне іх на землях ляснога фонду і сельгасугоддзяў), забруджання водных аб’ектаў, зямель і лясоў. Здараюцца выпадкі незаконных высечак, парушэнне парадку збору і нарыхтоўкі другасных лясных рэсурсаў. Пералічаныя і шэраг іншых момантаў – заўсёды ў полі нашага зроку. У асноўным праблемы носяць сезонны характар. Вясна, як кажуць, наш час. Бо менавіта ў гэту пару года даводзіцца актыўна змагацца з тымі, хто дапускае так званыя вясеннія палы, стварае звалкі, займаецца самавольнай высечкай дрэў і кустоў. Што тычыцца арганізацый, то, як вядома, буйной вытворчасці на тэрыторыі раёна няма, таму клопат нашай інспекцыі калі-нікалі дастаўляюць сельгасарганізацыі. У сувязі з адсутнасцю спецыялістаў у галіне аховы навакольнага асяроддзя там часта ўзнікаюць праблемы з афармленнем дакументаў, абсталяваннем месцаў для часовага захоўвання адходаў. Калі сказаць коратка, асноўнае ў рабоце – навядзенне парадку. Тут дзейнічаем разам з сельвыканкамамі і РЦГіЭ.
– Вы ўзгадалі барацьбу з інвазіўнымі відамі раслін. Што чуваць на гэтым “фронце”?
– Баршчэўнікам Сасноўскага забруджана на тэрыторыі раёна больш за 70 га і сумнікам канадскім – больш за 50 га. 80% – землі Івянецкага і Ракаўскага сельсаветаў. Штогод з абласнога бюджэту выдзяляюцца сродкі на хімічную апрацоўку забруджаных тэрыторый. Шляхам тэндару якаясьці арганізацыя бярэ на сябе барацьбу з баршчэўнікам (пачынаецца ў сярэдзіне мая) і сумнікам (канец ліпеня). Работа ў гэтым кірунку няпростая (важна не дапусціць цвіцення раслін, бо гербіцыд дзейнічае толькі на зялёную масу). Аднак яна праводзіцца няспынна, таму дае добры вынік. Кожны год назіраецца змяншэнне шчыльнасці раслін на забруджаных плошчах. Поўнасцю вызвалены ад шкодных раслін вёскі Макасічы, Шэлеўшчына Івянецкага сельсавета і Багданава Вішнеўскага сельсавета.
– Скажыце, ці павышаецца з гадамі свядомасць грамадзян?
– Безумоўна. Думаю, нямала зроблена, каб у жыхароў Валожыншчыны пачало фарміравацца экалагічнае мысленне. Аднак да ідэалу яшчэ далёка. Сумна, але пакуль асноўныя экалагічныя праблемы стварае сам жа чалавек. На шчасце, нам часта дапамагаюць найбольш свядомыя, нераўнадушныя людзі, якія заўважаюць непарадак, аператыўна паведамляюць у сельвыканкам ці напрамую ў інспекцыю. Далей, як кажуць, справа тэхнікі.
– Раскажыце пра спецыялістаў, што стаяць за гучнай назвай – інспекцыя прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя.
– Створана інспекцыя ў 1988 годзе. Першы яе кіраўнік Станіслаў Прыёмка. Больш за два дзесяцігоддзі ўзначальваў нашу структуру Уладзімір Пятровіч. Значны ўклад унеслі былыя кіраўнікі Аляксандр Казерскі, Анатоль Пашкоўскі. 22 гады спецыялістам адпрацавала Алена Грыбоўская. Сёння разам са мной працуе галоўны спецыяліст Хрысціна Косік. Гэта добра адукаваны прафесіянал, мой незаменны памочнік. Яна – выпускніца “Міжнароднага дзяржаўнага экалагічнага інстытута імя Сахарава” БДУ. За добрасумленную працу, адказнае стаўленне да сваіх абавязкаў неаднойчы адзначалася граматамі і падзякамі.
– З якім настроем сустракаеце чарговае прафесійнае свята?
– Настрой – дзелавы. Работы хапае, у тым ліку і ў аспекце асветы. Я шчыра ўпэўнены: Дзень аховы навакольнага асяроддзя – выключная нагода даць людзям магчымасць задумацца, як кожны можа дапамагчы прыродзе, а значыць, сабе. І ў гэты дзень, і ва ўсе іншыя я б хацеў, каб грамадзяне ўсведамлялі: ахова навакольнага асяроддзя і рацыянальнае выкарыстанне прыродных рэсурсаў – адна з найбольш актуальных праблем сучаснасці. Спадзяюся, дзякуючы нашым намаганням, экалагічная граматнасць насельніцтва паступова будзе толькі расці, а глабальнае асэнсаванне правільных экапаводзін паспрыяе годнаму стану прыроды нашай краіны.
Карыстаючыся магчымасцю, шчыра віншую з Днём эколага нашых партнёраў, а таксама жыхароў раёна, якіх па-сапраўднаму клапоцяць праблемы экалогіі, хто смела далучае сябе да аматараў і абаронцаў прыроды. Жадаю ўсім міру, здароўя, чысціні і прыгажосці навокал.
Гутарыла
Валянціна КРАЎНЕВІЧ



