Заканчваецца месяц май. Праўда, сёлета ён халаднаваты, але ўсёроўна гэта апошні месяц вясны. Заканчваюцца заняткі ў школе. Выпускныя экзамены – і канікулы!
Куды едзем у гэтым годзе, таварышы педагогі?
Глядзіш па тэлевізару праграму “Маршрут пастроен” і здзіўляешся: колькі прыгожых мясцін у нашай роднай Беларусі. Як іх аб’ехаць, агледзець! Гэта ж бязмежныя палі і лясы, рэкі, азёры, замкі і замчышчы, гарады і вёскі, мястэчкі і проста сядзібы. Багатая і цікавая, разнастайная і загадкавая спадчына засталася нам ад продкаў.
Вырашана! Едзем у Парк Гісторыі “Вялікае княства Сула”. Тым больш, што гэта і недалёка. Прыехалі хутка. Вельмі прыемна, што тут нас сустракаюць, нават паказваюць месца для нашага аўтобуса ( такіх тут ужо шмат). Ідзём на месца. І яшчэ адна нечаканасць: у старадаўніх строях сустракаюць экскурсавод і музыкі. Супер! Захоплена слухаем музыку і апладзіруем!
Далей ужо экскурсавод вядзе да ракі Сула і паплывём на прыгожым вялікім судне “Драккар”.
Плывём, слухаем аповед пра раку, працягласцю ў 76 кіламетраў, пра тое, што і яна ў свой час была шмат шырэйшай, больш паўнаводнай. Можа, і Сулой карысталіся падчас шляху “з варагаў у грэкі”, бо яна ўпадае ў вялікую раку Нёман.
Варагі – гэта старажытнаруская і візантыйская назва скандынаваў (нарманаў). Дружыны варагаў на чале з князямі (конунгамі) з’явіліся ва Усходняй і Заходняй Еўропе ў 9 стагоддзі. Гандлявалі іменна на рэках. І шлях адсюль атрымаў, напэўна, назву “з варагаў у грэкі”. Упершыню варагі ўспамінаюцца ў “Аповесці мінулых гадоў”.
Любуемся ракой, аглядаем прыстанішча варагаў, так званае гарадзішча.
Адсюль, з драккара, аглядаем яшчэ і стаянку старажытнага чалавека.
Гэта своеасаблівыя шалашы, абшытыя скурамі звяроў. Цікава ўсё і захапляюча прыгожа.
Спыняемся, выходзім з драккара і ўжо далей ідзём пяшком. Ідзём да капішча язычнікаў (паганаў). Тут цудоўныя, выразаныя з дрэва, фігуры язычніцкіх багоў. Па-першае, здзіўляе талент чалавека, які выразаў такія велічныя фігуры. А яшчэ экскурсавод цікава апавядае пра Пярункаса, Жытніцу, Лялю.
Побач дом вядунні-чараўніцы і вялізны камень, які называюць Дзед.
Ён нейкі цёмны, як абпалены з бакоў. Напэўна, старажытныя людзі раскладалі вакол яго вогнішча, прыносілі ахвяры, маліліся, просячы дапамогі. Экскурсавод прапаноўвае правесці абрад ачышчэння. Смяёмся, але згаджаемся з ёй.
Ачысціліся і ідзём далей. Спыняемся каля вадзянога млына. Сула цячэ, круціць вялізнае кола, а ўсярэдзіне мелецца мука, з якой потым у пякарні спякуць хлеб.
Мы яго пасмакуем, нават купім (як жа не прывезці яго пакаштаваць сябрам!). Тут жа замкі, якія ўражваюць сваёй веліччу і прыгажосцю. Сапраўдныя замкі былі разбураны, а гэтыя створаны ўжо нашымі сучаснікамі. Не бяднее беларуская зямля на таленты! А гэта таксама радуе і захапляе, выклікае гонар і за сённяшніх беларусаў.
Заходзім у замак Міндоўга, паднімаемся па лесвіцы на другі паверх. На сценах партрэты гаспадароў гэтага замка. Незвычайна велічныя асобы, нават Радзівілы ёсць. Тут усё ўражвае, але і неяк сцішвае, трошкі застаўляе засяродзіцца, апынуцца ў мінулым. Бо як жа інакш. Тут нас сустракае не толькі экскурсавод-рыцар – на троне князь Міндоўг, а побач яго жонка – княгіня! Зноў-такі слухаем цікавую гісторыю – далёкае мінулае. Вялікі князь Вялікага княства Літоўскага і подкупамі, і абманамі, часам і гвалтам падпарадкоўваў другіх літоўскіх князёў і заснаваў даволі моцную дзяржаву. Пад яго ўладай апынуліся і заходнерускія землі з горадамі Навагародкам, Слонімам, Ваўкавыскам і часткова Полацкая і Віцебская землі. На Русі Міндоўг знайшоў не толькі дадатковыя сілы і сродкі для ўмацававання ўлады ў ВКЛ, але і больш развітую культуру. Праўда, ён вёў барацьбу з крыжакамі, адбіваў набегі манголататар.
У 1253 годзе каранаваўся ў Навагародку і стаў каралём. Жаніўся на жонцы свайго забітага брата і яе таксама каранавалі каралевай. Вось і тут, у замку, яны на сваіх каралеўскіх крэслах. Міндоўг грозны, насуплены, (яшчэ б, ён жа кароль, воін), а вось жонка выглядае нейкай сумнай і як бы спалоханай.
Паглядзелі, паслухалі і неяк сцішана выходзім. Напэўна, мінулае запамінаем, бо яго трэба ведаць і памятаць.
Далей на шляху кузня. Малады, нейкі невялічкі і худаваты для такой справы, каваль сустракае нас і знаёміць з працэсам кавання зброі, а іменна стралы.
Нашы мужчыны дапамагаюць, як і некалішнія хлопчыкі-памочнікі каваля, і атрымліваюць у падарунак наканечнік стралы. Потым яшчэ стрэл са старыннай гарматы. Гэта ўжо ў наш гонар!
Накіроўваемся ў ганчарню. Гэта справа нам, івянчанам, добра вядомая. Але і тут ёсць чым захапляцца.
Малады, трохі дзёрзкі, ганчар вельмі спрытна робіць нам гаршчок, распавядае пра сваю калекцыю, пра ганчарства наогул. Здзівіў нас вялізны збан, якому больш, чым сто гадоў. Але не гэта галоўнае, а тое, што гэты збан з нашага Івянца.
Дзякуем і працягваем экскурсію. Нас чакае Музей навукі (адукацыі).
Тут таксама слухаем экскурсавода-настаўніка (адчуваем сябе вучнямі).
Ён апавядае пра ордэн езуітаў, езуіты ўнеслі вялікі ўклад у развіццё адукацыі на землях беларускіх. Называе вучэбныя прадметы, якія былі ўведзены ў калегіуме, дысцыплінарныя метады ўздзеяння на вучняў. Зала змястоўная, шмат фігур, нават сястры-манашкі. Усё гэта вельмі ўражвае. Праўда, малавата часу, каб усё гэта дасканала разгледзець. Наступны аб’ект незвычайны – бровар ці музей Старкі!
Па дарозе любуемся прыгожай, велічнай Ратушай, якая нібы птушкай узносіцца ў неба.
Высокая, стройная, са шпілем ратуша – месца знаходжання органаў гарадскога самакіравання. У Беларусі ратушы пачалі будаваць з увядзеннем гарадскога самакіравання на аснове магдэбургскага (самастойнага) права. Будаваліся ў асноўным на цэнтральных плошчах, рыначных плошчах. Яшчэ звяртаем увагу на вузкакалейку. Аказваецца, яе зрабілі зусім нядаўна для катання на брычцы на конях. Бачым, там ужо катаюцца дзеці (дарэчы, экскурсій школьнікаў таксама шмат).
Заходзім яшчэ ў дом шляхціча, дзе экскурсавод, у шыкарным шляхецкім уборы, знаёміць са звычаямі шляхты, апавядае пра іх жыццё і пра своеасаблівыя паядынкі між імі, дуэлі. А калі адмянілі дуэлі, змагаліся паміж сабой іншым спосабам. Дэманструе экс-шляхціч гэта даволі цікава. Трэба паставіць поўную чарку на шашку і так выпіць. Ну, канечне, не ў кожнага так атрымлівалася. Перамагаў спрытнейшы, або той, каму проста шанцавала! У нашага настаўніка фізкультуры атрымалася!
А вось і бровар! Падрабязная інфармацыя ад экскурсавода аб тым, як атрымліваецца фірменная “Старка Сула” па рэцэпце XVI (шаснаццатага) стагоддзя з 18 (васямнаццаццю) лекавымі раслінамі і пладамі.
І смех, і грэх! Але слухаем уважліва. А потым нас запрашаюць на дэгустацыю! Праўда, мы не зусім у гэтым дасведчаныя спецыялісты, але ж чаму не прадэгусціраваць! Тым больш, што ацэньваць якасць “Старкі Сула” нас ніхто не просіць!
Ідзём далей. Тэрыторыя дагледжаная, чыстая, акуратная і вельмі прыгожая. На лужку пасуцца навязаныя козачкі. Палічылі – дзесяць! Задаём адзін аднаму пытанне: “А адкуль і чаму тут козачкі?” Аказваецца, тут робяць яшчэ і сыры з казінага малака. Далей аглядаем ужо без уваходу пякарню, ці “Музей хлеба і сыра”, бачым аптэку “Зёлкі”, яўрэйскую лаўку, Музей Ленскіх, апошніх уладальнікаў гэтай мясцовасці. Ідзём да капліцы (ратонды) “Святая фамілія”. Капліца велічная прыгожая і вельмі ўрачыстая!
Тут таксама свой экскурсавод. Падрабязна распавядае пра Ленскіх, пра пахаванні іх, пра сустрэчы “там, на небе”, пра самага малодшага сына Ленскай, які быў выдатным мастаком. Карціны яго ёсць у музеях многіх краін і толькі адна ў нашым Мастацкім нацыянальным музеі (адразу захацелася яе ўбачыць!). Лічаць, што гэту капліцу таксама афармляў ён, хоць гэта пакуль што не даказана, але шукаюць звесткі.
Дзве гадзіны экскурсійныя прайшлі вельмі хутка. Інфармацыі, уражанняў – хоць адбаўляй. Малавата часу. Думаю, многім захочацца яшчэ раз сюды прыехаць, каб самастойна і спакойна ўсё агледзець, галоўнае, асэнсаваць! Пастаяць на мосціку каля млына, палюбавацца замкамі, паслухаць шум вады ракі Сула, якая бяжыць на вялізнае кола млына і вяртае прысутных (сённяшніх) у мінулае на шмат стагоддзяў назад. А потым падумаць пра таленавітых і неабыякавых людзей сённяшняга часу да мінулага і пра будучыню наступных пакаленняў.
Дай Бог, каб і яны былі неабыякавымі да гэтага мінулага, ведалі яго, цікавіліся, ганарыліся і надалей праслаўлялі сваю Бацькаўшчыну.



