Кіраўнік факультатыва “Асновы духоўна-маральнага выхавання”, што вядзецца ў сярэдняй школе № 1 г. Валожына, Алена Уладзіміраўна Ніканава вырашыла падчас заключнага занятку адправіцца са сваімі выхаванцамі-пяцікласнікамі ў Валожынскі краязнаўчы музей.
Педагог загадзя завітала ва ўстанову. У Год гістарычнай памяці яна палічыла неабходным выбраць тэму “Валожын: вяртанне да вытокаў”, прысвечаную мінуламу роднага горада.
Юных наведвальнікаў работнікі музея на чале з дырэктарам Наталляй Паўлаўнай Лоўчай сустрэлі яшчэ на вуліцы. Школьнікаў гасцінна запрасілі прайсці да фотазоны, што размясцілася побач з будынкам. Тут яны змаглі адчуць сапраўдную атмасферу салдацкага прывалу і настроіцца на будучую прэзентацыю і агляд экспанатаў.
Хлопчыкі і дзяўчынкі з цікавасцю слухалі расповед спецыяліста музейнай справы Таццяны Васільевай і паглыбляліся ў гісторыю свайго роднага горада, супастаўлялі пачутае з цяперашнім часам. Іх уразіла, што некалі ў іешыве пятнаццацігадовыя падлеткі вучыліся да дванаццаці гадзін ночы, спалі мала, вялі аскетычны лад жыцця, не дазвалялі сабе ніякіх свавольстваў. Яны самааддана асвойвалі талмуд – гэта была асноўная мэта іх прабывання ў навучальнай установе. Незабыўнае ўражанне пакінуў пра сябе гістарычны аповед пра палаца-паркавы ансамбль графа Тышкевіча, царкву Святых Канстанціна і Алены, іншых духоўных святынях райцэнтра. А колькі эмоцый выклікаў расказ пра птушку-сімвал Валожынскага раёна зімародка.
Паколькі мерапрыемства праходзіла ў зале, дзе размясцілася экспазіцыя “Прырода і экалогія”, дзеці адразу звярнулі на яе ўвагу. Пазней яны з задавальненнем разглядалі пудзілы насельнікаў нашых лясоў: ваўкоў, лісы, зайца, вавёрак, розных птушак… Захапленне выклікала калекцыя матылькоў. Цікава было паназіраць у гэты час за дзецьмі. Для іх знаёмства з жывёламі стала сапраўдным адкрыццём.
Цяпер, калі і дарослыя, і дзеці вельмі шмат часу праводзяць седзячы з гаджатамі ў руках, усё менш надаецца ўвагі рэальнаму жыццю. Малыя адарваны ад жывой гісторыі, ад прыроды, ад зносін паміж сабой. Яны рэдка бываюць на прыродзе, а ў лес, наогул, не наведваюцца. Але, на самай справе, ім гэтага вельмі не хапае. Трэба часцей звяртацца да сваіх вытокаў, і музей можа ў гэтым пасадзейнічаць. Тут вялікі рэсурсны патэнцыял фондаў, зацікаўленыя супрацоўнікі, якія гатовы арганізаваць экскурсію ці прэзентацыю па вашым запыце.



