Увечары 24 снежня, у вігілію ўрачыстасці Нараджэння Пана, традыцыйна ва ўсіх касцёлах свету цэлебруецца прыгожая літургія. У нашай краіне штогод з розных касцёлаў ладзіцца тэлетрансляцыя вігілійнай святой Імшы. Сёлета яна праходзіла з парафіі Найсвяцейшай Панны Марыі Ружанцовай (св. Дамініка) у Ракаве.
Урачыстую Эўхарыстыю ўзначаліў Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч.
На пачатку святой Імшы арцыбіскуп разам з прэзбітэрамі, дыяканамі і асістай накіраваўся да галоўнага алтара, каб адтуль праз галоўную наву касцёла прынесці фігуру Дзіцяці Езуса да стаенкі, усталяванай перад касцёлам, і пакласці фігуру Хрыста ў яслі. Пасля гэтага Мітрапаліт Кандрусевіч асвяціў стаенку і прачытаў кароткую малітву.
Іерарх пакарміў жывёлаў, якія ў гэтыя святочныя дні будуць знаходзіцца побач з батлейкай вакол ракаўскага касцёла.
На заклік арцыпастыра «няхай засвеціць зорка Бэтлеема» з касцёла данёсся калядны спеў, а вежаў святыні паліліся гукі званоў, у неба паляцелі агні феерверкаў.
Пад урачысты спеў і звон званоў працэсія накіравалася ў касцёл, 110-годдзе якога адзначаецца сёлета.
Гучным хорам парафія заспявала «Хвала на вышынях Богу…».
«Сёння Касцёл скіроўвае наш позірк у напрамку Бэтлеема, дзе заззяла Бэтлеемская зорка, святло якой свеціць і сёння. Вядома, што зоркі нараджаюцца і паміраюць. Бэтлеемская зорка не памерла, яна свеціць, бо яе святло — гэта святло вечна жывога і актуальнага Евангелля», — адзначыў падчас гаміліі Мітрапаліт Кандрусевіч.
На заканчэнне літургіі Мітрапаліт Кандрусевіч павіншаваў усіх са святам: «У гэтае радаснае і збаўчае свята Божага Нараджэння сардэчна віншую ўсіх вас і жадаю, каб Езус сваёю ласкай нарадзіўся ў вашых душах і быў прысутны на вашых жыццёвых шляхах як той, які з’яўляецца дарогай, праўдай і жыццём».
Завяршылася святочная Эўхарыстыя дзяленнем аплаткай пад калядныя спевы.
http://catholic.by/2/home/news/belarus/minsk-mohilev/132998-kandrusiewicz.html



