Адрес:

222357, г. Воложин, пл. Свободы, 2

Телефон приемной:

+375 (1772) 5-55-72

Режим работы:

с 8.30 до 13.00 и с 14.00 до 17.30 по будням

горячая линия: +375 (1772) 5-55-72

Свята беларускай песні і роднага слова

15.06.2022

У мінулыя выхадныя ў Маладзечне адбыўся XXI Нацыянальны фестываль беларускай песні і паэзіі “Маладзечна-2021”. Ужо шмат гадоў ён з’яўляецца сапраўды культурнай і знакавай падзеяй для ўсёй краіны. Сёлета ў канцэпцыю мерапрыемства былі пакладзены тэмы года гістарычнай памяці, 140-годдзя класікаў беларускай літаратуры Янкі Купалы і Якуба Коласа, а таксама 75-годдзя з дня нараджэння заснавальніка і ідэйнага натхняльніка фестывалю Міхаіла Фінберга.

 Па традыцыі на фестываль прыехалі прадстаўнікі ўсіх абласцей Беларусі, былі запрошаны паэты і пісьменнікі, кампазітары і іншыя творчыя асобы, што ўнеслі унеслі неацэнны ўклад у развіццё і захаванне нашай культуры. У гэтыя дні горад напоўніўся музыкай і песнямі, паўсюль панавала творчая атмасфера. Галоўнай жа падзеяй свята музыкі і слова стаў Нацыянальны конкурс маладых выканаўцаў беларускай эстраднай песні.

Шматлікія валожынцы таксама завіталі на грандыёзнае свята, праграма якога была насычана конкурсамі і канцэртамі, выставамі, літаратурнымі праектамі, дзіцячымі і маладзёжнымі інтэрактывамі і інш. Упершыню Маладзечна стала не толькі музычным і выставачным, але і тэатральным цэнтрам. Арганізавана прадстаўнікі нашага раёна пабывалі на спектаклі “Чорная панна Нясвіжа” Нацыянальнага акадэмічнага тэатра імя Янкі Купалы, незабыўныя ўражанні аб якім застануца надоўга.

А колькі прыемных успамінаў пакінула аб сабе выстава-продаж вырабаў народных майстроў, непасрэдны ўдзел у якой прынялі і члены народнага аб’яднання народных майстроў “Скарбніца” нашага раёна. Народны майстар Беларусі Хрысціна Лямбовіч дэманстравала ткацтва пояса, як і Алёна, і Анастасія Рыснік, што прадстаўлялі Сакаўшчынскі сельскі цэнтр культуры, Святлана Семяняга – ляльку, член Беларускага саюза майстроў Алег Капуста – ганчарства, Вольга Харлінская з Дорскага філіяла Івянецкай дзіцячай школы мастацтваў – выцінанку, Вадзім Буглак – кавальства, Васіль Вакараў – лазапляценне, Таццяна Задрэйка і Ірына Сухавецкая – традыцыйныя рамёствы Івянца.

Тут жа, на вуліцы Прытыцкага, разгарнулася грандыёзная экспазіцыя, прысвечаная Году гістарычнай памяці “Партал часу. Міншчына: гісторыя і сучаснасць”. Кожны раён прадстаўляў тут пэўны прамежак часу. Інтэрактыўная пляцоўка Валожынскага раёна, што размясцілася побач з кінатэатрам “Радзіма”, дэманстравала IXX стагоддзе. У ёй былі задзейнічаны работнікі Валожынскага краязнаўчага музея, што праводзілі віртуальную экскурсію па карце раёна “Гісторыя і спадчына”, раённага цэнтра культуры, Вішнеўскай дзіцячай школы мастацтваў, цэнтральнай раённай бібліятэкі, якія, каб перадаць дух той эпохі, пераўвасобіліся ў знакамітых людзей нашай малой радзімы, а прадстаўнікі народнага літаратурна-мастацкага аб’яднання “Рунь” арганізавалі інтэрактыўную выставу “Валожыншчына літаратурная: ад гісторыі да сучаснасці”. Пляцоўка выклікала вялікую зацікаўленасць у людзей рознага ўзросту. У жадаючых была магчымасць зрабіць фота на памяць з Фердынандам Рушчыцам, Вінцэнтам Дуніным-Марцінкевічам, графамі Тышкевічамі і інш, вобразы якіх ярка ўвасобілі работнікі раённага цэнтра культуры, а таксама набыць зборнікі валожынскіх аўтараў, сувеніры.

У канцэртнай праграме “Песняй славім Беларусь, што адбывалася на Цэнтральнай плошчы Маладзечна, прынялі ўдзел салістка Валожынскага раённага цэнтра культуры Анастасія Дзятко з песняй “Запальвай сэрца” і вакальнае трыа Івянецкага дома культуры ў складзе Аксаны Шчэцька, Рэнаты Казаковай і Марыі Вайткевіч, якія выканалі песні “Пра любоў” і “Сінявокая”. Маладзечанцы і госці горада дружнымі апладысментамі суправаджалі іх выступленні.

Па традыцыі шмат валожынцаў пабывалі на урачыстым адкрыцці і гала-канцэрце закрыцця “Настальгічны дывертысмент” XXI Нацыянальнага фестывалю беларускай песні і паэзіі, якія сталі сапраўднай феерыяй таленту. Гасцей свята парадавалі сваімі бліскучымі выступленнямі салісты Нацыянальнага акадэмічнага канцэртнага аркестра Беларусі імя Жыновіча, а таксама Мікалай Скорыкаў, Аляксандр Саладуха, Ірына Дарафеева, Алёна Ланская, Беларускі дзяржаўны ансамбль “Песняры”, заслужаны калектыў Рэспублікі Беларусь ансамбль “Сябры” і многія іншыя вядомыя беларускія выканаўцы і музычныя калектывы. Прыемна было бачыць на сцэне легенд нашай эстрады і сучасных маладых выканаўцаў.

Фестываль у Маладзечне са сваёй атмасферай нацыянальнага каларыту даўно стаў брэндам беларускай песні і паэзіі. Як і звычайна ён прайшоў вельмі цёпла і душэўна, выклікаў гонар за нашу краіну.

Анжэла РАДЫНА,

фота аўтара

Галерея изображений

Задайте вопрос