Сярод устаноў аховы здароўя па выніках работы за мінулы год лепшым у раёне прызнаны Манькаўшчынскі фельчарска-акушэрскі пункт Валожынскай райбальніцы. Штодня тут вядзе прыём пацыентаў фельчар-акушэр Дзмітрый МАЛЕЙ.
Дзмітрый Францавіч вырас на Віцебшчыне, скончыў у 2006 годзе Мінскі медыцынскі каледж. Непрацяглы час практыкаваў у Ліозненскім раёне. Пасля чаго пераехаў у Ракаў, дзе да ліпеня 2021-га працаваў на хуткай дапамозе. Набыў бясцэнны вопыт.
Фельчар-акушэр – гэта ўніверсальны спецыяліст, які павінен быць гатовы аказаць пацыенту любую дапамогу, уключаючы рэанімацыйныя мерапрыемствы. У гэтай справе неабходна быць не толькі дыягностам і лячэбнікам, але яшчэ і выключным псіхолагам.
Участак работы ў Д. Ф. Малея няпросты. Шмат людзей пажылога ўзросту, ёсць людзі з інваліднасцю, дзеці да года. Даводзіцца таксама рабіць падамавы абход пажылых грамадзян. Маральна і шчырай працай, мэта якой – стварэнне ўтульнасці і чысціні ў памяшканнях медустановы, фельчара падтрымлівае санітарка Святлана Міхайлаўна Шчасноўская.
Мясцовыя жыхары заўсёды рады бачыць свайго доктара. Менавіта так з павагай называюць Дзмітрыя Францавіча. Галоўная цяжкасць працы на ФАПе – адказнасць. Аднак, па словах самога медыка, ён ніколі не адчувае сябе сам-насам з праблемай. Можна атрымаць кансультацыйную дапамогу ад кіраўніка Ракаўскай участковай бальніцы Святланы Гардзей, вузкіх спецыялістаў з Валожына, уключаючы галоўнага ўрача ЦРБ.



