Рыхтуючыся адзначыць Дзень Незалежнасці Рэспублікі Беларусь, прадстаўнікі ўлады і грамадскіх арганізацый не забылі павіншаваць са святам людзей, чыімі стараннямі сёння над нашай краінай ззяе мірнае сонца, – ветэранаў Вялікай Айчыннай вайны, а таксама тых, хто ў час нямецка-фашысцкай акупацыі стаў ахвярай нацызму і зведаў выпрабаванне канцэнтрацыйным лагерам.
Напярэдадні значнай даты шаноўныя госці – кіраўнік спраў райвыканкама Наталія Іванаўна Жукоўская, начальнік упраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама Святлана Леанідаўна Ракавец, старшыня раённага Савета ветэранаў Таццяна Фёдараўна Ціганіна і спецыяліст ТЦСАН, актывістка раённай арганізацыі “Беларускі саюз жанчын” Ганна Пятроўна Альшэўская з падарункамі завіталі ў вёску Сакаўшчына, дзе пражывае ўдзельнік вайны Мікалай Гарнастай. Мікалай Рыгоравіч, хоць, незважаючы на ўзрост, і стараецца не губляць бадзёрасць, у святочных мерапрыемствах у райцэнтры прыняць удзел не зможа. Ён ад шчырага сэрца павіншаваў сваіх гасцей і папрасіў перадаць найлепшыя пажаданні ўсім жыхарам Валожыншчыны:
– На свеце няма нічога лепшага за мір. Я помню пачатак вайны. Людзі разумелі: іх чакае штосьці страшнае. І, праўда, як прыйшлі акупанты, мы спазналі, што значыць – не быць гаспадарамі на ўласнай зямлі. А франтавікі! Хто прыйшоў без нагі, хто без рукі, а хто і ўвогуле загінуў… Хапіла і мірнаму насельніцтву: фашысты забівалі, палілі, рабавалі, заганялі на прымусовыя работы... Колькі гарадоў і вёсак зруйнавалі з зямлёй! Ці ж лёгка было пасля перамогі ўсё аднавіць, адбудаваць? Я жадаю беларусам – дзецям і дарослым – заўсёды жыць на мірнай зямлі, любіць сваю Айчыну, захоўваць яе незалежнасць. Будзьце здаровымі, працуйце шчыра і аддана, любіце сваіх родных. Не забывайце гераічнае мінулае нашага народа. З Днём Незалежнасці Рэспублікі Беларусь вас, дарагія мае землякі!
Шчырае дзякуй кіраўніцтву раёна і розным службам за ўвагу да нас, удзельнікаў Вялікай Айчыннай вайны. Вельмі прыемна, што пра нас не забываюць, атуляюць клопатам. Нізкі паклон за гэта!
Прыемны сюрпрыз чакаў былых вязняў Івана Несцеравіча Барадаку з Жураўцаў, Васілія Іванавіча Сліжа з Асінавіцы, Валянціну Фёдараўну Навіцкую з Валожына.
У гэты ж дзень адбыліся візіты да шаноўных ветэранаў Аляксандра Аляксандравіча Ермака з Сазонаўшчыны і Генадзія Якаўлевіча Канцавога з Новага Двара, а таксама да ўсіх паважаных жыхароў раёна, што маюць статус вязня. Уручэнне падарункаў жыхару Валожына з франтавым мінулым Уладзіміру Антонавічу Шаблыку запланавана на 3 ліпеня.
Валянціна КРАЎНЕВІЧ
Фота аўтара і супрацоўнікаў ТЦСАН




