3 ЛІПЕНЯ ГАЛОЎНАЕ СВЯТА СВАЁЙ КРАІНЫ – ДЗЕНЬ НЕЗАЛЕЖНАСЦІ РЭСПУБЛІКІ БЕЛАРУСЬ, А ТАКСАМА ДЗЕНЬ ВЫЗВАЛЕННЯ БЕЛАРУСІ АД НЯМЕЦКА-ФАШЫСЦКІХ ЗАХОПНІКАЎ І ДЗЕНЬ ГОРАДА ВАЛОЖЫНА АДЗНАЧЫЛІ ЖЫХАРЫ НАШАГА РАЁНА.
Шэраг святочных мерапрыемстваў, што значыліся ў заяўленай праграме, адпавядаў не толькі тэматыцы дат, але і самым розным запытам грамадзян. У гэты дзень райцэнтр ператварыўся ў вялікую канцэртна-забаўляльную пляцоўку, дзе зранку і да позняга вечара на свой густ маглі выбраць для сябе мерапрыемствы як дзеці і моладзь, так і дарослыя людзі, уключаючы паважаных ветэранаў працы.
Узнёслымі словамі ў гонар Дня Незалежнасці Рэспублікі Беларусь пачалося тэатралізаванае дзянне на плошчы Свабоды, якое стала афіцыйным адкрыццём свята.
Падчас урачыстага мітынгу старшыня райвыканкама Яўгеній Круковіч у сваёй прамове коратка, але яскрава ўзгадаў найбольш важныя вяхі станаўлення Валожыншчыны. З болем і гонарам прагучалі словы, што адлюстоўваюць ролю беларускага народа ў выратаванні свету ад фашысцкай навалы. Яўгеній Міхайлавіч падкрэсліў, што сёння нам ёсць што святкаваць, ёсць чым ганарыцца, і пажадаў валожынцам міру, дабра і стваральнай працы на карысць Рэспублікі Беларусь. З цяплом прымалі прысутныя віншаванні ветэрана Вялікай Айчыннай вайны, ваеннага разведчыка Генадзія Юшкевіча, камандзіра вайсковай часці 30695 Андрэя Калача, старшыні раённай ветэранскай арганізацыі Таццяны Ціганінай, сакратара раённага маладзёжнага парламента Кацярыны Гутар.
Шчымлівая мелодыя, якая суправаджала кранальны момант ускладання вянкоў і кветак да брацкай магілы, ля якой у ганаровай варце застылі прадстаўнікі вайсковай часці 30695 і школьнікі-піянеры, змянілася гукам метранома – у хвіліне маўчання валожынцы схілілі галовы перад памяццю аб кожным трэцім суайчынніку, што загінуў у той страшнай вайне.




