Адрес:

222357, г. Воложин, пл. Свободы, 2

Телефон приемной:

+375 (1772) 5-55-72

Режим работы:

с 8.30 до 13.00 и с 14.00 до 17.30 по будням

горячая линия: +375 (1772) 5-55-72

ЯРКІХ ФАРБАЎ КАЛАРЫТ…

06.01.2017

 Падведзены вынікі конкурсу на лепшае святочнае афармленне тэрыторый арганізацый, прадпрыемстваў, устаноў райцэнтра.

Першае месца прысуджана Валожынскаму лясніцтву, другое падзялілі між сабой ААТ “Маладзечанскі малочны камбінат” і ПВГУП “Еўраколас”, а трэцяе – ААТ “Валожынскі льнокамбінат” і УП “Мантажбудкамплект – Профіль”.

   Перад Новым годам і Калядамі прадпрыемствы, арганізацыі і ўстановы Валожына традыцыйна ўпрыгожваюць свае тэрыторыі. Свецяцца рознакаляровымі гірляндамі вокны, зіхацяць агеньчыкі на ёлках, святочная ілюмінацыя будынкаў разганяе начную цемру… Як і раней, райцэнтр уражвае жыхароў і гасцей каларытам яркіх фарбаў.

Гарадскія вуліцы парадавалі багаццем фантазіі і творчага энтузіязму, якія праявілі ва ўпрыгажэнні падведамных тэрыторый кіраўнікі і работнікі арганізацый, прадпрыемстваў і ўстаноў. РУП “Валожынскі жылкамунгас” засяродзіў сілы на ілюмінацыі вуліц Партызанскай і Шчарбіны. У ліку заслуг жылкамунгасаўцаў таксама – устаноўка і ўпрыгажэнне раённай ёлкі на плошчы Свабоды, упершыню сёлета спецыялісты прынялі эстэтычна ўдалае рашэнне ўпрыгожыць дрэвы па перыметры гарадскога скверу. Па атрыманых дадзеных, толькі на  закупку гірляндаў для патрэб Валожына было зрасходавана больш як 39 тысяч рублёў: на адно толькі дрэва яе ішло больш як 100 метраў!

    Дастойна падрыхтаваліся да сустрэчы свят у ААТ “Валожынская райаграпрамтэхніка”, льнокамбінаце, і размешчаным паміж імі УП “Мантажбудкамплект – Профіль”: гірлянды на іх ствараюць суцэльныя кампазіцыі, якія радуюць позірк і прыгожа выдзяляюць гэтыя аб’екты на фоне цёмнага неба. Святочная ёлачка выгадна “прапісалася” на балюстрадзе другога паверху раённага музея. Суседняя паліклініка таксама вабіць вока яркім рознакаляровым бляскам над уваходам. А ў двары райбальніцы пацыентаў і наведвальнікаў радуюць аж тры зіхоткія ёлкі – адна размясцілася каля новага корпуса, а дзве астатнія – жывыя – растуць абапал скульптурнай кампазіцыі, работнікам райбальніцы заставалася толькі павесіць на іх шарыкі і гірлянды і ператварыць тэрыторыю хірургічнага аддзялення ў казачны светлавы ансамбль.

    Найлепшыя ўражанні складаюцца, калі глядзіш на адміністрацыйны будынак Валожынскага лясніцтва. Нешта чароўна-непаўторнае і самабытнае ёсць у гэтым будынку, альтанцы і яркіх мініяцюрных ліхтарыках – нібыта кавалачак сонца сярод касмічнага змроку. Пастараліся не застацца “шэрымі” і работнікі банкаў, бібліятэк, магазінаў райспажыўтаварыства… Варта добрае слова дадаткова сказаць і пра гаспадароў прыватных прадпрыемстваў, якія ўключыліся ў конкурс – адно з такіх ПВГУП “Еўраколас”.

    Разам з тым назіралася і іншае. Сярод агульнага шматкалору з-за абмежаванасці бюджэту так і не з’явілася вуліца Чапаева, а некаторыя арганізацыі, прадпрыемствы і ўстановы ўдзялілі падрыхтоўцы да Новага года і Калядаў зусім мала ўвагі. Хоць і прыкра гаварыць пра такое, але месцамі святочнае ўпрыгажэнне было пашкоджана рукамі жыхароў горада. Прычым, улічваючы вышыню размяшчэння гірляндаў, зусім не дзецьмі…

    Вядома, хацелася б, каб у святочным афармленні Валожына не заставалася цёмных плям, а ілюмінацыйная казка набыла суцэльны выгляд. На гэта спадзяюцца дарослыя і шчыра жадаюць маленькія жыхары нашага прыгожага горада.

Па матэрыялах газеты “Працоўная слава”

Сяргей САДОЎСКІ,

фота аўтара

Задайте вопрос