Учора на палетках КСУП “Пяршаі-2014” прайшло раённае свята “Зажынкі”.
У мерапрыемстве прынялі ўдзел старшыня райвыканкама Яўгеній Круковіч, начальнік упраўлення па сельскай гаспадарцы і харчаванні райвыканкама Віктар Леонік, кіраўнікі сельгаспрадпрыемстваў раёна.
Звяртаючыся да прысутных, старшыня адзначыў, што сёлета вырас добры ўраджай зерневых культур. “Сёння мы падводзім вынікі ўсёй нашай работы за год, – сказаў Яўген Міхайлавіч. – І ўжо літаральна праз месяц пачнём клапаціцца пра закладку новага ўраджаю. Зажынкі – радаснае свята, і сапраўдную ўзнёсласць дадае яму той хлеб, які стаіць на карні. Улічваючы сітуацыю, якая зараз склалася ў свеце, кошт яго вышэйшы – не ў грашовым выражэнні, а непасрэдна ў сацыяльнай значнасці прадукта № 1. Цяпер асноўная задача ўсіх, хто будзе ўдзельнічаць у жніве, – арганізаваць сваю работу так, каб у аптымальныя тэрміны, якасна і без страт яго убраць.
Віктар Леонік падкрэсліў, што ўраджай зерневых культур дасць аграрыям стабільнасць. Ён пажадаў хлебаробам добрага надвор’я, каб яны былі здаровыя, захоўвалі меры перасцярогі і вярталіся дадому толькі з добрым настроем.
Дырэктар КСУП “Пяршаі-2014” Віктар Шалаш павіншаваў калег і калектыў з вельмі важнай справай, адзначыўшы, што на кожным працаўніку ляжыць вялікая адказнасць, неабходна праявіць цярпенне, уважлівасць, упартасць, навыкі, каб праца прынесла плён.
Спрадвеку ўборка хлеба была святой справай. Таму на мерапрыемства запрасілі святароў: настаяцеляў Дорскай царквы айца Паўла і Пяршайскага касцёла ксяндза Валерыя, якія благаславілі камбайнераў, тэхніку, збожжавую ніву.
…Далёка па полі разносіліся прыгожыя песні ў выкананні заслужанага аматарскага калектыву Рэспублікі Беларусь “Гасцінец” Ракаўскага цэнтра культуры і народнага гурта народнай песні “Сваякі”, якія лагодзілі душу і настройвалі на плённую працу. Няхай жа ніва будзе ўраджайнай!



