Восьмы раз прайшоў фестываль праваслаўных песнапенняў “Калядная зорка” у аг. Вішнева, які сабраў больш за шэсцьдзесят удзельнікаў.
Фестывальны дзень пачаўся з наведвання царквы Святых Бяссрэбнікаў Касмы і Даміяна, дзе адбыўся малебен на пачатак добрых спраў. Яго правёў настаяцель Вішнеўскага храма айцец Аляксандр Чурыла.
У глядзельнай зале сабраліся дзесяткі цікаўных гледачоў: навучэнцы Вішнеўскай сярэдняй школы, мясцовыя жыхары і госці з навакольных вёсак. Свята распачаў прывітальнымі словамі настаяцель Вішнеўскага храма айцеца Аляксандр.
Удзельнікамі свята былі наведвальнікі нядзельнай школы пры царкве роўнаапостальных Канстанціна і Алены у г. Валожыне, настаўніцкія і дзіцячыя харавыя калектывы і сольныя выканаўцы школ мастацтваў раёна.
Са сцэны гучала шмат музыкі, якая ў марознае зімовае надвор’е сагравала душу і стварала ўзнёслы настрой.
Усе выступленні юных выканаўцаў былі звязаны з тэмай Ражаства Хрыстова. Галоўная задача фестывалю “Калядная зорка” – падарыць людзям радасць вялікай хрысціянскай урачыстасці і пабудзіць тварыць толькі добрыя справы.
У фестывалі прынялі ўдзел старшыня Вішнеўскага сельскага выканаўчага камітэта Траццяк М.І., начальнік аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Валожынскага райвыканкама Адамовіч В.М. і настаяцель Свята-Пакроўскай царквы ў аг. Гародзькі айцец Сергій Лінкевіч.
Для ўдзельнікаў фестывалю ў фае была арганізавана святочная выстава “З Ражаством Хрыстовым!”, на якой прадстаўлены работы навучэнцаў аддзялення выяўленчага мастацтва ДУА “Вішнеўская дзіцячая школа мастацтваў”.
Усе юныя выканаўцы падчас фэстывалю атрымалі салодкія падарункі.



