Адрес:

222357, г. Воложин, пл. Свободы, 2

Телефон приемной:

+375 (1772) 5-55-72

Режим работы:

с 8.30 до 13.00 и с 14.00 до 17.30 по будням

горячая линия: +375 (1772) 5-55-72

ЗЯМЛІ ВАЛОЖЫНСКАЙ ПАЭТ

30.01.2017

 

У мінулую суботу ў зале РЦК свабодных месц не было. Інтэлігенцыя раёна святкавала юбілей жыхаркі Валожына Марыі Антонаўны Шакун. Выдатнік Міністэрства адукацыі, кавалер ордэна Працоўнага Чырвонага Сцяга, член Саюза пісьменнікаў Беларусі – гучныя тытулы… Аднак для большасці тых, хто прыйшоў павітаць шаноўную жанчыну, яна – адна з нямногіх, хто фарміруе грамадскую думку сярод насельніцтва нашага горада, на каго трымае арыентыр кожны, хто хоча звацца чалавекам выхаваным, поўным годнасці і высокародства.

Нязменны кіраўнік народнага літаратурна-мастацкага аб’яднання “Рунь” Валянціна Францаўна Гіруць-Русакевіч, яна ж вядучая вечарыны, яшчэ пры падрыхтоўцы сцэнарыя вырашыла, што мерапрыемства не будзе перагружана бясконцымі звесткамі з жыцця юбіляркі – аб усім раскажуць яе вершы. Яскравым дапаўненнем да іх сталі і аповеды тых, хто прыйшоў віншаваць віноўніцу ўрачыстасці, а такіх было нямала. Лідзія Цімафееўна Маляўкіна – намеснік начальніка аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі перадала Марыі Антонаўне падзяку і словы віншавання ад райвыканкама. Яна адзначыла: “Уклад гэтага чалавека ў развіццё культуры раёна нельга пераацаніць. Энтузіязмам і талентам такіх, як яна і папаўняецца творчая скарбонка Валожыншчыны”.

Шмат гадоў выпускніца філалагічнага аддзялення БДУ аддала працы на ніве адукацыі, таму творы з цыкла так званых школьных вершаў былі дарэчы, калі прыйшлося трымаць слова ў адказ на шчырае прывітанне Наталлі Анатольеўны Чарнышовай – начальніка аддзела адукацыі, спорту і турызму і Марыі Мікалаеўны Камінскай – старшыні прафсаюзнай арганізацыі работнікаў адукацыі і навукі. Да іх далучыліся і іншыя калегі імянінніцы.

Марыя Антонаўна – чалавек няўрымслівы, жыццёвую пазіцыю якога інакш, як актыўнай, не назавеш. Яна – член “Руні”, салістка народнага хора “Спяваючыя сэрцы”, актывістка клуба “Залатая восень”… Таму ўдзельнікі кожнага з гэтых калектываў таксама прыйшлі, каб ушанаваць юбілярку і  прадэманстраваць свае творчыя сюрпрызы.

Кульмінацыяй вечара стала ўручэнне вышэйшай узнагароды Саюза пісьменнікаў Беларусі – медаля “За вялікі ўклад у літаратуру”. Каб асабіста ўручыць гэты знак павагі валожынскай паэтцы, на мерапрыемства завіталі Л. Ф. Анцух – член Прэзідыўма СПБ і С. А. Быкава – выконваючая абавязкі старшыні Мінскага абласнога аддзялення арганізацыі. Ліліяна Фёдараўна падчас свайго выступлення прадставіла таксама журналістаў газеты “Літаратура і мастацтва” і радыё “Беларусь” Яну Явіч і Наталлю Пяткевіч, а таксама папрасіла прысутных звярнуць увагу на адзін адметны момант – першая кніга паэткі выйшла роўна дзесяць гадоў назад, таму юбілей можна лічыць двайным і напомніла, што Бог тройцу любіць, а кніг у паэткі пакуль дзве… Святлана Анатольеўна ў сваю чаргу дадала, што  слухаючы мілагучныя, разумныя, поўныя глыбокага філасофскага сэнсу творы Марыі Антонаўны, наўрад ці ўсумнішся ў тым, што трэцяй кнізе –  абавязкова быць.

Як прызналася гераіня вечарыны, юбілей сам па сабе нічога не значыць, галоўнае – што далей… А яна поўная творчых задум і жадання тварыць.

Па матэрыялах газеты “Працоўная слава”

Валянціна КРАЎНЕВІЧ

Задайте вопрос