На працягу больш як трох дзясяткаў гадоў міжнародная сацыяльна- творчая праграма “Чарнобыльскі шлях - дарога жыцця: у будучыню - з надзеяй” з’яўляецца своеасаблівай стартавай пляцоўкай для юных талентаў. Галоўная яе мэта — выяўленне і падтрымка маладзёжных творчых аб’яднанняў, таленавітых дзяцей і падлеткаў з тых раёнаў, якія найбольш пацярпелі ад аварыі на Чарнобыльскай АЭС. Апрача Гомельшчыны, Магілёўскай, Мінскай і Брэсцкай абласцей, міжнародны творчы марафон дойдзе да расійскіх і ўкраінскіх рэгіёнаў — Бранскай, Смаленскай і Чарнігаўскай абласцей.
Такім чынам, сёлета ў канцэртны тур па 29 раёнах Беларусі, Расіі і Ук- раіны адправіліся многія знакамітыя артысты і калектывы. Івянчане, на- прыклад, шчыра віталі на сваёй малой радзіме заслужаную артыстку Рэспублікі Беларусь, “залаты голас” легендарнага ансамбля “Верасы” Надзею Мікуліч, лаўрэата шматлікіх міжнародных конкурсаў, таленавітага артыста-парадыста з Брэста Генадзя Санько, магістра мастацтваў Дзмітрыя Шуканава, а таксама энергічных, крэатыўных удзельнікаў поп-фолк гурта “Гуляй, Бульбаш!”.
Распачынаючы мерапрыемства, каардынатар праекта Кацярына Іванаўна Далідовіч паведаміла дастаткова сумную навіну: сёлетні “Чарнобыльскі шлях” апошні год праходзіць у звыклым для ўсіх фармаце. Пацярпелыя ад аварыі на ЧАЭС раёны артысты асабіста больш наведваць не будуць. Замест гэтага акцыя з назвай “У будучыню — з надзеяй” пашырыцца на ўсе рэгіёны, якія закранула катастрофа (а такіх 59), і прыме выгляд своеасаблівага кастынгу. У яе рамках будуць праводзіцца адборы творчых нумароў на мясцовым узроўні, з лепшымі юныя канкурсанты выступяць у абласцях, дзе і будуць вызначаны ўдзельнікі фінальнага рэспубліканскага канцэрта. Тым не менш, мэты сацыяльна-творчай праграмы застаюцца нязменнымі. “Нам трэба вырасціць такое пакаленне, якое б разумела і шанавала пакінутую папярэднікамі спадчыну, цаніла мір і ўсімі сіламі імкнулася не дапусціць тэхнагенных катаклізмаў, — адзначыла Кацярына Далі- довіч. — Будучыня, як вядома, — за дзецьмі, а таму мы паранейшаму першачаргова будзем падтрымліваць нашых маленькіх творцаў”.
Непасрэдна канцэртная праграма складалася з двух этапаў. У першым перад івянчанамі і гасцямі мерапрыемства выступілі маладыя таленты нашага раёна. Тон мерапрыемству задаў танцавальны калектыў “Экспрэсія” Івянецкага ГПДК з “Паланезам”. Цікава было назіраць, як апранутыя ў касцюмы XVIII стагоддзя хлопчыкі і дзяўчынкі (прабачце, кавалеры і дамы) паважна вядуць партыі, выконваюць піруэты, бездакорна ствараючы на сцэне складаны харэаграфічны малюнак. Таму і не дзіва, што ім дастаўся шквал апладысментаў. Выхаванец Івянецкага дома-інтэрната для дзяцей з асаблівасцямі развіцця Жэня Баешка парадаваў гледачоў цудоўнай песняй свайго цёзкі Яўгена Хаменкі “Святой Беларусі зямля”. Перад залай выступілі таксама вучаніца Івянецкай СШ Карына Макась з песняй “Анёлы дабра”, навучэнка мясцовай школы мастацтваў, акардэаністка Таццяна Шашчук і юная вакалістка Дар’я Падгоранка.
А пасля справы ўзялі ў свае рукі прафесіяналы. Гурт “Гуляй, Бульбаш!”, які ўпершыню выступаў перад івянчанамі, прадэманстраваў не толькі выдатную пластыку і цудоўнае валоданне галасамі (як-ніяк, а гэты калектыў “адгалінаваўся” ад шырока вядомых у рэспубліцы “Харошкаў”), але і артыстызмам, уменнем працаваць з залай. У выкананні непараўнальнага Генадзя Санько прагучалі і шансон, і пародыя, і знакамітыя цірольскія напевы — ёдль. Дарэчы, гэты артыст — адзін з траіх чалавек на постсавецкай прасторы, што авалодалі тэхнікай такіх спеваў. Парадаваў выканальніцкім майстэрствам ураджэнец лельчыцкай зямлі Дзмітрый Шуканаў, а выступленне Надзеі Мікуліч, якое было прызапашана на канец мерапрыемства, і ўвогуле выклікала шчырыя, непрытоеныя авацыі: песні, якімі артыстка дзялілася з залай, былі не толькі вядомыя кожнаму тут прысутнаму, але і блізкімі па душы.
Паводле рашэння журы, ад нашага раёна далейшы ўдзел у конкурсе прымуць танцоры “Экспрэсіі”, Яўген Баешка і Даша Падгоранка. Спадзяёмся, гэта магчымасць дазволіць нашым зорачкам ярка заззяць на творчым небасхіле цэлай краіны...



