Другі год запар Беларусь вітае ўдзельнікаў Міжнароднага мастацкага пленэру «Святасць зямлі беларускай». Сёлетні пленэр прысвечаны слаўнаму 500-гадоваму юбілею кнігадрукавання і ролі хрысціянства ў гісторыі беларускай кнігі.
Арганізатарамі выступаюць Маладзечанская епархія БПЦ, ГА «Беларускі саюз мастакоў» і ДУ «Палац культуры» г. Маладзечна. Традыцыйна ініцыятарам мерапрыемства становіцца прыход Святой Еўфрасінні Полацкай у Івянцы.
З пашырэннем кола партнёраў праекта пашыраецца і геаграфія краін-удзельніц – да мастакоў з Беларусі, Украіны, Расіі сёлета далучаецца і Чэхія. Пад кіраўніцтвам творчых куратараў Глеба Отчыка (першага намесніка старшыні ГА «Беларускі саюз мастакоў») і Ігара Гардзіёнка (загадчыка кафедры малюнка, дацэнта БДАМ) больш за 10 мастакоў будуць шчыраваць на традыцыйнай пляцоўцы, якой стане маляўнічая зямля Налібоцкага краю. Духоўнікам пленэру па благаславенні епіскапа Маладзечанскага і Стаўбцоўскага Паўла будзе протаіерэй Віктар Перагудаў.
Праца пленэру распачнецца ўрачыстым адкрыццём, што адбудзецца 3 мая 2017 г. у царкве Святой Еўфрасінні Полацкай у г. п. Івянец Валожынскага раёна ў 11 гадзін. Малебен перад пачаткам усялякай добрай справы ўзначаліць епіскап Маладзечанскі і Стаўбцоўскі Павел.
Прэзентацыя і выніковы вернісаж адбудуцца 11 мая 2017 г. у ДУ "Палац культуры" г. Маладзечна ў 17.00 (г. Маладзечна, пл. Цэнтральная, 4). Акрамя творчай справаздачы мастакоў і ўручэння ім дыплома ўдзельнікаў, імпрэзу аздобіць музычны канцэрт.
На выставе-продажы ўсе ахвотныя змогуць набыць упадабаны твор. Усе выручаныя сродкі пойдуць на рэалізацыю дабрачыннага праекта “Мастакі – дзецям Лета” (дзецям з асаблівасцямі развіцця).
Аргкамітэт запрашае ўсіх аматараў прыгожага і проста неабыякавых людзей наведаць мерапрыемствы пленэру!



