На базе аддзялення дзённага знаходжання інвалідаў ТЦСАН адбылося пасяджэнне рабочай групы, што працуе над стварэннем плана мерапрыемстваў па паляпшэнні інфраструктуры, а таксама якасці сацыяльных і турыстычных паслуг у раёне.
План будзе рэалізаваны ў рамках праекта “Валожын без бар’ераў: умацаванне магчымасцей для прадастаўлення сацыяльных і рэкрэацыйных паслуг людзям з інваліднасцю”, што фінансуецца Еўрапейскім Саюзам пры падтрымцы райвыканкама, грамадскага аб’яднання “Беларускае таварыства інвалідаў”, Мясцовага фонду садзейнічання міжнароднаму дыялогу і супрацоўніцтву “Інтэракцыя”, грамадскага аб’яднання “Адпачынак у вёсцы”.
У абмеркаванні будучага глабальнага дакумента прынялі ўдзел намеснік старшыні райвыканкама Пётр Бібік, старшыня раённага Савета дэпутатаў Сяргей Глінскі, бухгалтар праекта Людміла Дубоўская, старшыня грамадскай арганізацыі “Адпачынак у вёсцы” Валерыя Кліцунова, прадстаўнікі фонду “Інтэракцыя” на чале са старшынёй Ірынай Івановай, кіраўнік Офіса па правах людзей з інваліднасцю Сяргей Драздоўскі, гаспадары аграсядзіб Дзмітрый Наканечны, Аляксандр Сталярскі, Васіль Шакун, старшыня Валожынскай структуры беларускай асацыяцыі дапамогі дзецям-інвалідам і маладым інвалідам, загадчыца дзённага аддзялення для маладых інвалідаў ТЦСАН Ларыса Шчарбачэвіч, псіхолаг Алена Жданюк, эксперт Міхаіл Пліско, старшыні абласной і раённай структур Беларускага таварыства інвалідаў Уладзімір Патапенка і Віктар Субач.
“Развіццё і паляпшэнне якасці сацыяльных паслуг для людзей з інваліднасцю і прадастаўленне гэтай катэгорыі грамадзян турыстычных паслуг нельга разглядаць паасобку”, – адзначыў намеснік старшыні райвыканкама П. І. Бібік.
У рамках праекта ў Налібоцкай пушчы ўжо створана экалагічная сцежка. Гэта толькі частка турыстычнага прадукту “Даступны Валожын”, што ў хуткім часе будзе дапоўнены рознымі відамі адпачынку для людзей з інваліднасцю. Пяць пастаўшчыкоў турыстычных паслуг атрымаюць гранты з фонду праекта для адаптацыі сваіх аграсядзіб да патрэб мэтавай катэгорыі насельніцтва. Плануецца таксама адкрыццё турыстычна-інфармацыйнага і рэкрэацыйнага цэнтра, дзе будуць размешчаны хостэл, канферэнцзала са спецыяльным абсталяваннем для людзей, якія дрэнна бачаць і чуюць. Цэнтр стане першай такой установай у нашай краіне.
Валянціна КРАЎНЕВІЧ,
фота аўтара



