ПАКЛОН ВАМ НІЗКІ, ВОІНЫ СВЯТЛА…
Традыцыйна 9 мая ў раёне прайшлі мерапрыемствы, прысвечаныя 72-й гадавіне перамогі Чырвонай арміі і савецкага народа над фашысцкай Германіяй у Вялікай Айчыннай вайне. Сёння на ўсёй Валожыншчыне засталося 17 прадстаўнікоў легендарнага пакалення воінаў-вызваліцеляў. І толькі тры з іх знайшлі ў сабе сілы далучыцца да агульнага святкавання ўрачыстай даты...
Са шчырымі словамі прызнання, павагі і падзякі звярнуўся да галоўных герояў сёлетняй урачыстасці Аляксея Іванавіча Санталава, Мікалая Рыгоравіча Гарнастая, Маланні Ігнацьеўны Мянцюк і шматлікіх удзельнікаў мітынгу старшыня раённага выканаўчага камітэта Мікалай Анатольевіч Астрэйка. Кіраўнік раённай вертыкалі ўлады назваў імёны жыхароў нашай малой радзімы, што ўнеслі значны ўклад у набліжэнне Вялікай Перамогі. Разам з тым ён нагадаў і пра 67 помнікаў ахвярам вайны на тэрыторыі раёна, якія сведчаць пра сапраўдную цану здабытага міру і спакою...
У час урачыстасці з віншавальнымі словамі да прысутных звярнуўся камандзір 153-й асобнай Кёнігсбергскай ордэна Чырвонай Зоркі радыётэхнічнай брыгады асобага прызначэння Сяргей Вячаслававіч Галіеў. Ад ветэранаў слова трымаў Аляксей Іванавіч Санталаў, моладзь прадставіла педагог-арганізатар сярэдняй школы № 1 г. Валожына Яна Ярота.
Самым кранальным момантам Дня Перамогі год ад году становіцца ўскладанне кветак да брацкай магілы ў скверы на плошчы Свабоды райцэнтра. Сёлета адчувалася нейкая асаблівая пранізлівасць дзеі. Можа таму, што кожны, кладучы барвовыя гваздзікі ў агульны стос, разумеў: гэта не толькі сімвал удзячнасці, але і памяці пра тых, хто назаўсёды пакінуў нас, і што ў наступным годзе кветак стане яшчэ больш...
Апафеозам афіцыйнай часткі мерапрыемства стаў парадны марш вайскоўцаў, да якога далучыліся мажарэткі ў суправаджэнні духавога аркестра Валожынскай дзіцячай школы мастацтваў, члены грамадскіх арганізацый.
Пасля ўсе жадаючыя завіталі на вялікі святочны канцэрт, што падарылі ўдзельнікам мерапрыемства артысты раённага Цэнтра культуры і творчыя калектывы раёна. У гэты ж час на плошчы таксама не сумавалі: хтосьці стаяў у чэргах за харчовай, прамысловай і сувенірнай прадукцыяй у адкрытым продажы, многіх зацікавіла выстава-дэманстрацыя ўзбраення сучаснага беларускага салдата. Самыя маленькія бавілі час у атракцыёнах і чакалі сапраўднай салдацкай кашы, якая, дарэчы, не замарудзіла з'явіцца. Ладзіліся і многія іншыя мерапрыемствы.
Сяргей САДОЎСКІ,
фота аўтара



