Багатай на падзеі выдалася другая палова красавіка для выхаванцаў Івянецкага дома-інтэрната для дзяцей з асаблівасцямі фізічнага развіцця.
У рамках праграмы “Чарнобыльскі шлях” мы наведалі мясцовы Дом культуры, дзе паглядзелі канцэрт юных артыстаў Івянца і вядомых зорак беларускай эстрады начале з Надзеяй Мікуліч. Прымаў у ім удзел і наш выпускнік Яўген Баешка.
Да Міжнароднага дня Зямлі было падрыхтавана пазакласнае мерапрыемства. Убачылі яго і ўдзельнікі пасяджэння раённага метадычнага аб’яднання настаўнікаў біялогіі, геаграфіі і хіміі, які прайшоў на базе Івянецкай сярэдняй школы.
Прынялі выхаванцы ўдзел і ў акцыі “Чысты вадаём”. Папрацавалі мы па меры сваіх магчымасцей на добраўпарадкаванні тэрыторыі каля невялікага штучнага возера паблізу інтэрната, дзе часта бываем разам са сваімі настаўнікамі і выхавацелямі.
На занятках гісторыка-краязнаўчага гуртка “Спадчына” правялі экскурсію на прадпрыемства “Шаг-плюс”, на ім вырабляюць упаковачную прадукцыю. Нам было вельмі цікава паслухаць яго кіраўніка Івана Мікалаевіча Фінкоўскага і паназіраць за працай работнікаў.
Наведалі нашу ўстанову вядомая тэнісістка і тэлевядучая Вольга Барабаншчыкава, былыя выпускнікі і сябры-валанцёры.
Андрэй Клок,
выхаванец Івянецкага дома-інтэрната



