Адрес:

222357, г. Воложин, пл. Свободы, 2

Телефон приемной:

+375 (1772) 5-55-72

Режим работы:

с 8.30 до 13.00 и с 14.00 до 17.30 по будням

горячая линия: +375 (1772) 5-55-72

Ракаў: пярсцёнак на валожынскай руцэ

26.06.2017

Старонкі гісторыі і сённяшні дзень Ракава 

Па ўсталяванай традыцыі кожнае лета ў купальскую ноч палаюць вогнішчы на беразе рэчкі Іслач, што вякамі ахоўвае самабытнае мястэчка Ракаў. Упершыню пісьмова яно ўзгадваецца ў дакуменце вялікага князя літоўскага Казіміра Ягелончыка ў 1465 годзе пры дараванні магнатам Кезгайлам.

Славілася мястэчка адмысловымі ганчарамі, майстрамі па вырабе сельгасмашын: сячкарань, сеялак, арфаў, малатарняў. Дзейнічалі чатыры вадзяныя млыны, цагельня, тартак, гарбарня. Адкрыліся царкоўна-прыходская школа, рамеснае і народнае вучылішчы.

Наведвала Ракаў польская пісьменніца Эліза Ажэшка, якая ўзнагародзіла яго тытулам “паўночныя Афіны”. Свае лісты дасылаў ракаўскім сябрам рускі літаратар Леў Талстой.

На пачатку мінулага стагоддзя Ракаў упрыгожыў мураваны з чырвонай цэглы ў гатычным стылі касцёл Маці Божай Святога Разарыя, шпілі якога і сёння ўзвышаюцца над сядзібамі. Мястэчка сфарміравалася як культурны цэнтр розных канфесій: праваслаўнай, уніяцкай, каталіцкай, іўдзейскай. Тут нарадзіліся польскія славіст прафесар Мар’ян Здзяхоўскі і яго брат пісьменнік Казімір Здзяхоўскі, раманіст Сяргей Пясецкі, яўрэйскія літаратурны крытык Уры Фінкель і празаік, драматург Берл Бацвіннік, беларускія паэт Віктар Шніп, прафесар Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта, акадэмік Міжнароднай акадэміі навук Еўразіі Вячаслаў Рагойша, доктар фізіка-матэматычных навук Казімір Янушкевіч.

Іншым становіцца ўклад жыцця. Раней на кожным падворку была жывёла. Больш як тысяча галоў кароў налічвалася ў гаспадароў, а цяпер і дзясятка няма. І дарма: сырадой мацуе здароўе. Мяне маці лячыла свежым малаком ад пячайкі. Раніцай конаўку вып’еш — і цудоўна сябе адчуваеш. Для страўніка вельмі карысна, усе вітаміны траў у сырадоі.

У апошнія гады тэмпы будаўніцтва прыватнага жылля ўпалі. Банкі прыпынілі выдачу пазык. Але попыт на ўчасткі не падае. На аўкцыёне, які праводзіцца штомесячна,  раскупаюцца і самыя дарагія ўчасткі па цане 14—16 тысяч рублёў. Камісію з шасці чалавек узначальвае старшыня сельсавета Аляксандр Мякінка.

— Хто больш заплаціць, таму і дастаецца надзел, — далучаецца да размовы Аляксандр Антонавіч. — Выручаныя грошы накіроўваем на добраўпарадкаванне населеных пунктаў. На новабудоўлях пракладваем дарогі, водаправод, электрыфікуем іх. Купілі і ўстанавілі дзіцячыя пляцоўкі ў садзіках. Паставілі альтанкі, разбілі кветнікі. Каля каталіцкіх могілак дзякуючы спонсару ўкладваем тратуарную плітку. Заклалі парк каля брацкай магілы. На тэрыторыі населеных пунктаў спілоўваем старыя дрэвы, ачышчаем ад кустоўя дарогі. У перспектыве плануем газіфікаваць жылыя кварталы.

Для навасёлаў ёсць рабочыя месцы ў трох санаторыях, доме-інтэрнаце для псіхічна хворых, сярэдняй школе, бальніцы, сельгаспрадпрыемстве “Тарасава”, філіяле раённай жыллёва-камунальнай службы, лясніцтве і ў прыватных фірмах. Летам дзейнічаюць дзіцячыя аздараўленчыя лагеры. Многія мясцовыя жыхары працуюць у сталіцы, да якой рукой падаць. Пастаянна курсіруюць маршруткі, аўтобусы.

Сапраўдны дэндрапарк у цэнтры Ракава — сядзіба Рагойшаў, на якую правяла мяне праз свой падворак Леакадзія Налецкая. З яе дачкою Вольгай Шэінай мы працавалі на Беларускім радыё. Кароткім выдаўся век прыгажуні Волькі. Маленькіх сыноў Аляксея і Яўгена  пакінула сіротамі. Цяплом сваіх сэрцаў падтрымліваюць Леакадзію Іванаўну суседзі Таццяна і Вячаслаў Рагойшы, шлюбу якіх сёлета спаўняецца паўвека. У Адэсе на навуковай канферэнцыі пазнаёміліся львоўская аспірантка Таццяна Кабржыцкая і малады беларускі вучоны Вячаслаў Рагойша. У Ракаве гулялі вяселле.

На мемарыяльнай дошцы, прымацаванай два гады таму на ракаўскім доме Рагойшаў, пазначана, што сюды па-сяброўску наведваўся класік беларускай літаратуры Уладзімір Караткевіч. Маладажонам пісьменнік пажадаў: “Малю аб вечным і адзіным: хай будзе шчасны на вякі шлюб Беларусі і Украіны, шлюб Львова й Іслачы-ракі”.

Трох сыноў выхавалі Таццяна Вячаславаўна і Вячаслаў Пятровіч. Іх дом стаў Меккай для шматлікіх гасцей. Былую гаспадарчую стадолу Вячаслаў Пятровіч з сынамі пераабсталявалі ў своеасаблівы музей, дзе сабраны ўнікальныя экспанаты, адлюстраваны жыццёвы шлях гаспадара “ад падпаска да акадэміка”. У вершы, прысвечаным 550-гадоваму юбілею мястэчка, які адзначаўся пад дэвізам “Мы маем гонар свой. Мы маем Ракаў”, Вячаслаў Рагойша назваў яго “пярсцёнкам на валожынскай руцэ”. 

Па ініцыятыве акадэміка створаны грамадскі камітэт Ракаўскіх чытанняў. Раз у два гады ладзяцца навуковыя канферэнцыі — Ракаўскія чытанні, якія набылі статус міжнародных.

Цікавы музей-сядзібу стварыў у цэнтры Ракава на бацькоўскім падворку кандыдат мастацтвазнаўства Фелікс Янушкевіч. Пра гісторыю, этнаграфію і культуру гэтага прысталічнага куточка расказваюць і экспанаты краязнаўчага музея сярэдняй школы. Войны ХХ стагоддзя пакінулі ў Ракаве крывавы след. У Вялікую Айчынную нямецка-фашысцкія захопнікі зажыва спалілі больш за тысячу вязняў яўрэйскага гета і знішчылі мястэчка. Каля помнікаў на брацкай магіле і ў цэнтры аграгарадка заўсёды вянкі і кветкі. На ракаўскіх могілках навечна спачываюць вядомы польскі кампазітар Міхаіл Грушвіцкі, які пісаў музыку на словы Уладзіслава Сыракомлі, оперны спявак заслужаны артыст Украіны Вячаслаў Кабржыцкі, беларуская пісьменніца Тамара Чабан і журналістка Вольга Налецкая, продкі вядомага амерыканскага палітычнага дзеяча Збігнева Бжазінскага.

Шаноўна адносяцца ракаўчане да культурнай спадчыны. Традыцыйную беларускую дуду рэканструяваў музыка Тодар Кашкурэвіч. Цудоўна засвоіў рэдкі інструмент выпускнік Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта культуры і мастацтва Максім Палуйчык. На свістульках выводзіць народныя мелодыі яго дзесяцігадовы сын Андрэйка.

Традыцыі старажытнага мястэчка развіваюцца ў Цэнтры народнай творчасці, якім кіруе Хрысціна Лямбовіч. Высокія ўзнагароды на ўсебеларускіх і замежных фестывалях і конкурсах атрымліваюць заслужаны аматарскі калектыў — фальклорны гурт “Гасцінец” і узорны фальклорны гурт “Вянок”. Выступленні іх упрыгожаць купальскае свята і традыцыйны “Ракаўскі фэст”, які звычайна праводзіцца ў апошнія дні лета.

Па матэрыялах газеты “Сельская газета”

Задайте вопрос