Адрес:

222357, г. Воложин, пл. Свободы, 2

Телефон приемной:

+375 (1772) 5-55-72

Режим работы:

с 8.30 до 13.00 и с 14.00 до 17.30 по будням

горячая линия: +375 (1772) 5-55-72

Ведаць, памятаць, шанаваць

22.05.2013

/22 мая 2013 года - Соб. инф./

    

      Землякі і спадкаемцы слаўнай беларускай паэтэсы Канстанцыі Буйло, 120-годдзе з дня нараджэння якой адзначылі ў студзені, не маглі, вядома ж, абысці ўвагай такую юбілейную дату. У названым месяцы народным літаратурна-мастацкім аб’яднаннем “Рунь” РЦК праведзены агляд  творчасці нашай вядомай зямлячкі “Дарога даўжынёй у жыццё” для ўдзельнікаў літаратурных гурткоў (метадыст аб’яднання Міхась Курыла)  і  літаратурна-мастацкая кампазіцыя “Пяснярка роднага краю” для навучэнцаў Валожынскага сельскагаспадарчага ліцэя, якая ладзілася сумесна з раённай бібліятэкай.

      А 11 мая, калі, як пісала ў адным са сваіх вершай сама Канстанцыя Буйло: “Вясною, з новых сіл прылівам Наш сад магутна зацвіце...”, на любай і апетай ёй і іншымі творцамі Вішнеўскай зямлі правялі сустрэчу-ўшанаванне, сустрэчу-ўспамін, якую назвалі  радком яе ж песні-гімна роднай старонцы “Люблю наш край...”.

      Пачалося мерапрыемства на вішнеўскіх могілках, дзе пахаваны прах паэтэсы, з ускладання кветак на яе магілку і слоў малення за яе душу і за тое, каб памяць аб слаўнай творцы ніколі не гасла  ў нашых сэрцах, якія так шчыра прамовіў па-беларуску настаяцель мясцовага касцёла  Найсвяцейшай Дзевы Марыі ксёнз Юзэф.

      У зале ж Вішнеўскага СДК, дзе сабраліся ў асноўным прадстаўнікі Вішнеўскай, Багданаўскай школ, а  таксама СШ №1 і №2 г.Валожына, работнікі культуры і ўдзельнікі  літаратурнага Клуба “Спадчына” названай установы культыры, гучалі ўспаміны яе і пра яе, вершы і песні.

      Шаноўная госця і наша зямлячка – дырэктар Беларускага дзяржаўнага архіва-музея літаратуры і мастацтва Ганна Вячаславаўна Запартыка не толькі надзвычай цікава расказала аб шматлікіх здымках, літаратурных экспанатах, якія больш поўна апавядаюць пра жыццёвы і творчы шлях Канстанцыі Буйло, але і прывезла выставу-прэзентацыю ўсяго гэтага, якая дэманстравалася пад час выступлення на мультымедыйным экране. Вішнеўскай школе, якая носіць імя слаўнай паэтэсы, Ганна Вячаславаўна перадала  гэтую выставу, запісаную на дыску  і пакет дакументальных копій.

    Пранікнёна чыталі творы Канстанцыі Буйло вучаніцы СШ №1 і №2 г. Валожына Эльвіра Шыбко, Анастасія Сінкевіч і Паліна Макарэвіч, але, бадай найболшьшым хваляваннем і гонарам было напоўнена сэрца адзінаццацікласніцы Вішнеўскай СШ Вікторыі Гардынец, якая не толькі чытала вершаваныя радкі вядомай зямлячкі і прысвечаныя ёй, але і  была адной з вядучых мерапрыемства. А паміж выступленнямі і словамі вядучых  шчыра і прыгожа гучалі ў выкананні салістаў РЦК  Таццяны Анушэўскай, Андрэя Барыгіна і Кацярыны Макей песні “Люблю наш край...”(на сл.К.Буйло), “Мой родны кут...” (на сл. Я.Коласа) і “Зямля мая”. І нібыта ажывалі малюнкі пражытага і перажытага будучай і ўжо сталай паэтэсы, калі гучалі, пад ціхую мелодыю, яе ўспаміны з вуснаў маладога спецыяліста РЦК Вольгі Казак.

       Спадзяёмся, што праведзенае мерапрыемства ўзбагаціла моладзь Вішнеўшчыны, Валожыншчыны новымі ведамі, дапамагло глыбей пранікнуцца пачуццём шанавання і зберажэння роднай спадчыны.

 

                                                         Валянціна Русакевіч, кіраўнік народнага

                                                       літаратурна-мастацкага аб’яднання “Рунь”

                                                        Валожынскага раённага Цэнтра культуры           

Задайте вопрос