Адрес:

222357, г. Воложин, пл. Свободы, 2

Телефон приемной:

+375 (1772) 5-55-72

Режим работы:

с 8.30 до 13.00 и с 14.00 до 17.30 по будням

горячая линия: +375 (1772) 5-55-72

Сяло, будзь заўсёды весяло!

21.07.2017

Жыхары Белакорца адзначылі свята вёскі. “Гэй, сяло – весяло!” – такую назву далі мерапрыемству арганізатары.

Ужо з самага ранку ў двары аграсядзібы “Дом на Іслачы” кіпела жыццё. Гаспадары Дзмітрый і Таццяна Шчокалавы з дапамогай мясцовых актывістаў займаліся аздабленнем святочнай прасторы. Гукі музыкі, што чутны былі па ўсім наваколлі, сабралі каля пяцідзесяці чалавек, сярод іх – карэнныя жыхары, іх дзеці і ўнукі, дачнікі, госці з райцэнтра.

1-24820

Падчас адкрыцця ўдзельнікаў свята вітаў старшыня Валожынскага сельвыканкама Дзмітрый Казіміравіч Карачун. Прадстаўнік мясцовай улады ўручыў падарункі жанчынам, якія маюць шаноўны ўзрост і карыстаюцца вялікай павагай вяскоўцаў, – Зінаідзе Васільеўне Рудовіч і Таццяне Васільеўне Шакун. Атрымала памятны сувенір Софія Канстанцінаўна Бацян, у гэты дзень яна сустрэла чарговы дзень нараджэння. Яе прыйшлі павіншаваць сваякі: дачка, зяць, унукі. Была адзначана работа старасты Чаславы Феліксаўны Вярбіцкай. За лепшы падворак узнагародзілі Ганну Пракопаўну Бацян.

Любімыя і паважаныя на Валожыншчыне артысты – Ларыса Шарко, Ларыса Тур, Вольга Дзедуль, Дзмітрый Завацкі, Васіль Марзак, Марына Чабай, Юлія Крамянецкая, Сяргей Букштуновіч, Валерый Мазура – выконвалі песні, чыталі вершы і маналогі. У складзе “Дубінскіх фанабэраў” самадзейныя артысты дэманстравалі лепшыя гумарыстычныя мініяцюры. Жыхары Белакорца з задавальненнем падтрымлівалі артыстаў – спявалі разам з імі, дарылі гучныя апладысменты і прыгожыя букеты.

Фінальнай кропкай свята, якому ўсе ўдзельнікі жадалі не заканчвацца як мага даўжэй, стала дружнае застоллле, дзе можна было і гарбаты выпіць, і пачаставацца прысмакамі мясцовых гаспадынь. Музыка і песні гучалі ў гэты дзень бадай да самага вечара. Жыхары вёскі, разыходзячыся дадому, запэўнілі тых, хто падарыў ім цудоўны настрой, што будуць з нецярпеннем чакаць наступнай сустрэчы.

Валянціна КРАЎНЕВІЧ,

фота Валянціны БАЦЯН

Задайте вопрос