/10 июня 2013 года - Соб. инф./ Будслаўская ікона Маці Божай – адна з важнейшых духоўных святыняў Беларусі. Сёлета ў ліпені спаўняецца чатырыста гадоў гэтаму цудадзейнаму абразу. Арыгінал ніколі не пакідаў улоння храма ў Будславе. А копія для пакланення вернікамі заўсёды выстаўлялася на плошчы ў час вялікай хрысціянскай урачыстасці, яна традыцыйна вянчае і Хросны ход. За сотні кіламетраў ідуць пілігрымы, каб пакланіцца святыні.
З многіх краін свету наведваюцца вернікі ў санктуарый на Мядзельшчыне, каб малітоўна папрасіць заступніцтва і апекі Маці Божай.
У кастрычніку мінулага года копія іконы адправілася ў своеасаблівае падарожжа па парафіях Беларусі. Суправаджае ікону кусташ Нацыянальнага санктуарыя ў Будславе айцец Віктар Бурлака.
На гэтым тыдні вечарам у аўторак Будслаўскі абраз даставілі ў касцёл святога Юзафа ў Валожыне. Тут яна прабыла да вечара наступнага дня, а затым з пачцівым паклонам і шчырай удзячнасцю за магчымасць памаліцца перад святым лікам Багародзіцы яе ўрачыста праводзілі ў іншую парафію.



