Працягваюцца мерапрыемствы ў рамках рэспубліканскай акцыі “У школу разам” Таварыства Чырвонага Крыжа.
Старшыня раённай структуры Антаніна Уладзіміраўна Трацэўская разам з валанцёрамі – маладымі спецыялістамі ЦТДіМ Паўлам Аляксандравічам Ляшчынскім і Іванам Генадзьевічам Міхеткіным – наведалі сацыяльны прытулак. Сярод хлопчыкаў і дзяўчынак, што часова выхоўваюцца тут, сямёра школьнікаў. Менавіта яны атрымалі абутак, адзенне, канцылярскія тавары. На набыццё гігіенічных сродкаў установе перададзена 100 рублёў. Дапамога ў выглядзе 70 рублёў аказана цэнтру карэкцыйна-развіваючага навучання.
Грошы былі сабраны ў спецыяльную скарбонку Чырвонага Крыжа з дапамогай індывідуальных прадпрымальнікаў. Значны ўклад у высакародную справу ўнесла гаспадыня магазіна “Люстэрка” Святлана Іванаўна Бычкоўская. Менавіта яна прадаставіла найбольшую колькасць якасных і карысных рэчаў. Традыцыйна ўважлівымі да дабрачынных акцый застаюцца гаспадары магазінаў “Вясёлка”, “Максім”, а таксама “Аўтазапчасткі” па вул. Савецкай.
У рамках гэтай жа акцыі актывісты грамадскай арганізацыі змаглі падтрымаць матэрыяльна семярых навучэнцаў сельскагаспадарчага прафесійнага ліцэя. Цікава, што большасць з іх з’яўляюцца валанцёрамі Чырвонага Крыжа.
Валянціна КРАЎНЕВІЧ



