Адрес:

222357, г. Воложин, пл. Свободы, 2

Телефон приемной:

+375 (1772) 5-55-72

Режим работы:

с 8.30 до 13.00 и с 14.00 до 17.30 по будням

горячая линия: +375 (1772) 5-55-72

ЯК ПАСЕЕМ, ТАК САЖНЁМ

29.09.2017

 

У раёне набрала поўны ход кампанія па сяўбе азімых зерневых культур. З яе прамежкавымі вынікамі можна азнаёміцца ў прыведзенай ніжэй табліцы. А мы раскажам чытачам, як гэты працэс ідзе непасрэдна ў сельгаспрадпрыемствах. Кантрасты гаспадарання выразна прасочваюцца на прыкладзе дзвюх гаспадарак – ААТ "Агра-Дубінское" і ТАА "Адамова-агра".

Зрабіць якасна і ўкласціся ў тэрміны – такая задача стаіць перад удзельнікамі сяўбы азімых зерневых культур. Гэта час руплівасці аратых, сейбітаў, механізатараў, якія прасуюць і кладуць у сцірты салому, уносяць угнаенні, належным чынам рыхтуюць і "распушваюць" глебу, каб насенне клалася роўна і дало пасля зімы добрыя ўсходы.

Толькі пры такіх умовах пшаніца, жыта, трыцікале змогуць да наступлення першых замаразкаў не толькі прарасці, але і паспеюць назапасіць неабходныя пажыўныя рэчывы і ўжо не будуць баяцца нізкіх тэмператур.

Дубінскія палеткі парадуюць любога гаспадара. Праязджаючы праз хлебныя мясціны гэтага сельгаспрадпрыемства, даешся дзіву вопыту і разумнай стратэгіі кіраўніцтва і галіновых спецыялістаў, працавітасці і майстэрству механізатараў. Здавалася б, і плошчы немалыя, і землі няпростыя, а як дагледжаны! Тут і контурнасць, і роўнядзь, і камяніцы не бачна. А на ўчастках, засеяных да нядаўніх дажджоў, ужо зелянеюць парасткі, што на наступны год стануць добрым зачынам жніва...

Па стане на 27 верасня ў ААТ "Агра-Дубінское" засеяна 650 гектараў зерневых культур, а таксама 50 гектараў азімых на зялёны корм. Гаспадарка на 100% забяспечана калійнымі ўгнаеннямі,  ёсць неабходны мінімум фасфатаў (гэты від мінералаў каштуе нятанна: цана 1 тоны складае на айчынным рынку 1800 рублёў, таму ў цэлым такая сітуацыя характэрная для ўсіх сельгаспрадпрыемстваў нашага рэгіёну). Пры спрыяльным надвор'і тут разлічваюць не проста закрыць план (ён складае сёння 900 гектараў), але і высеяць звыш нормы і дагнаць названую лічбу да 1200 га. Ведаючы мэтанакіраванасць дубінцоў, ім гэта, хутчэй за ўсё, удасцца.

На землях ТАА "Адамова-агра" з запланаваных да сяўбы азімых зерневых 710 гектараў на час аб'езду работа была завершана на 303-х. Паралельна з гэтай справай вядзецца заворванне глебы, уласнымі сіламі ладзіцца падбор каменняў. Апошнімі, дарэчы, адамоўскія палі ўсыпаны надзвычай шчодра. І высілкаў адзінага механізатара, камандзіраванага ў той дзень самастойна збіраць вялікія і малыя рэшткі апошняга глабальнага абледзянення, было яўна недастаткова...

Сітуацыя ў гаспадарцы насамрэч складаная. Асабліва ў частцы забяспечанасці тэхнікай і рабочымі рукамі. Як засведчыў галоўны аграном таварыства з абмежаванай адказнасцю, на хаду засталіся толькі тры трактары "МТЗ-1221". Астатнія чатыры прастойваюць – у іх няспраўныя рухавікі. Праўда, на днях адзін матор прывезлі, таму можна разлічваць, што машынна-трактарны парк трошкі "ажыве" ў бліжэйшы час.

Запас узаранай пад сяўбу плошчы ў гаспадарцы складае каля 190 гектараў. На работах задзейнічаны два ўласныя сельгасагрэгаты і адзін, камандзіраваны на дапамогу з ААТ "Валожынская райаграпрамтэхніка". Але ж, згодна з тэхналогіяй, неабходна яшчэ правесці і постапрацоўку глебы, раздрабніць узнятыя плугамі груды. А культыватар у адамоўцаў толькі адзін, і той сапсаваўся... Вось і атрымліваецца, што ў пагоні за выкананнем тэрмінаў работ пакутуе іх якасць. "Апраўданасць" такога кроку пакажуць вынікі ўраджаю 2018 года.

Сяргей САДОЎСКІ,

фота аўтара

Задайте вопрос