Трынаццацігадовы Кірыл РЫНКЕВІЧ з Валожына сёлета залічаны курсантам спецыялізаванага ліцэя Міністэрства ўнутраных спраў. На пытанне, ці марыць ён стаць генералам, адказвае: “Не генералам, а генерал-палкоўнікам!”, а калі мы з калегай пацікавіліся, які першы загад ён аддасць у такім высокім званні, то пасля кароткай паўзы пачулі: “Павялічыць усім ветэранам пенсіі...”
Нягледзячы на юны ўзрост, хлопчык два гады выношваў планы пра паступленне ў ліцэй. А пачалося ўсё з аб’явы ў раённай газеце. Яе надрукавалі па просьбе кіраўніцтва Валожынскага РАУС. Мама Кірыла, Алена Эдуардаўна, тады таксама зацікавілася. Найперш жанчына ацаніла матэрыяльны бок прапановы, бо ёй, удаве, нялёгка падымаць двух сыноў. А тут гарантавалі бясплатнае пражыванне і харчаванне, абмундзіраванне і прывілеі пры паступленні ў ВНУ міліцэйскага профілю. Вядома, існавала верагоднасць, што за два гады Кірыл перадумае, але так не здарылася. Наадварот, жаданне апрануць форму курсанта ў хлопчыка толькі ўзрастала. Ён пачаў старанна займацца спортам, асабліва дзюдо і самба. Дома толькі і гутаркі было, што пра любімых трэнераў ДЮСШ Уладзіміра Аляксандравіча Калашнікава і Аляксандра Леанідавіча Садоўскага. А яшчэ Кірыл разам са старэйшым братам Барысам хадзіў у трэнажорную залу. Добрыя вынікі не прымусілі сябе чакаць. Зараз у юнага спартсмена каля дзясятка медалёў, грамат за перамогі ў паядынках. Дарэчы, будучы на восеньскіх канікулах, курсант-першакурснік Кірыл Рынкевіч заняў першае месца ў сваёй узроставай групе на раённых спаборніцтвах па дзюдо.
Фізічная падрыхтоўка аказалася недарэмнай: Кірыл атрымаў па ёй самы высокі бал пры паступленні. Нядрэнна здаў матэматыку і беларускую мову. Экзамены аказаліся сапраўдным выпрабаваннем. Уставаць даводзілася ў 4.00, каб паспець прывесці сябе ў парадак і не спазніцца на аўтобус. З усёй Беларусі ў ліцэй паступілі 50 трынаццацігадовых падлеткаў, якія паспяхова вытрымалі конкурс чатыры чалавекі на месца.
У працэсе паступлення Валожынскі РАУС аказваў юнаму абітурыенту ўсебаковую падтрымку, забяспечваў неабходныя хадайніцтвы. Акрамя Кірыла ў ліцэй сёлета залічаны яшчэ адзін хлопчык з нашага раёна.
Убачыўшы на афіцыяльным сайце ліцэя спіскі паступіўшых і сярод іх сваё прозвішча, Кірыл ад радасці аж скакаў, яго абдымалі і цалавалі мама і брат. Развітвацца з роднымі было трохі сумна, але суцяшала тое, што дысцыплінаваных і старанных ліцэістаў кожныя выхадныя адпускаюць дадому. Курсант Рынкевіч не падвёў ні сваю сям’ю, ні РАУС, які даваў яму рэкамендацыі.
Пасля гутаркі з гэтым маладым чалавекам мне падумалася: “Хлопчык абавязкова многага даб’ецца ў сваім жыцці: у яго характары ёсць мэтанакіраванасць і здаровая амбіцыйнасць, яму ўласцівы пачуццё гумару і павага да людзей старэйшага пакалення. Ён рана зведаў смак перамогі: на спартыўным рынгу, над уласнымі слабасцямі...”
Не выключаю, што Кірыл Аляксандравіч Рынкевіч і сапраўды калісьці будзе насіць пагоны генерал-палкоўніка…
Алена ЗБІРЭНКА,
фота аўтара



