пад такой агульнай назвай у Валожынскім раённым Цэнтры культуры 1-га і 2-га верасня праведзены літаратурна-пазнавальныя сустрэчы для вайскоўцаў і вучняў школ г.Валожына. Гэтыя сустрэчы, прымеркаваныя да Дня беларускага пісьменства, прайшлі па ініцыятыве народнага літаратурна-мастацкага аб’яднання “Рунь” сумесна з раённай бібліятэкай. Вядучыя (кіраўнік названага аб’яднання Валянціна Гіруць-Русакевіч і біблітэкар 1-й катэгорыі Марына Тур) расказалі пра слаўных першаасветнікаў, якія стварылі падмурак для сённяшняга беларускага пісьменства, правялі экскурс па гарадах Беларусі, якім выпаў гонар быць сталіцай свята Роднага Слова. Расповяд перамяжоўваўся вершамі вядомых беларускіх паэтаў, а таксама ўдзельнікаў “Руні”, прысвечанымі слаўным асветнікам і творцам, роднай мове, Яго Вялікасці Слову, якія гучалі ў выкананні школьнікаў і ў аўтарскім выкананні. Дырэктар раённай цэнтралізаванай бібліятэчнай сістэмы Ірына Зянько расказала пра слаўных творцаў Валожынскага краю, а метадыст “Руні” Святлана Бабровіч аздобіла мерапрыемства цікавай мультымедыйнай прэзентацыяй.
Гэтай жа тэме была прысвечана гутарка “Родны край зверабоя і мяты...”, якую правёў для вучняў сярэдніх класаў СШ №1 г.Валожына член Мінскага абласнога аддзялення ГА “Саюз пісьменнікаў Беларусі”, метадыст названага літаратурна-мастацкага аб’яднання Міхась Курыла. Ён расказаў аб сталіцы сёлетняга дня пісьменства -- слаўным Быхаве, пазнаёміў юных слухачоў з творчасцю як шырока вядомых майстроў прыгожага пісьменства Валожыншчыны, так і пачынаючых літаратараў, удзельнікаў “Руні”.



