Адрес:

222357, г. Воложин, пл. Свободы, 2

Телефон приемной:

+375 (1772) 5-55-72

Режим работы:

с 8.30 до 13.00 и с 14.00 до 17.30 по будням

горячая линия: +375 (1772) 5-55-72

ЛІТАРАТАРЫ ЗАВІТАЛІ Ў ГОСЦІ

19.12.2017

 

З удзельнікамі мастацка-літаратурнага аб’яднання “Рунь” сустрэліся вядомыя беларускія паэты Алесь Бадак і Віктар Шніп.

Паэт, празаік, перакладчык В. Шніп – наш зямляк, ён нарадзіўся ў вёсцы Пугачы. Скончыў Мінскі архітэктурна-будаўнічы тэхнікум. Пасля творчыя здольнасці, якія пачаў развіваць яшчэ ў школьныя гады, прывялі маладога чалавека на вышэйшыя літаратурныя курсы Літаратурнага інстытута імя М. Горкага ў Маскве. Працаваў у часопісе “Беларусь”, газетах “Наша слова” і “Літаратура і мастацтва”. Зараз ён – галоўны рэдактар выдавецтва “Мастацкая літаратура”, член Саюза пісьменнікаў Беларусі, лаўрэат спецыяльнай прэміі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь у галіне літаратуры, аўтар мноства зборнікаў паэзіі, кніг для дзяцей.

А. Бадака большасць беларусаў ведаюць як паэта-песенніка. Ён жа – празаік, публіцыст, крытык. Родам з Ляхавіцкага раёна Брэсцкай вобласці. У свой час скончыў філалагічны факультэт БДУ. Раней працаваў у часопісах “Бярозка”, “Маладосць”, “Нёман”, узначальваў рэдакцыю часопіса “Полымя”. З’яўляецца дырэктарам выдавецтва “Мастацкая літаратура”, членам Саюза пісьменнікаў Беларусі, лаўрэатам рэспубліканскіх конкурсаў песні, літаратурнай прэміі “Залаты апостраф”.

Сустрэчу са знакамітымі гасцямі ўдзельнікі аб’яднання арганізавалі ў выглядзе круглага стала. За кубкам гарбаты ў РЦК былі абмеркаваны дасягненні рунеўцаў за 2017 год. Мясцовыя паэты змаглі задаць пытанні вопытным творцам, падзяліцца планамі. У мерапрыемстве прыняў удзел начальнік аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама Вікенцій Мікалаевіч Адамовіч. Ён падкрэсліў важнасць работы, якую праводзіць кіраўнік “Руні” Валянціна Францаўна Гіруць-Русакевіч і яе аднадумцы. Прадстаўнік улады запэўніў: “Валожынскія літаратары заўсёды будуць карыстацца падтрымкай адміністрацыі раёна. Сёння выданне кнігі – справа затратная, і ў большасці выпадкаў паэты і пісьменнікі расходуюць на гэтыя мэты ўласныя і спонсарскія сродкі. Тым не менш, той, хто валодае паэтычным ці празаічным дарам, друкуецца на старонках раённай газеты, мае магчымасць стаць адным з аўтараў калектыўных зборнікаў”.

Упрыгожыла сяброўскую сустрэчу ўшанаванне паэткі Ірыны Жытарук. Нядаўна творчая асоба, якая на працягу многіх гадоў прысвячае вольны час паэзіі, адзначыла юбілейную дату. Калегі па пяру ўручылі Ірыне Сцяпанаўне памятныя падарункі, прагучала пажаданне далейшых поспехаў на літаратурнай ніве.

Майстры слова з задавальненнем адказвалі на пытанні мясцовых паэтаў, выслухалі іх прапановы і пажаданні. У выкананні аўтараў прагучала некалькі вершаў. Вынікам сустрэчы стала калегіяльнае рашэнне наладзіць у хуткім часе шэраг майстар-класаў па розных літаратурных кірунках і жанрах. 

У гэты ж дзень прайшла акцыя “Кнігі школе”. У актавай зале раённай бібліятэкі Віктара Шніпа і Алеся Бадака сустрэлі школьнікі, якія прадставілі навучальныя ўстановы Валожыншчыны. Хлопчыкі, дзяўчынкі і іх педагогі, што завіталі на мерапрыемства, цікавяцца мастацкім словам, некаторыя маюць уласны літаратурны вопыт. Таму можна сказаць: усе ўдзельнікі сустэчы, якая адбылася ў форме дыялога, адчувалі сябе на адной хвалі з вядомымі людзьмі. Літаратары грунтоўна ставіліся да кожнага пытання, расказвалі пра свае дзіцячыя гады, вучобу, першыя спробы пяра. Прагучала некалькі слушных парад, асноўная з якіх – даражыць сваім талентам, развіваць яго і заўсёды адэкватна рэагаваць як на пахвалу, так і на крытыку.

Напрыканцы мерапрыемства Віктар Анатольевіч і Алесь Мікалаевіч перадалі школьным бібліятэкам пятнаццаць камплектаў кніг ад галоўнага дзяржаўнага выдавецтва рэспублікі. Метадыст аддзела адукацыі, спорту і турызму Ірына Уладзіміраўна Бобрык выказала падзяку шаноўным гасцям і ўручыла ім на памяць аб сустрэчы з валожынскімі школьнікамі сувенір, выкананы рукамі выхаванцаў цэнтра творчасці дзяцей і моладзі – незвычайную калядную ёлку.

Валянціна КРАЎНЕВІЧ,

фота аўтара

Задайте вопрос