Напярэдадні Новага года ў Цэнтры культуры прайшоў канцэрт Валожынскай дзіцячай школы мастацтваў. Такія сустрэчы з гледачамі сталі ўжо традыцыйнымі і носяць характар творчай справаздачы за першае паўгоддзе навучальнага года.
Выступленні навучэнцаў і педагогаў вышэйназванай установы даўно палюбіліся жыхарам райцэнтра, таму глядзельная зала заўсёды ледзь умяшчае жадаючых трапіць на мерапрыемства. Так было і ў гэты раз. Шчырымі апладысментамі прысутныя сустракалі кожны новы нумар.
Традыцыйна распачаў дзею ўзорны духавы аркестр пад кіраўніцтвам Уладзіміра Грука. Яго выступленні падымаюць настрой, заварожваюць прыгажосцю і дакладнасцю выканання. Калектывам ганарыцца не толькі школа мастацтваў, але і ўся Валожыншчына.
А далей прысутныя акунуліся ў чарадзейную казку. Папялушка з сёстрамі і мачыхай, фея і яе памочнік, Дзед Мароз і Снягурка, чароўнае люстэрка і прынц перыядычна з’яўляліся на сцэне, іх выхады лаканічна перамяжоўваліся з канцэртнымі нумарамі. Пачынаючыя артысты вельмі хваляваліся, асабліва тыя, хто ўпершыню стаяў на вялікай сцэне. Зразумела, што кожны з іх хацеў паказаць родным, блізкім і сябрам, якіх значных поспехаў дасягнуў за час навучання.
Юныя таленты на працягу амаль дзвюх гадзін радавалі гледачоў сваім майстэрствам. Канцэртная праграма была насычанай. Хлопчыкі і дзяўчынкі старанна ігралі на фартэпіяна, цымбалах, баяне, скрыпцы і іншых інструментах, натхнёна выконвалі песні і танцавалі. Як і заўсёды, шквал апладысментаў заслужылі саксафаністы Ягор Казлоў і Аляксей Пашкоўскі. На ўра прайшлі выступленні музычных ансамбляў. Шмат прыемных хвілін падаравалі прысутным таленавітыя спевакі. Не пакінулі нікога раўнадушнымі хоры малодшых і старэйшых навучэнцаў. Дружнымі апладысментамі сустрэлі танец самых маленькіх удзельніц. Заўзятымі атрымаліся нумары старэйшых дзяўчынак, якія прыгожымі, адточанымі рухамі надавалі адметнасць усяму канцэрту. Сваё выканальніцкае майстэрства прадэманстравалі і выкладчыкі, віртуозна сыграў дуэт баяніста Алега Каранеўскага і акардэаністкі Аксаны Зянько.
Стварыць неверагодную святочную атмасферу дапамаглі і гледачы, што горача падтрымлівалі юных зорачак апладысментамі і цёплымі словамі. Усе былі ў захапленні ад убачанага і пачутага на сцэне. Закончылася прыгожая падзея ў жыцці райцэнтра, а сэрцы прысутных яшчэ доўга поўніліся нястрымнай энергіяй і моцным зарадам пазітыву.
Анжэла РАДЫНА,
фота аўтара



