Летась міністрам па надзвычайных сітуацыях генерал-лейтэнантам унутранай службы У. А. Вашчанкам быў аб’яўлены конкурс “На лепшы фотаздымак аб дзейнасці органаў, падраздзяленняў і арганізацый сістэмы Міністэрства па надзвычайных сітуацыях Рэспублікі Беларусь”.
Калекцыя фотаздымкаў з удзелам супрацоўнікаў раённага аддзела МНС заўсёды вызначалася багаццем сюжэтаў, вобразаў і твараў. Найчасцей расчахляе аб’ектыў камеры інспектар групы прапаганды і навучання Алеся Радвіловіч. У верасні яна разам са сваімі калегамі прымала ўдзел у Ракаўскім фэсце нацыянальных культур. Выратавальнікі тады не толькі сачылі за бяспекай на месцы масавага гуляння, але і самі з’яўляліся аб’ектам увагі, асабліва з боку дзяцей і падлеткаў. Хлопчыкам і дзяўчынкам дазвалялася пасядзець у кабіне пажарнай машыны, разгледзець спецыяльнае абсталяванне, якое выкарыстоўваецца пры ратаванні людзей, прымераць форму выратавальніка.
Сярод юных экскурсантаў Алеся Аркадзьеўна заўважыла хлапчука ў касцюме супрацоўніка МНС. Каларытны персанаж пагадзіўся папазіраваць на фоне пажарнай машыны. Пазней гэта фота ў ліку іншых было адпраўлена на рэспубліканскі конкурс Міністэрства МНС.
Зусім нядаўна прыйшла радасная навіна: партрэт хлопчыка ў форме прызнаны лепшым у намінацыі “Выратавальнікі і дзеці”. А. А. Радвіловіч прымае віншаванні, а вось галоўны “віноўнік” пакуль што застаецца інкогніта і, хутчэй за ўсё, не ведае, што стаў зоркай фотаконкурсу. Пошукі героя, яго бацькоў ці знаёмых вядуцца па сённяшні дзень…
Алена ЗБІРЭНКА



