У мінулую пятніцу пад старшынствам кіраўніка Валожыншчыны Мікалая Анатольевіча Астрэйкі прайшло пасяджэнне раённага выканаўчага камітэта па выніках выканання Комплекснай праграмы па прафілактыцы правапарушэнняў на тэрыторыі раёна ў 2017 годзе. На мерапрыемстве прысутнічалі высокія госці – намеснік Дзяржаўнага сакратара Савета Бяспекі Рэспублікі Беларусь Андрэй Аляксандравіч Уцюрын і часова выконваючы абавязкі па пасадзе начальніка Упраўлення ўнутраных спраў Мінаблвыканкама Вадзім Львовіч Мурын. З дакладам па тэме парадку дня выступіў начальнік РАУС Ігар Уладзіміравіч Шакун. Пасля заслухвання была вынесена агульная заўвага:
СІСТЭМА БАРАЦЬБЫ З ПРАВАПАРУШЭННЯМІ ПАТРАБУЕ ПАВЫШЭННЯ ЭФЕКТЫЎНАСЦІ
Дзяржава абараняе жыццё чалавека ад любых супрацьпраўных замахаў. У адпаведнасці з гэтым патрабаваннем Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь праведзена шырокае кола мерапрыемстваў. Для прафілактыкі папярэджання здзяйснення цяжкіх і асабліва цяжкіх злачынстваў супраць асобы ў даступных месцах была размешчана інфармацыя аб «тэлефоне даверу». У 2017 годзе на «тэлефон даверу» паступіла 15 званкоў, з іх 2 – па праблеме дамашняга насілля. Адзін чалавек з ліку дзяцей-сірот і дзяцей, якія засталіся без апекі бацькоў, быў змешчаны ў “крызісны” пакой у сувязі з цяжкай жыццёвай сітуацыяй.
На працягу мінулага года да адміністрацыйнай адказнасці прыцягнуты 162 асобы (+12,3% да паказчыка 2016 года) за здзейсненыя правапарушэнні ў сферы сямейна-бытавых адносін. Сямейным скандалістам вынесена 14 ахоўных прадпісанняў. Усё гэта ў сукупнасці дазволіла не дапусціць на тэрыторыі Валожыншчыны забойстваў, прычынення цяжкіх цялесных пашкоджанняў, а таксама разбойных нападаў і згвалтаванняў.
Нягледзячы на прымаемыя меры, не губляе актуальнасці праблема алкагалізацыі насельніцтва. На прафілактычным уліку ў РАУС застаецца 80 асоб. Ва ўрача-нарколага на дыспансерным уліку знаходзяцца 950 чалавек, яшчэ 468 – на прафілактычным уліку. З гэтымі людзьмі праводзяцца мерапрыемствы агульнай і індывідуальнай прафілактыкі, іх паводзіны пільна кантралююцца. У дачыненні да 30 асоб, што злоўжываюць алкаголем, прыменена накіраванне для прымусовага лячэння ва ўмовах ЛПП (2016 – 53).
Суб’ектамі прафілактыкі праводзіцца папулярызацыя здаровага ладу жыцця. Ва ўстановах адукацыі і культуры для навучэнцаў і іх бацькоў арганізаваны мерапрыемствы, падчас якіх узнімаюцца пытанні прафілактыкі п’янства і наркаманіі, тактыкі выяўлення тых, хто знаходзіцца ў стане алкагольнага, наркатычнага ап’янення або спажыў псіхаактыўныя рэчывы. За справаздачны перыяд праведзены 14 акцый на тэму здаровага ладу жыцця для дзяцей і падлеткаў. У дзіцяча-юнацкай спартыўнай школе арганізавана работа 27 спартыўных секцый, дзе займаюцца 267 чалавек.
Сіламі супрацоўнікаў РАУС і іншых зацікаўленых органаў ажыццяўляюцца мерапрыемствы па барацьбе з самагонаварэннем, парушэннямі правапарадку. Папярэджаны 103 факты (2016 год – 127) парушэнняў у сферы незаконнага абароту алкагольнай прадукцыі. І ўсё ж, нягледзячы на шэраг мер, летась адзначыўся рост колькасці злачынстваў, учыненых у стане алкагольнага ап’янення, з 74 да 77.
На пастаяннай аснове ладзіцца работа па выяўленні фактаў продажу спіртных напояў непаўналетнім. На працягу мінулага года выяўлена 7 падобных правапарушэнняў. Сёння на прафілактычным уліку стаяць 33 непаўналетнія (2016 – 42). 15 з іх сталі аб’ектамі пільнай увагі праваахоўных органаў за ўжыванне спіртных напояў і 1 – за “цікаўнасць” да таксічных рэчываў.
Надзённай тэмай застаецца праблема працаўладкавання асоб з нязнятай і не пагашанай судзімасцю. Не адпавядае прад’яўленым патрабаванням работа міліцыянераў з гэтай катэгорыяй грамадзян. У 2017 годзе колькасць рецыдыўных злачынстваў вырасла са 103 да 109 фактаў. Палова выпадкаў адбылася ў сельскай мясцовасці.
На Валожыншчыне выяўлена 8 злачынстваў па лініі наркакантролю і процідзеяння гандлю людзьмі (2016 – 12). Толькі адно адносіцца да катэгорыі цяжкіх і асабліва цяжкіх (2016 – 4). Акрамя таго, выяўлены 4 злачынствы ў сферы маралі (2016 – 3). Каб іх станавілася менш, у сродках масавай інфармацыі, на інтэрнэт-сайтах асвятляюцца праблемы наркаманіі, ход барацьбы з незаконным абаротам наркатычных сродкаў, псіхатропных рэчываў і іх аналагаў. Там жа размяшчаецца і прафілактычная інфармацыя, у тым ліку і аб наступствах ужывання псіхактыўных рэчываў. На раённым радыё, у грамадскім транспарце, на інфармацыйным табло «Бягучы радок» у цэнтры горада размяшчаецца сацыяльная рэклама, прызваная скараціць колькасць прыкрых фактаў. У рамках Дня барацьбы з наркаманіяй і наркабізнесам установамі культуры сумесна з установамі адукацыі было праведзена 38 інфармацыйна-прапагандысцкіх мерапрыемстваў.
Наладжана шырокае інфармаванне грамадзян аб выніках барацьбы з карупцыяй, прапагандзе сацыяльнага непрымання праяў эканамічных злачынстваў. Матэрыялы размешчаны на афіцыйным сайце райвыканкама, 12 публікацый надрукаваны на старонках раённай газеты.
Адным з кірункаў папярэджання злачынстваў супраць дзяржавы і парадку з’яўляецца абсталяванне месцаў з масавым знаходжаннем грамадзян сістэмамі відэаназірання. Сёння на тэрыторыі раёна і непасрэдна самога Валожына налічваецца 281 падобны аб’ект. 39 відэакамер устаноўлены ў месцах масавага адпачынку.
У справаздачным перыядзе супрацоўнікі РАУС разам з іншымі суб’ектамі прафілактыкі правялі шэраг арганізацыйных і практычных мерапрыемстваў, накіраваных на далейшае ўмацаванне грамадскага парадку, папярэджанне і спыненне злачынстваў, дасягненне і развіццё станоўчых тэндэнцый у аператыўнай абстаноўцы на тэрыторыі раёна. Штотыдзень ладзіліся адпрацоўкі найбольш праблемных населеных пунктаў. З улікам спецыфікі раёна арганізавана работа ўчастковых інспектараў міліцыі і інспектараў па справах непаўналетніх у другую змену. У кожным сельскім і Івянецкім пасялковым савеце, а таксама ў райцэнтры функцыянуюць добраахвотныя дружыны, якія аказваюць актыўную дапамогу ў забеспячэнні правапарадку. І, трэба сказаць, робяць гэта дастаткова эфектыўна: члены добраахвотных дружын выявілі 26 правапарушэнняў.
Работнікі РАУС правялі 182 маніторынгі ўмоў захавання таварна-матэрыяльных каштоўнасцей у сельскагаспадарчых арганізацыях і ажыццявілі 546 праверак нясення службы вартавой аховай. Падчас рэйдаў выяўлены 23 вартаўнікі, якія знаходзіліся ў стане алкагольнага ап’янення на рабочым месцы ў рабочы час, а таксама выкрыта 13 выпадкаў адсутнасці вартаўнікоў на працы. Адначасова ўзмоцнены кантроль за прыняццем кіраўнікамі прадпрыемстваў і арганізацый мер па ліквідацыі названых недахопаў. Прадпрыемствы АПК набылі таксама 6 фотапастак, якія садзейнічаюць змякчэнню крымінагеннай абстаноўкі.
Для стабілізацыі сітуацыі ў галіне забеспячэння дарожнай бяспекі ў мінулым годзе супрацоўнікі райаддзела ўнутраных спраў кантралявалі найбольш аварыйныя ўчасткі аўтадарог М-6 і М-7. Выяўлена 1795 адміністрацыйных правапарушэнняў. Адначасова ў раёне зарэгістраваны 17 ДТЗ (2016 – 29), у якіх 7 чалавек загінулі, 16 – атрымалі раненні.
У выніку недастатковага кантролю з боку асобных кіраўнікоў прадпрыемстваў АПК за станам сваіх работнікаў выяўлена 7 фактаў (2016 – 27) кіравання транспартнымі сродкамі вадзіцелямі (механізатарамі) у стане алкагольнага ап’янення. За допуск да руля такіх людзей у раёне прыцягнуты да адказнасці 55 службовых асоб.
Па выніках даклада прадстаўнік УУС Мінаблвыканкама В. Л. Мурын крытычна заўважыў, што рост правапарушэнняў у некаторых сферах не дазваляе назваць сумесную работу суб'ектаў прафілактыкі эфектыўнай. Ён парэкамендаваў засяродзіць увагу на актывізацыі дзейнасці ў галіне прафілактыкі правапарушэнняў іншых зацікаўленых структур, а не толькі міліцыі. Такая работа павінна праводзіцца імі настойліва і няўхільна. Толькі тады будзе бачны дзейсны вынік.
Намеснік Дзяржаўнага сакратара Савета Бяспекі Беларусі А. А. Уцюрын адзначыў, што ўзровень злачыннасці хоць і адпавядае сярэднеабласному, але вышэйшы за агульнарэспубліканскі. А рост (са 107 да 115,8%) сведчыць аб яўнай недастатковасці прыкладаемых намаганняў у прафілактыцы, асобных ініцыятыў. У ліку дадзеных рэкамендацый – зрабіць большы ўпор на барацьбу з алкагалізацыяй насельніцтва на рабочых месцах, прычым не толькі кіраўніцтвам суб'ектаў гаспадарання, але і прафкамамі, больш адказна падыходзіць да стварэння добраахвотных пажарных дружын на прадпрыемствах, выкараняць фармалізм у рабоце і інш. Сакратарыят Савета Бяспекі прыняў рашэнне наладзіць за ўсімі гэтымі пытаннямі пільны маніторынг.
Наш кар.



