Пра ход кампаніі расказала старшыня Валожынскай раённай камісіі па выбарах у мясцовыя Саветы дэпутатаў дваццаць восьмага склікання Людміла Аляксандраўна МАХНІЦКАЯ:
– Адметнасцю сёлетніх выбараў можна лічыць высокі працэнт удзелу жыхароў раёна ў датэрміновым галасаванні. Гэтаму ў поўнай меры спрыяла і тое, што кандыдаты ў дэпутаты самі праяўлялі актыўнасць і ў час агітацыі шчыльна сустракаліся з электаратам, знаёміліся з патрэбамі і праблемамі людзей. Што да ўчасткаў, то яны ўсе былі гатовы зараней: памяшканні абсталяваны, устаноўлены спецыяльныя інфармацыйныя стэнды, упарадкаваны куткі выбаршчыка. Акрамя таго, былі строга выпрацаваны мерпрыемствы па пажарнай і грамадскай бяспецы, самі ўчасткі кругласутачна ахоўваліся.
Ход народнага волевыяўлення таксама не меў эксцэсаў, не паступала скаргаў і ад назіральнікаў. Калі казаць пра работу раённай камісіі, то цяпер наша задача – скрупулёзна апрацаваць атрыманыя з участкаў даныя і аператыўна перадаць звесткі ў Цэнтрвыбаркам. Віншую ўсіх з паспяховым завяршэннем галоўнай палітычнай падзеі бягучага года!
Гутарыў Сяргей САДОЎСКІ,
фота аўтара



