Упершыню раённая спартакіяда ветэранаў фізічнай культуры і спорту прайшла ў памяшканні новага фізкультурна-аздараўленчага комплексу, а таму ўключыла ў сябе і спаборніцтва па плаванні, чаго раней ніколі не было.
Падчас пастраення старшыня М. М. Рабцаў уручыў пасведчанні членаў Беларускага грамадскага аб'яднання "Ветэраны фізічнай культуры і спорту" М. Я. Мацюшка, А. Н. Цаюну, А. Л. Княжэвічу. Цяпер у раённай арганізацыі налічваюцца 55 чалавек, і яна з’яўляецца адной з самых масавых у Мінскай вобласці.
Большасць ветэранаў фізічнай культуры і спорту Валожыншчыны прынялі ўдзел у спартакіядзе, якая ўключыла ў сябе шэсць розных этапаў. Кожны з удзельнікаў стараўся паказаць найлепшыя вынікі. Было зразумела, што і ў паўсядзённым жыцці яны надаюць спорту вялікую ўвагу, падтрымлівавюць сваю фізічную форму.
У кожным відзе спаборніцтваў кампетэнтнае журы вызначыла пераможцаў. У дартсе лепшым сярод мужчын быў А. Н. Цаюн, сярод жанчын – Л. Д. Лысенка. У стральбе не было роўных В. С. Перапечу і В. М. Каваленка. У настольным тэнісе самага добрага выніку дасягнуў А. У. Лях.
З вялікай ахвотай спартсмены наведаліся ў басейн. Па плаванні лепшыя вынікі сярод мужчын у сваіх узроставых катэгорыях паказалі Г. А. Жалток, М. І. Мартуновіч і В. В. Ажарэльеў, а сярод жанчын – Л. Д. Лысенка і Г. Г. Іода.
Напрыканцы ветэранам фізічнай культуры і спорту давялося пазмагацца ў такіх інтэлектуальных гульнях, як рускія шашкі і шахматы. У іх пераможцамі сталі М. І. Шыян і В. В. Косік адпаведна.
Падчас спартакіяды панаваў не толькі дух саперніцтва, але і адчуванне, што разам сабраліся блізкія людзі, гатовыя падтрымаць і прыйсці на дапамогу адзін аднаму. Кожны з удзельнікаў атрымаў зарад бадзёрасці і шмат станоўчых эмоцый.
Анжэла РАДЫНА,
фота аўтара



