Кіраўнік раёна пабываў на суботніку ў радавой сядзібе знакамітага мастака Фердынанда Рушчыца ў Багданаве. Мікалай Анатольевіч сустрэўся з унукам нашага таленавітага земляка, які спецыяльна прыехаў з Варшавы, каб прыняць удзел у добраўпарадкаванні малой радзімы свойго прашчура.
У суботніку таксама ўдзельнічаў прадстаўнік Міністэрства культуры Рэспублікі Польшча Цэзар Карпіньскі. Далучыліся да навядзення парадку на рэштках сядзібы і супрацоўнікі Нацыянальнага мастацкага музея на чале з генеральным дырэктарам Уладзімірам Іванавічам Пракапцовым, работнікі культуры Валожыншчыны. Нашым чытачам ужо вядома з ранейшых публікацый, што ўнук Рушчыца, таксама Фердынанд, які доўгі час працаваў у сферы культуры, а цяпер узначальвае фонд “NecMergitur”, мае намер аднавіць радавое гняздо, ад якога цяпер засталіся рэшткі парку, фундаменты некаторых будынкаў і сямейныя могілкі. Гэту падзею вырашана прымеркаваць да святкавання 150-годдзя мастака, якое адбудзецца ў 2020 годзе. Да гэтага моманту таксама будзе праведзены шэраг мерапрыемстваў як у Беларусі, так і ў Польшчы. Да прыкладу, плануецца выданне дзённікаў мастака з перакладам на беларускую і англійскую мовы, стварэнне музея на базе Багданаўскага аддзялення Вішнеўскай ДШМ, які мае рэальны шанц стаць яшчэ адным аб’ектам культурнага турызму ў раёне, а таксама шмат іншых цікавых момантаў.
«Вызначыць заказчыка работ, вывесці землі з сельгасабароту – гэта першачарговыя задачы, – зазначыў у размове са старшынёй раённага выканаўчага камітэта ўнук Фердынанда Рушчыца. – Чым хутчэй, тым раней мы пачнем шукаць спонсараў рэканструкцыі. Сёння ж я шчыра ўдзячны ўсім, хто ўдзельнічае ў гістарычнай падзеі. Дзясяткі чалавек працуюць на месцы легендарнай сядзібы, і гэта рэальная дапамога, рэальная справа».
Вядомыя літаратары Беларусі, нашы землякі, у дзень суботніка завіталі на радзіму вялікага паэта, драматурга, тэатральнага дзеяча і асветніка Вінцэнта Іванавіча Дуніна-Марцінкевіча
Ушанаваць памяць свайго калегі са сталіцы прыехалі паэт, празаік, перакладчык, галоўны рэдактар выдавецтва “Мастацкая літаратура” Віктар Анатольевіч ШНІП, акадэмік Нацыянальнай Акадэміі Навук Беларусі, доктар філалагічных навук, прафесар, старшыня Беларускага камітэта славістаў Аляксандр Аляксандравіч ЛУКАШАНЕЦ, археограф, пісьменнік, літаратуразнаўца, кандыдат філалагічных навук Язэп Язэпавіч ЯНУШКЕВІЧ. Разам з кіраўніком народнага літаратурна-мастацкага аб’яднання “Рунь”, паэтэсай, членам Саюза пісьменнікаў Беларусі Валянцінай Францаўнай ГІРУЦЬ-РУСАКЕВІЧ і работнікамі РЦК яны ўпарадкавалі магілу В. І. Дуніна-Марцінкевіча, які пахаваны на могілках у фальварку Тупальшчына. Пасля наведалі вёску Малая Люцінка і прыбралі месца, дзе захаваўся падмурак дома – тут 44 гады жыў і працаваў класік беларускай літаратуры.
Паводле папярэдніх даных, у Рэспубліканскім суботніку на Валожыншчыне паўдзельнічалі 7810 чалавек, у т. л. 1010 прыцягнутых асоб. Налічана для пералічэння 27,8 тыс. руб. Аб’ём вытворчасці прамысловай прадукцыі – 7,4 тыс. руб., аб’ём выкананых падрадных работ – 3,3 тыс. руб.
Над матэрыяламіпрацавалі
СяргейСАДОЎСКІ,Алена ЗАЛЕСКАЯ



